Пчолкіна грэчка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пчолкіна грэчка
Пчолкіна грэчка
Усе ведаюць пра такі ласунак, як мёд. Яго любяць людзі і нават мядзведзі. Мёд духмяны смачны і вельмі карысны. Ім можна лячыць прастуду і іншыя хваробы.      Пчолы – вялікія працаўніцы. Вулей – іх дом. Сюды яны прыносяць кветкавы нектар, з якога потым атрымліваецца мёд. У пчол шмат розных прафесій. Адны пчолы, іх завуць зборшчыцамі, збіраюць з кветак нектар і адносяць яго ў вулей. Там яны перадаюць яго пчолам-прыёмшчыцам з хабатка ў хабаток. А іншыя пчолы, іх завуць карміцелькамі, кормяць нектарам маленькіх пчолак, якія яшчэ не ўмеюць лётаць, і выкладваюць астатні нектар у соты, дзе ён ператвараецца ў мёд.
     У гэтай казцы я распавяду вам пра адну няўважлівую пчолку, зусім яшчэ малую, якая першы раз у жыцці самастойна збірала кветкавы нектар.
     
     Старэйшая сястра Сенечкі, так клікалі нашу малую, вучыла яе:
     – Ты паляціш на поле. Табе трэба будзе знайсці грэчку. Яна цяпер красуе. З яе нектару атрымліваецца смачны грэцкі мёд. Калі не адшукаеш грэчку, то шукай рапс ці сланечнік. Толькі не пераблытай іх з аўсом і пшаніцай. Ляці следам за нашымі пчоламі вунь туды! – і сястра паказала крылцам у бок поля.
     Але няўважлівая Сеня нічога не запомніла. Яна толькі паўтарала назвы – грэчка, рапс, авёс. Сенечка вылецела з вулея і панеслася наперад, шырока растапырыўшы крылцы.
     – Жу-жу-жу! – весела гула яна.
     Потым выпадкова адцягнулася на штосьці яркае незвычайнае і празявала пчолак! Шукае, лётае туды-сюды і ніяк не зразумее, куды ж яны паляцелі? Глядзіць, бабулі па дарозе ідуць.
     Адна адной кажа:
     – Пайшлі ў краму па грэчку!
     "Грэчка... – падумала Сеня. – Здаецца, гэта тое, што мне патрэбна". І яна паляцела ўслед за бабулькамі. А тыя ўжо ў краму дзверы адчыняюць. Сенечка шмыг за імі – і ў краму. Бабкі – да паліцы, і пчолка за імі. А тыя ўзялі нейкія пакеты і пайшлі аплочваць. Тут Сеня і разгубілася. Палётала ўздоўж паліц, на якіх стаялі пухлыя папяровыя і цэлафанавыя пакеты, але так і не зразумела, дзе знайсці грэчку.
     – Хто з вас – грэчка? – спытала яна ў пакетаў.
     – Я! – прашамацеў Пакет з крупамі. – Але я не тое, што табе патрэбна, пчолка. У мяне насыпаны зярняты. Гэта грэцкія крупы. А табе патрэбны кветкі.
     – Тады, хто тут рапс? – спытала пчолка.
     – Я! – адказала Бутэлька з рапсавым алеем. – Але табе, пчолка, патрэбна не я, а кветкі рапсу.
     – Хто ж тады сланечнік?
     – Я! Але толькі я – алей са сланечніка, – адказала Бутэлька са сланечнікавым алеем. – А табе патрэбныя сланечнікі.
     – А ты хто? – спытала пчолка ў Пакета з пшанічнай мукой.
     – Я – мука пшанічная.
     – А я – жытняя, – адказаў Пакет з жытняй мукой, які стаяў побач.
     – Мы, пчолка, не для цябе, а для людзей. Мы – крупы, алеі і мука. З нас вараць кашы і пякуць бліны. Вось толькі, каб нас атрымаць, – сказалі разам усе прадукты, – людзі садзяць на палях зярняты грэчкі, рапсу, сланечніку, пшаніцы, жыта. Потым з зямлі вырастаюць нашы сцяблінкі і каласкі.
     – І яны красуюць? – спытала пчолка.
     – Так. Грэчка цвіце бела-ружовымі кветачкамі, рапс – жоўценькімі, сланечнік – вялікімі жоўтымі кветкамі. Пшаніца і жыта растуць каласкамі, у якіх спеюць зярняты, – адказалі прадукты.
     – А аўсяныя крупы атрымліваюцца з аўса. Ён таксама расце каласкамі, – сказаў Пакет з аўсянымі камякамі. Ён стаяў паводдаль ад усіх, таму пчолка яго не адразу заўважыла.
     – Дзе ж мне шукаць тыя каласкі? – спытала пчолка Сеня.
     – Смачнага нектару няма ў каласках, ён ёсць у суквеццях грэчкі, рапсу і сланечніку. Ляці на поле, там ты іх знойдзеш, – сказалі прадукты, якія стаялі на паліцах у краме.
     І пчолка, усё зразумеўшы, паляцела да выхаду, сказаўшы на развітанне ўсім:
     – Дзякуй за такую цікавую гутарку!
     Неўзабаве малая дабралася да поля, дзе расла грэчка. Яна ўбачыла шмат бела–ружовых кветак. Яны так духмяна пахлі! Вельмі прыгожая Кветка паклікала да сябе Сенечку і падарыла ёй трохі смачнага нектару. Пчолка падзякавала Кветцы і задаволеная панесла яго ў вулей.
     – Ты хутка знайшла кветкі грэчкі? – спытала сястра, калі Сенечка вярнулася ў вулей з поўным хабатком смачнага нектару.
     – Не, не адразу, – адказала пчолка. – Але затое я цяпер ведаю, што на полі з кветак грэчкі ўвосень вырастаюць карычневыя зярняты. Гэта грэцкія крупы, іх яшчэ завуць грэчкай. З яе можна зварыць смачную грэцкую кашу.
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
24.01.17