Казка - Няўрымслівы зорны Мячык - - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Казка - Няўрымслівы зорны Мячык -
Казка - Няўрымслівы зорны Мячык -
У вялікай гарадской краме прадавалі дзіцячыя цацкі. Якіх толькі цацак тут не было! Лялькі, машынкі, плюшавыя мядзведзі, сабачкі, коцікі, нават вялікія львы і тыгры. Увогуле, усе гэтыя цацкі нават немагчыма было пералічыць. У кутку сядзела цацачная Малпа шакаладнага колеру. Ёй ужо надакучыла там сядзець, і яна цішком размаўляла з ружовым Слонікам, які стаяў побач з ёй на паліцы. А недалёка ад іх на іншай паліцы ляжалі мячы. Яны былі самыя розныя: вялікія і маленькія, чорныя і белыя, блакітныя і зялёныя, у палосачку і ў клетачку. Самым прыгожым сярод іх здаваўся невялікі ярка-чырвоны Мячык. На ім былі намаляваныя срэбныя зорачкі, якія пераліваліся разнастайнымі колерамі. Мячыкам любаваліся ўсе цацкі ў краме, яны ласкава звалі яго Зорачкай.      Пакупнікі часцей за ўсё куплялі лялькі, канструктары і машынкі. Мячык, хоць ён і быў такі прыгожы, чамусьці ніхто не купляў. А яму так хацелася выбрацца з крамы на свежае паветра, каб лепей разглядзець сонца і неба, якія ледзь-ледзь былі бачныя з акна крамы!
     Аднойчы, ён не вытрымаў і ўцёк, дакладней, непрыкметна пакаціўся ў адчыненыя дзверы на вуліцу. Цацак у краме было вельмі шмат, таму згубы ніхто і не заўважыў. Апынуўшыся на волі, Мячык так узрадаваўся, што падскочыў высока-высока і паляцеў у неба! Зорны Мячык вельмі спужаўся, бо ён не чакаў, што здолее так высока падскочыць і нават паляцець.
     Пухнатая белая Аблачына ласкава супакоіла яго:
     – Не бойся, далёка не паляціш. Ты ж – Мячык, а не Зорачка, тая, што свеціць у небе.
     І сапраўды, Мячык адразу ж стаў паволі падаць уніз да зямлі.
     Унізе ён заўважыў зялёны лужок. Адпіхнуўшыся ад мяккай травы, Мячык ізноў паляцеў у неба. І зноў вярнуўся на зямлю. Цяпер ён ужо апынуўся на вуліцы і ледзь не патрапіў пад колы машыны. Добра, што вадзіцель хутка разгледзеў перад сабой штосьці яркае чырвонае. Ён падумаў, што гэта святлафор, і рэзка затармазіў.
     Мячыку пашанцавала. Ён паспеў хуценька выскачыць з пад колаў аўтамабіля і … узляцець на дах высокага дома! Там ён і спыніўся. Зорны Мячык быў нават рады таму, што нарэшце можна трохі перадыхнуць і адсапціся.
     Як на ліха, яго ярка-чырвоную ў серабрыстую зорачку спінку ўбачыла зоркая Варона, якая пралятала міма. Вядома, што вароны любяць усё яркае і бліскучае, таму яна тут жа падляцела да Мячыка. З цікаўнасці даведацца, што ж гэта за дзіва такое, птушка балюча дзяўбнула Мячык у галоўку. Той ускрыкнуў ад болю і стукнуў крыўдзіцельку прама па яе доўгім носе. Варона каркнула і паляцела прэч. А Мячык адкаціўся на край даху і паглядзеў уніз. Ён заўважыў там у двары шматпавярховага дома дзіцячую пляцоўку, дзе гулялі дзеці. Вялікі скачок, і вось ён ужо там, поруч пясочніцы. Прыг, Прыг! Мячыку так захацелася з кім-небудзь пагуляць! Раптам да яго падбег вялі пухнаты Сабака і ткнуў сваім халодным мокрым носам прама ў срэбную зорачку.
     – Бррр! Не! Гэта ўжо занадта! – ускрыкнуў Мячык. Ён адскочыў ад непрыемнага халоднага носа і … уцёк прэч!
     "Як добра вось так высока скакаць і нават лётаць проста так! І мне ніхто не патрэбен!" – думаў Мячык. – Ён ціхенька напяваў нейкую песеньку, а міма яго праляталі птушачкі, матылькі і жучкі.
     – Глядзіце! Якая вялікая яркая птушачка! – казалі птушкі адна адной. – Вы не ведаеце, хто яна такая?
     – Не, гэта не птушка! – умяшаўся ў іх гутарку вулічны Ліхтар. – Аднак, гэта і не такі ліхтар, як я, не Сонца і нават не Месяц! Ён вельмі высока скача!
     Мячык чуў усе гутаркі і ўсміхаўся, таму што лепш за ўсіх ведаў, хто ён такі! Толькі навошта пра гэта камусьці распавядаць!
     "Хто мяне пазнае, з тым я і буду сябраваць!" – вырашыў Мячык.
     Дурненькі і не заўважыў, як апынуўся ў вадзе. Гэта ён выпадкова трапіў прама ў азярцо, якое было ў парку. Мячык памыўся. Не, з яго не змыліся яркія срэбныя зорачкі! А маленькая дзяўчынка тым часам сядзела на беразе разам са сваёй мамай. Яна адразу заўважыла нешта яркае на вадзе:
     – Мама! Глядзі, якая цудоўная чырвоная качка плыве!
     А калі Мячык падплыў бліжэй да берага, дзяўчынка зразумела, што гэта Мячык.
     – Бедны! Як ты там апынуўся? – здзівілася яна.
     Малая ўзяла Мячык у рукі і паклала на траву, каб той трохі падсох на сонцы. Мячыку так спадабалася гэтая добрая дзяўчынка і тое, як яна далікатна і ласкава размаўляла з ім, што ён адразу вырашыў пасябраваць з ёй.
     "Які прыгожы чырвоны Мячык! А колькі на ім срэбных зорачак! Можа яго падарыла мне неба?" – падумала дзяўчынка.
     Вось так і застаўся няўрымслівы зорны Мячык жыць у сваёй добрай сяброўкі і гуляў з ёй яшчэ вельмі-вельмі доўга.
     
     Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
     
      Гэтая казка на рускай мове
27.04.17