Зорачкі нябеснага Бэзу
Калісьці ў даўнія часы на небе не было зорак. У космасе за мільёны кіламетраў адна ад адной лёталі планеты – вялікія і маленькія. Толькі яны не маглі зіхацець і былі падобныя на звычайныя круглыя мячыкі.
І тады Галоўны Мастак Сусвету вырашыў, што цёмнае касмічнае неба трэба ўпрыгожыць яркімі зіхатлівымі зоркамі. Імі будуць любавацца, пра іх будуць складаць чароўныя казкі. Галоўны Мастак запрасіў у сваю касмічную студыю самых лепшых нябесных мастакоў і распавёў ім пра сваю задумку.Неўзабаве пасля гэтай гутаркі на небасхіле пачалі з'яўляцца яркія зорачкі. Яны выпраменьвалі чароўнае ззянне, таму што іх з любоўю і натхненнем стваралі таленавітыя мастакі. Кожны раз, калі на небе запальвалася новая зорка, Галоўны Мастак паказваў яе сваім маленькім вучням, якія толькі яшчэ вучыліся гэтаму рамяству ў Мастацкай школе Сусвету.
– Мы таксама жадаем маляваць на небе зоркі! – казалі яны яму.
– Не, вы яшчэ малыя і ў вас няма досведу для такой важнай справы, – адказваў настаўнік.
Але дзеці кожны раз, любуючыся на новую зорку, настойліва ўпрошвалі яго дазволіць ім намаляваць зорачкі. Нарэшце Галоўны Мастак пагадзіўся.
– Добра, я дазволю вам патрэніравацца, малюйце, але толькі не на чорным небасхіле, а на найтанчэйшых серабрыстых аблоках. Потым я ацаню вашу працу, – сказаў ён вучням.
Пачуўшы гэтыя словы, будучыя мастакі з велізарным натхненнем пачалі маляваць на пёрыстых аблоках нябеснымі фарбамі свае першыя ў жыцці зорачкі! Але ад залішняга старання іх малюнкі хутчэй нагадвалі не нябесныя зоркі, а маленечкія кветачкі з чатырма пялёсткамі, размаляванымі ў фіялетавы, ружаваты, блакітны, ліловы альбо белы колер.
– Што ж гэта такое! – раскрытыкаваў працу малалетніх вучняў настаўнік. – Паглядзіце на свае аблокі! Цяпер яны падобныя на кветнікі!
А зорачкі дзяцей, пачуўшы такія крыўдныя словы, вельмі засмуціліся. Яны ўжо палічылі сябе сапраўднымі зоркамі і збіраліся ўзляцець на касмічны небасхіл! Вось толькі Галоўны Мастак Сусвету не дазволіў ім гэта зрабіць.
– Лепш ляціце на Зямлю і сяліцеся ў яе садах. Людзі будуць вамі любавацца і ўдыхаць водар нябесных фарбаў, – прапанаваў ён будучым зямным кветкам.
Галоўны нябесны Мастак не проста так гэта казаў. Вядома, што ўсе нябесныя фарбы дзівосна пахнуць, а на Зямлі прыемныя пахі нябесных фарбаў будуць яшчэ мацнейшыя!
З тых даўніх часоў ва ўсіх кутках нашай планеты з'явіліся нябесныя кветкі. Іх называюць Бэзам. Увесну ў парках і садах на кустах Бэзу распускаюцца пахкія гронкі фіялетавага, ружаватага, ліловага, блакітнаватага і белага колеру. Яны абсыпаны малюсенькімі кветачкамі, вельмі падобнымі на нябесныя зорачкі. Кожная кветачка-зорачка мае чатыры пялёсткі-праменьчыкі. А калі хтосьці адшукае на галінцы Бэзу кветачку з пяццю пялёсткамі, дык ведайце, вось гэта і ёсць сапраўдная нябесная Зорачка! Ёй вельмі захацелася пажыць на Зямлі, таму падчас цвіцення садоў яна ператварылася ў маленечкую духмяную кветачку і пасялілася на галінцы нябеснага Бэзу.
А Вы, дзеці, можа яшчэ штосьці ведаеце пра гэтую чароўную Зорачку з пяццю пялёсткамі-праменьчыкамі?
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
24.05.17