Падкова на шчасце (пасляслоўе)
Хадзіў па свету малады чалавек. Шукаў сваё шчасце. То кухарам працаваў, то цясляром, то краўцом. Але ніякая з гэтых спраў яму не была па душы. Таму не стаў ён ні добрым кухарам, ні добрым цясляром, ні добрым краўцом.
– Не любіш ты працаваць, – казалі яму людзі."Не, гэта не так, – думаў юнак. – Калі б мне падабалася праца, я б стаў добрым майстрам".
Не сядзелася маладому чалавеку на месцы. Хадзіў ён ад хаты да хаты, ад сяла да сяла, ад мястэчка да мястэчка, такі не зразумелы нікім і не ўладкованы. Шукаў штосьці, але сам не разумеў што.
І вось аднойчы ідзе юнак праз поле і бачыць – стаіць удалечыні магутны залатагрывы конь. Вочы чароўнага каня зіхацяць агнём, а ён сваім капытом па зямлі б'е так, што зямля трасецца.
– Які моцны конь! Злавіць яго ды прадаць! Разбагацеў бы я! – падумаў юнак.
Падкраўся ён паціху да каня. Толькі хацеў схапіць яго за аброць, як цуд-конь ірвануўся наперад, толькі пыл слупом паляцела! Працёр чалавек вочы ад пылу, агледзеўся. Але каня, як і не было. Толькі падкова на зямлі ляжыць, золатам зіхаціць.
"Хоць так пашанцавала", – падумаў юнак, узяў падкову і далей пайшоў.
Прайшоў час. Малады чалавек спыніўся ў адной вёсцы. Пасяліўся ў старой пустой хаце, але залатую падкову прадаваць не стаў. Схаваў яе ў зацішным месцы ад чужых вачэй на шчасце і поспех.
А шчасце з поспехам і сапраўды ў яго хату прыйшлі. Стаў чалавек той добрым кавалём. Спадабалася яму гэта новае для яго рамяство. Навучыўся ён яму і пачаў працаваць з задавальненнем...
Усё гэта, вядома, казка. Але часам так здараецца і ў сапраўдным жыцці. Бывае, што спачатку маладому чалавеку не шанцуе. Ніяк не можа ён абраць для сябе прафесію па душы. І змяняе іх, адну за адной. Але праз нейкі час жыццё, усё ж, паказвае яму на самую галоўную і важную для яго справу, якой трэба заняцца, каб у яго жыцці з'явіліся доўгачаканыя поспех і шчасце.
Выснова такая – не бойцеся шукаць!
Гэтая казка на рускай мове
15.04.17