Апошнія дні сыходзячага лета
Канчалася лета. І хаця днём яшчэ было даволі цёпла, Лена стала заўважаць, што раніцой ужо халаднавата, а лістота на дрэвах пачынае жоўкнуць і ападаць. "Як шкада, што толькі адзін тыдзень застаўся да школы", – уздыхала дзяўчынка. Сшыткі, ручкі і ўсё, што трэба для вучобы, яны з братам Колькам ужо прыгатавалі. Лене засталося дачытаць кнігу са школьнага задання на лета.
У апошнія выхадныя дні школьных канікулаў тата прапанаваў дзецям з'ездзіць у лес па грыбы. Брат з сястрой з задавальненнем прынялі гэтую прапанову. На досвітку дружнае сямейства адправілася на машыне ў лес. Тата ведаў грыбныя месцы. Ён прывёз дзяцей у прыгожы бярозавы гай. Узброіўшыся маленькімі ножыкамі і кошыкамі, яны пайшлі на пошукі грыбоў.Вядома ж, першы падбярозавік быў татаў, потым Коля зрэзаў махавік. Лена таксама знайшла некалькі прыгожых маладзенькіх сыраежак. Паступова грыбнікі спазналі смак і сабралі поўныя кошыкі выдатных грыбоў. Стаміліся. Прыселі на паваленае бурай дрэва, каб трохі адпачыць і перакусіць.
Лена агледзелася. Яна звярнула ўвагу на цудоўную незвычайна яркую лясную прыгажосць. Залатая восень вельмі нясмела, але ўсё-такі рыхтавалася да ўваходжання ў свае правы. Яна злёгку падфарбавала золатам і чырванню ўборы асін, ясеняў, ліп і дубоў. Аднак белыя бярозкі на пагорку па-ранейшаму красаваліся ў летніх далікатна-зялёных сукенках. З дрэў на траву то тут, то там ападала першае жоўклае лісце. Звонкага летняга рознагалосся птушак амаль зусім не было чуваць. "Напэўна, пералётныя птушкі рыхтуюцца да адлёту на поўдзень", – падумала Лена.
Коля першым заўважыў у высокай траве вожыка. Гэты палахлівец, адчуўшы паблізу незнаёмцаў, шастаў, пырхаў і імкнуўся хутчэй уцячы далей ад людзей. Але дзеці непрыкметна падкраліся да яго, жадаючы лепей разгледзець калючага жыхара лесу.
– Што гэта ў яго на спіне? – ціхенька прашаптаў брат.
І тут Лена з Коляй зразумелі – на сваіх іголках вожык цягне грыб-падбярозавік!
– Вось і ён запасіцца! – пасмяяліся дзеці.
– Вядома, – растлумачыў тата. – Звяры і птушкі абавязкова робяць сабе запасы на зіму. Ім яшчэ складаней, чым людзям. У краму не сходзіш, і нічога адтуль не прынясеш. Калі загадзя не паклапоцішся, будзеш узімку галадаць. Але вожыкі не ядуць грыбы. Магчыма, гэты грыб выпадкова патрапіў да яго на спіну. З восені да вясны вожыкі спяць. Так, так! – тата хітра паглядзеў на дзяцей. – Вожыкі, як і мядзведзі, упадаюць у зімовую спячку.
– А я ведала пра гэта, – усміхнулася Лена, назіраючы, як ад яе ўцякае вожык.
– Глядзіце, глядзіце! – Коля паказаў на высокую елку. – Вавёрка!
– Якая прыгажуня! – тата ўслед за сынам з цікаўнасцю разглядаў доўгахвостую. – І яна, мабыць, ужо робіць запасы на зіму. Сарвала шышку і ў дупло панесла.
А Лена задуменна глядзела на лясны цуд, які абкружыў яе з усіх бакоў.. "Як добра, – разважала яна, – што наш лес можа накарміць звяроў і птушак, тых, хто застаецца ў ім на халодную зіму".
Вось такой запомнілася дзецям гэтая паездка ў лес у апошнія дні сыходзячага лета.
Малюнак Галіны Польняк
Гэты аповед на рускай мове
2.08.17
