Вясновая Кропелька
Вясноваю парою па блакітным небе плылі аблокі. Светлыя і вельмі лёгкія. Ветрык падганяў іх, падштурхоўваючы ў пухнатыя спінкі і напяваючы вясёлую песеньку:
Як добра, што да нас прыйшла вясна!У небе столькі сонца і цяпла!
А Зямля красуецца
І сабой любуецца!
– Як яна красуецца? – спыталі аблокі, гледзячы на Зямлю і не разумеючы, пра што кажа Ветрык.
Але той усё тут жа растлумачыў:
– Вельмі проста! – сказаў ён. – Увесну Зямля ператвараецца ў сапраўдную прынцэсу з казкі. Яна ўся расквітае, усюды можна ўбачыць яе Прыгажосць!
"Гэта цудоўна! – падумала маленькая цікаўная Кропелька. Яна ляцела па небе ў самым вялікім воблаку. – Як мне хочацца зараз жа пабыць на Зямлі і паглядзець на яе Прыгажосць!"
Кропелька зірнула ўніз і працягнула да Зямлі свае маленькія ручкі.
– Раз! Два! Тры! – Яна паднатужылася трошкі, адарвалася ад воблака і паляцела да Зямлі. Такая маленькая, кругленькая і празрыстая!
Тым часам побач з ёй пралятаў сонечны Праменьчык. Убачыў ён празрыстую Кропельку вады і залюбаваўся ёю.
– Куды ты такая ляціш? – спытаў Праменьчык у Кропелькі.
– Да Зямлі. Жадаю паглядзець на яе Прыгажосць.
– Дык ты і сама вельмі прыгожая! Але я зраблю цябе яшчэ прыгажэйшай! – Праменьчык асвятліў Кропельку, і яна заззяла як цудоўная маленькая жамчужынка.
А Зямля вясноваю парою і сапраўды стала занадта прыгожай! Яе палі, лугі, паркі і сады пакрыліся далікатнай светла-зялёнай мягкай траўкай. На кустах і дрэвах лопнулі покаўкі, і з іх на белы свет вызірнулі смешныя востраносые стварэнні. Яны хутка раслі, ператвараючыся ў сапраўдную лістоту. І вось ужо на клёнах заззялі пяцівугольныя зялёныя лісцікі-зорачкі, на бярозках павіслі доўгія пухнатыя «завушніцы», а на ліпах расчыніліся маленькія гладкія лісточкі, падобныя на сэрцайкі, вельмі далікатныя і ліпкія. А чаромха, зліва і вішня замест зялёнай лістоты распусцілі на сваіх галінках сотні белых пахкіх кветак. Гэткая вясновая Прыгажосць!
Маленькай Кропельцы, якая тым часам ляцела да Зямлі, вельмі пашанцавала. Яна не прасачылася ў зямлю, як адбываецца з большасцю кропелек дажджу, таму што патрапіла на зялёную Травінку і затрымалася на ёй.
– Добры дзень! – сказала яна Травінцы, падобнай на зорачку. – Я ведаю, ты і ёсць Прыгажосць Землі. Мне пра цябе распавядаў на небе Ветрык. Можна я трошкі пажыву каля цябе. Тут, на Зямлі, усё так цікава!
– Вядома! – адказала Травінка. – І мне будзе прыемна, што побач са мной такая Прыгажуня!
"Прыгажуня?" – падумала Кропелька дажджу. Яна не разумела, што была асляпляльна прыгожай! Яркі вясновы Праменьчык заскочыў у яе сярэдзіну і зрабіў Кропельку падобнай на кропачку святла.
А тым часам па парку, куды патрапіла Кропелька, гуляў хлопчык разам з мамай. Ён разглядаў зялёныя лісцікі на кустах і дрэвах, потым паглядзеў на зямлю і ўбачыў яркую кропачку на травінцы, якая цудоўна блішчала.
– Мама! Што гэта? – спытаў хлопчык.
– Гэта кропелька дажджу, сынок, – адказала мама. – Ах, якая яна прыгожая! Серабрыцца і пераліваецца на сонцы!
Хлопчык паглядзеў на неба.
– Мама! Яна прыляцела да нас вунь з таго воблака?
– Напэўна, з таго. Ёй вельмі хацелася паглядзець на Вясну, – зразумела мама.
– А што з ёй будзе потым?
– Яе прыгрэе сонейка, вадзіца з кропелькі выпарыцца і зноў паляціць у неба да аблокаў.
p.s. На памяць сыну, Аляксею ў яго дзень нараджэння.
Малюнак украінскай мастачкі Галіны Польняк.
Гэтая казка на рускай мове
6.04.17