Дзіўны аповед марскога Капітана - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзіўны аповед марскога Капітана
Дзіўны аповед марскога Капітана
Колькі на свеце вялікіх гарадоў! А колькі цікавага можна ўбачыць, пабываўшы ў іх! У горадзе, дзе я жыву, ёсць вялікае прыгожае возера. З усіх бакоў яно абкружана старым паркам. Тут гуляюць маладыя мамы і таты са сваімі маленькімі дзецьмі. Людзі кормяць качак і белакрылых чаек. А потым падыходзяць да прычала, дзе стаіць прагулачны карабель, і катаюцца на ім па ўсім возеры.      Прагулачны карабель на возеры з'явіўся нядаўна. У яго ёсць Капітан і каманда з некалькіх матросаў. На караблі заўсёды гучыць прыгожая музыка, і раздзімаецца сцяг нашай краіны. Мне падабаецца гэты карабель, і я з задавальненнем пракацілася на ім, вось толькі пагаварыць з Капітанам мне не давялося.
     Аднойчы, назіраючы, як па возеры плыве гэты невялікі карабель, я пачула цікаўную гутарку сарок-трашчотак, якія паселі на верхавіны дрэў, пад якімі на лавачцы ў гэты час сядзела я.
     Надвор'е было цудоўнцым. Пачатак верасня. З дрэў яшчэ толькі пачалі ападаць першыя пажоўклыя лісточкі. На блакітным небе самалёты крэслілі белыя пухнатыя дарожкі. А птушкі глядзелі на прагулачны карабель і трашчалі, не змаўкаючы. Я прыслухалася.
     Адна Сарока казала:
     – Цікаўны карабель. Вы бачыце, яго Капітан ужо не малады. Чайкі, якія прыляцелі сюды з паўднёвых краёў, адразу ж пазналі яго. Кажуць, ён раней быў Капітанам велізарнага акіянскага лайнера і плаваў па морах і акіянах. Гэты чалавек бачыў шмат цікавага ў сваім жыцці, толькі нікому не распавядае пра гэта.
     Пачуўшы такую цікаўную гутарку, я захацела падрабязней даведацца пра лёс Капітана прагулачнага карабля. А дапамаглі мне ў гэтым дзеці. У адзін выдатны восеньскі дзень настаўніцы пачатковых класаў прывялі дзяцей з размешчанай непадалёку ад возера школы на шпацыр у парк. Дзеці ўбачылі карабель і захацелі пакатацца на ім. Падышоўшы бліжэй, яны заўважылі Капітана карабля і абкружылі яго, з цікавасцю паглядваючы на яго форму і капітанскую фуражку. І гэта не дзіўна. У горадзе, дзе няма суднаходнай ракі, маракі і капітаны – вялікая рэдкасць. Дзеці засыпалі Капітана пытаннямі:
     – Скажыце! А Вы калі-небудзь плавалі ў сапраўдным моры?
     – Вядома! Яшчэ колькі разоў! Тады я быў маладзейшым і мацнейшым, чым цяпер, – усміхаўся Капітан.
     Дзеці глядзелі на яго. Магчыма, камусьці ён нагадаў роднага дзядулю, але Капітан быў бадзёрым і зусім непадобным на слабога старога.
     – Раней, – працягваў Капітан прагулачнага карабля, – я служыў Капітанам вялікага акіянскага лайнера. З дружнай камандай матросаў мы плавалі ў водах акіянаў і мораў, заходзілі ў парты вялікіх гарадоў. Вось толькі мы дрэнна разумелі мовы, на якіх размаўлялі мясцовыя людзі, бо гэта былі незнаёмыя нам далёкія краіны. І таму пагаварыць з жыхарамі гэтых краін нам даводзілася вельмі рэдка. У адным з вандраванняў у Аўстралію мы пабывалі на дзіўным востраве, дзе жылі толькі малпы і папугаі. Цікава тое, што ў малп таксама быў свой уласны карабель, і яны ўмелі кіраваць ім. А яшчэ мы змаглі з імі пагаварыць. Адзін незвычайна разумны папугай разумеў нас. Ёе перакладаў усе словы на малпіну мову і наадварот. Малпы на гэтым востраве вельмі разумныя.
     – Дзе ж знаходзіцца такі востраў? – спыталі дзеці.
     – Каля берагоў Афрыкі. Адна малпа па імені Чыкі-Таві так пасябравала з нашымі маракамі, што мы забралі яе з сабой на карабель. Яна плыла з намі да самай Аўстраліі. Але па дарозе назад, ізноў знаходзячыся ля берагоў Афрыкі, мы падплылі да гэтага вострава і высадзілі Чыкі-Таві на бераг.
     Капітан скончыў свой аповед. Дзеці са здзіўленнем пераглядваліся. Яны не ведалі, ці верыць усяму, пра што казаў стары Капітан, ці не. Пакатаўшы дзяцей уздоўж берагоў гарадскога возера, маленькі карабель вярнуўся да свайго прычала.
     Дзеці выйшлі на бераг, аднак не спяшаліся ісці дахаты. Яны глядзелі на прагулачны карабель, на яго сівога Капітана і думалі пра тое, што калі-небудзь паплывуць, але толькі на вялікім акіянскім лайнеры ў далёкае вандраванне, каб пабываць у дзіўных месцах нашай планеты.
     І хто ведае, можа быць, камусьці з іх пашчасціць стаць такім жа ўдачлівым капітанам, як гэты дзядуля.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
3.08.17