Дапытлівая Пчолка (чытае Ліка Пташук)
Ты, мой маленькі дружа, ужо магчыла бачыў, як спрытна мама ці бабуля з тонкіх нітак вяжа табе капялюшык, шалік ці шкарпэткі. Маленькія павучкі таксама вельмі добра ўмеюць плесці свае карункі, толькі не з нітак, а са звыштонкай павуцінкі. Вось пра такога павучка, толькі не добрага, а сапраўднага гарэзы, я зараз распавяду табе казачку. На невялікім астраўку ў сярэдзіне вузкай рэчкі жыў Злы Павук. У яго не было ні сяброў, ні ворагаў. А непадалёку, на беразе рэчкі, пасяліліся дзікія пчолы ў дупле старой хвоі. Яны зрабілі там вулей. Туды пчолы прыносілі нектар. Яго ім аддавалі палявыя і лугавыя кветкі. З нектару атрымліваўся смачны мёд, якім дарослыя пчолкі кармілі сваіх маленькіх дзетак.
Аднойчы адна вельмі дапытлівая Пчолка вырашыла злятаць на той самы астравок, які яна бачыла з вулля. Пчолка спадзявалася, што там яна зможа адшукаць больш пахкія кветкі. Пчолка хуценька пераляцела праз рэчку і апынулася на зялёным лузе, абсыпаным яркімі духмянымі палявымі кветкамі. Але, як толькі Пчолка падляцела да першай кветкі, яна пачула нечы гучны плач.
– Хто тут так плача? – спытала Пчолка.
– Я! – усклікнула Мушка. – Добрая Пчолка, калі ласка, вызвалі мяне з палону!
Пчолка падляцела да куста маліны і ўбачыла Мушку, моцна перавязаную тонкімі, аднак вельмі трывалымі нітачкамі павуцінкі. Няшчасная Мушка не магла ляцець. Хтосьці аблытаў яе крылцы з усіх бакоў павуціннем і прывязаў да галінкі маліны.
– Хто ж гэты ліхадзей? – спытала Пчолка.
– Злы Павук! Ён цяпер там, за дрэвамі, спіць у сваім гамаку з неверагодна трывалага павуціння! – разам усклікнулі раззлаваныя кветкі.
– Спіць? – перапытала Пчолка. – Калі так, то я паспею цябе вызваліць, – сказала яна Мушцы. – Я ўмею распускаць сплеценае павуцінне.
Кемлівая Пчолка схапіла лапкамі павуцінне за адзін канец і злёгку пацягнула яго да сябе. Павуцінне тут жа пачало распускацца. Пчолка толькі паспявала змотваць яго ў клубок.
Мой дарагі дружа! Усё гэта было вельмі падобна на тое, як твая бабуля ці мама часам распускаюць старую звязаную пражу.
Разумная Пчолка вельмі хутка распусціла ўсё сплеценае Злым Павуком павуцінне і зматала яго ў клубок. Тым самым яна вызваліла з палону Мушку!
– А зараз ляцім хутчэй з гэтага астраўка! Злы Павук прачнецца і можа схапіць нас, каб аблытаць павуціннем, – сказала Пчолка Мушцы.
– У мяне баліць крылца, – пажалілася Мушка. – Яго моцна скамячыў Злы Павук.
– Вось як! – успудзілася Пчолка. – Тады ж садзіся на мяне, я давязу цябе да берага астраўка. А там спляту для цябе мост праз рэчку з гэтай трывалай павуцінкі.
Неверагодна! Пчолка дзесьці навучылася вязаць! Яна хутка спляла доўгі лёгкі мост з павуціння Злога Павука і перакінула яго праз раку. А як толькі Мушка перабралася па ім на іншы бераг, Пчолка ўмомант распусціла сваё вязанне і зматала павуцінавыя ніткі ў клубок. Вось якая разумная майстрыха Пчолка! Злы Павук прыбег да берага, аднак перабрацца праз раку не змог, бо яго трывалае павуцінне засталося ў Пчолкі…
Запаслівая Пчолка прынесла клубок павуцінавых нітак у вулей і паклала яго ў каморку. На ўсякі выпадак. Можа яшчэ калі-небудзь гэта звышмоцнае тонкае павуцінне спатрэбіцца для іншай добрай справы. А Злому Павуку будзе навука! Хай не крыўдзіць безабаронных мушак. Калі не ўмее сябраваць па-сапраўднаму, то ўсё жыццё так і пражыве ў поўнай адзіноце на маленькім незаселеным астраўку.
А зараз, мой дружа, я распавяду табе, дзе і як кемлівая Пчолка навучылася плесці і распускаць павуцінку. Аказваецца, на свеце жывуць вельмі дапытлівыя стварэнні. І гэта не толькі дзеці, а таксама казуркі, птушкі і звяры. Вось і наша Пчолка аказалася такая самая (з іх ліку).
У дзяцінстве яна ўсім цікавілася. Хутка навучылася збіраць нектар і прыносіць яго ў вулей. Нават накарміць маленькіх пчаліных дзетак, якія яшчэ не ўмеюць лётаць і спяць у ложачках з воску ў вялікай хаце-вулеі, Пчолка таксама зможа.
Неяк на пачатку восені, калі ў вулеі было сабрана досыць мёду на ўсю халодную і галодную зіму, Пчолка паляцела на шпацыр у лес проста так, без справы. Яна любавалася жоўтымі лісцікамі і нітачкамі-павуцінкамі, якія, быццам маленькія ветразі, ганяў паміж дрэвамі гарэзлівы Ветрык.
Добры Павучок сядзеў на галінцы рабіны і плёў гэтыя лёгкія павуцінкі, а потым адпускаў іх у палёт па лесе.
– Добры Павучок, навучы мяне плесці павуцінкі! – папрасіла Пчолка.
– Калі ласка! – пагадзіўся той. – Я нават навучу цябе іх распускаць і змотваць у клубочак. – Глядзі, як гэта робіцца!
Добры Павучок, усміхаючыся і жартуючы, хутка навучыў Пчолку свайму рамяству. Абрадаваная Пчолка падзякавала Добраму Павучку і паляцела дахаты паказваць сваім сяброўкам, пчолкам, новае ўменне.
– Якая ты дапытлівая! – пахвалілі яе пчолкі. – Толькі навошта табе гэта ўмець?
– Навошта? Не ведаю, – адказала Пчолка. – Можа мне гэтыя веды калі-небудзь спатрэбяцца, і я змагу каму-небудзь дапамагчы.
Усё так і выйшла. Пчолка дапамагла Мушцы, таму што ўмела распускаць і плесці тонкую павуцінку. Вось так і ты, мой маленькі дружа, зможаш дапамагчы сваім родным ці сябрам, калі навучышся якой-небудзь патрэбнай для ўсіх справе. А якому рамяству табе хочацца навучыцца, вырашай сам.
Гэтая казка на рускай мове
19.05.17