Пасляваенная гісторыя Мінска (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пасляваенная гісторыя Мінска (аповед)
Пасляваенная гісторыя Мінска (аповед)
Старэйшая сястрычка паказвала браціку, як складаць хатку з кубікаў. Вось – прыгожая хатка, вось – магазін. Цікава! А вы, дзеці, якія жывяце ў вялікіх гарадах, ведаеце, з чаго пабудаваны ваш дом ці суседнія дамы на вуліцы? Не? Ці ведаеце зусім мала?      Сучасныя дамы будуюць з жалезабетону, шкла, металу і іншых матэрыялаў. Але ў тыя далёкія гады, калі немцы разбурылі нашы вялікія гарады, аднавіць іх хутка было вельмі складана. А людзі жадалі хутчэй засяліцца ў новыя кватэры, каб доўга не жыць у палатках альбо халодных бараках. І тады да іх на дапамогу прыйшла сама Зямля з яе запасамі гліны, пяску і мелу, з якіх можна зрабіць цэглу. Вось чаму перш за ўсё ў разбураных падчас вайны гарадах будавалі цагельні. Давайце ўявім сабе тое далёкае для нас жыццё ў разбураным вайной горадзе на прыкладзе майго роднага горада Мінска.
     Пасля вызвалення ад немцаў улетку 1944 года ўвесь Мінск стаяў у руінах і папялішчах. Большасць будынкаў было цалкам разбурана. Пры адступленні немцы не паспелі падарваць толькі некалькі найпрыгожых будынкаў, пабудаваных перад самай вайной. Гэтыя будынкі яны выкарыстоўвалі для сваіх мэт: Тэатр оперы і балета, Дом афіцэраў, Акадэмія навук, Дом урада і некаторыя іншыя будынкі.
     У першую чаргу ў вызваленым горадзе людзі аднавілі старую даваенную цагельню, бо яна была неабходна для будаўніцтва новых дамоў. Завадскія печы працавалі і днём, і ўначы. У іх бесперапынку абпальвалі цэглу з чырвонай гліны, а потым яе везлі на гарадскія будоўлі. І, быццам хлеб на дражджах, на вычышчаных ад смецця і мін вуліцах вырасталі новыя будынкі.
     Жыхары горада, усе, хто мог, працавалі над аднаўленнем з попелу роднага горада. Як радасна было засяляцца ў пабудаваныя сваімі рукамі кватэры! У дапамогу першай цагельні будаваліся новыя. Для грандыёзных будоўляў, якія вяліся ва ўсіх кутках Мінска, патрабавалася вельмі шмат цэглы і іншых будаўнічых матэрыялаў.
     Неўзабаве аднавілі Вялікі тэатр оперы і балета. І жыхары горада ўжо маглі прыходзіць на спектаклі, каб убачыць выступленні знакамітых артыстаў. Ва ўезду ў Мінск, побач з чыгуначным вакзалам, выраслі "Мінскія вароты" – два высокіх жылых дома-вежы з вялікім гадзіннікам. На Круглай плошчы, зараз яна завецца плошчай Перамогі, узвялі манумент-абеліск у памяць аб войнах-вызваліцелях, падпольшчыках і партызанах, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. З той далёкай пары на плошчы поруч падмурка абеліска гарыць Вечны агонь. Гэта даніна памяці тым людзям, хто не пашкадаваў свайго жыцця ў імя шчасця будучых пакаленняў.
     Таленавітыя архітэктары з розных куткоў Савецкага Саюза працавалі над тым, каб зрабіць Мінск прыгажэйшым за старога знішчанага ворагам. Адзін за адным вырасталі новыя дамы на галоўным гарадскім праспекце імя Сталіна, цяпер праспекце Незалежнасці.
     Жыхары Мінска клапаціліся і пра тое, каб іх горад стаў зялёным і ўтульным, такім, якім ён быў да вайны, бо шматлікія дрэвы загінулі ад бамбёжак і пажараў. Людзі не шкадавалі свайго вольнага часу і сілы. У выхадныя дні яны высаджвалі дрэвы і кусты побач з дамамі, у якіх жылі. У горадзе ствараліся будучыя зялёныя скверы і бульвары, новыя паркі.
     Дзеці! Паглядзіце, які зялёны наш горад Мінск! І ўсё таму, што вашы прадзяды і прабабулі, у той час яшчэ не старыя людзі, клапаціліся аб тым, каб іх дзеці, унукі і праўнукі змаглі адпачыць і пагуляць у цяністых парках і скверах праз некалькі дзясяткаў гадоў, калі маладзенькія дрэўцы ператворацца ў высокія станістыя дрэвы. Людзі, якія перажылі страшную вайну, голад, холад ваенных гадоў, думалі аб нас, сваіх нашчадках. Яны рабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб нам жылося шчаслівей, чым давялося жыць ім.
     У тыя першыя пасляваенныя гады ў горадзе будаваліся не толькі жылыя дамы. Адкрываліся новыя прадуктовыя і прамтаварные магазіны, кнігарні, цырульні, палацы культуры, кінатэатры, бібліятэкі для дарослых і дзяцей, тэатры, музеі. Музей Вялікай Айчыннай вайны пачаў стварацца адразу пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе. Людзі прыносілі ў музей ваенныя экспанаты і звесткі аб подзвігах савецкага народа. У цэнтры горада пабудавалі Галоўпаштамт, ГУМ, кінатэатры "Перамога", "Цэнтральны", "Зорка", "Піянер", "Камсамолец" і іншыя, Палац культуры прафсаюзаў, стадыён Дынама. Дарослыя разам з дзецьмі аднавілі разбураны немцамі Палац піянераў і школьнікаў. У дзіцячым парку імя Горкага адкрылі кола агляду і іншыя дзіцячыя атракцыёны, пабудавалі Планетарый. У парку Чалюскінцаў з'явілася Дзіцячая чыгунка.
     У горадзе нараджалася шмат дзяцей. Для іх будавалі дзіцячыя сады і яслі, новыя школы, за горадам – піянерскія лагеры, дамы адпачынку і санаторыі. Для таго, каб пасля заканчэння школы малады чалавек мог атрымаць цікавую працу, яму трэба было дзесьці навучыцца абранай прафесіі. Таму для дзяцей адкрывалі розныя вучылішчы, тэхнікумы, інстытуты, аднавілі разбураныя карпусы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў да вайны. Дарослыя людзі з вышэйшай адукацыяй сталі тымі, хто змог навучаць дзяцей у агульнаадукацыйных і музычных школах, інстытутах і тэхнікумах. А ў нанова адбудаваных інстытутах Беларускай акадэміі навук знакамітыя навукоўцы змаглі аднавіць сваю навуковую працу на карысць Радзімы.
     Але мы яшчэ нічога не сказалі пра заводы і фабрыкі. Іх будавалася нямала ва ўсіх кутках горада. Гэта знакамітыя Трактарны і Аўтамабільны заводы, Танкасуконны камбінат, Гадзіннікавы завод, Радыёзавод, завод Вылічальнай тэхнікі, хлебныя, малочныя, мясныя заводы і шматлікія іншыя заводы.
     У першыя пасляваенныя гады змучаным вайной людзям, уся маёмасць якіх знікла, трэба было ў штосьці апранацца, чымсьці харчавацца для таго, каб добра вучыцца і працаваць. У магазінах паступова з'яўляліся патрэбныя рэчы: адзежа, мэбля, посуд, канцылярскія прылады, спартыўныя тавары, радыёпрыёмнікі, тэлевізары.
     Пра дзіцячыя цацкі мы таксама пагаворым. У малышоў, якія нарадзіліся адразу пасля вайны, не было такіх цацак, якія ёсць у сучасных дзяцей. Дзяўчынкі гулялі з анучнымі лялькамі, у якіх была пластмасавай толькі галава, і, вядома ж, не было прыгожай сукеначкі. А хлопчыкі самі выстругвалі для сябе з дрэва самаробныя машынкі і пісталеты. Вось чаму гораду патрэбна была цацачная фабрыка. І яе пабудавалі!
     Колькі ж усяго стварылі жыхары Мінска ў тыя далёкія гады, нам не злічыць! Колькі вырасцілі прыгожых кветак, засадзілі імі кветнікаў, колькі заасфальтавалі новых і старых вуліц горада, аднавілі і пабудавалі мастоў.
     Наш горад рос і абнаўляўся! Зараз жа ён нашмат больш таго старога даваеннага горада. Увесь час пасля заканчэння вайны ў Мінску з'яўляліся новыя вуліцы і бульвары, праспекты і плошчы. Многія вуліцы носяць імёны герояў вайны. Ва ўсіх канцах горада, там, дзе раней былі палі і лугі, вырасталі новыя жылыя мікрараёны з прыгожымі шматпавярховымі будынкамі, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. А калі колькасць жыхароў дасягнула аднаго мільёна, у горадзе пачалі будаваць мятро. Старыя трамваі, аўтобусы і тралейбусы паступова замянялі на больш сучасныя, адкрывалі новыя маршруты руху гарадскога транспарта.
     Вось такі ён, горад Мінск! У ім шмат гасцініц і спартіўных збудаванняў. Турысты любяць прыязджаць у Беларусь, яны з задавальненнем наведваюць горад, хваляць яго за акуратнасць і прыгажосць. Дзякуючы велізарнай самаадданай працы тысяч людзей наш горад адноўлены, расце і прыгажэе.
     Жыхары горада імкнуцца захаваць для нашчадкаў уцалелыя старадаўнія будынкі, аднаўляюць іх. Цяпер цэнтр горада ўпрыгожваюць нанова адбудаваныя дамы Траецкага прадмесця, Верхняга і Ніжняга горада. А мы, сучасныя жыхары старажытнага вельмі прыгожага горада будзем берагчы яго, захоўваць і верыць у тое, што больш ніколі ніхто не разбурыць усё тое, што стварылі за шмат гадоў на спапялёным страшнай вайной месцы тысячы і тысячы моцных добрых блаславёных людскіх сэрцаў і рук.
     
      Гэты аповед на рускай мове
16.05.17