Чубаты Жаваранак
Сонца даўно заўважыла гэтую яркую, быццам вытканую з залатых прамянёў птушачку.
– Як ты хораша спяваеш! – казала яно, згледзеўшы ў чыстым блакітным небе Чубатага Жаваранка.А той ганарліва падымаў угару свой пухнаты чубок і спяваў, імкнучыся цешыць не толькі Сонца, але і ўвесь свет звонкімі жыццярадаснымі песнямі.
У залатой птушачкі было шмат сяброў. Побач, у ста метраў ад яго жылля, пасялілася шэрая палявая Мышка. Усё лета і восень яна бегала ў поле за зярнятамі і складвала іх у сваё падземнае сховішча.
– Зіма будзе доўгая і халодная. Я збяру ў торбачку саспелых зярнят, ды яшчэ траўкі-мураўкі нарву. Вось і будзе мне ежа на галодныя зімовыя дзянькі, – казала Мышка.
– Ты запаслівая! А мне навошта ўсё гэта збіраць? Я ж увосень палячу адгэтуль у Вырай, – апраўдваўся Жаваранак за сваю безгаспадарчасць.
Час ішоў, цёплыя летнія дзянькі змяніліся халаднаватымі, восеньскімі, а Жаваранак нібы забыўся пра тое, што трэба рыхтавацца да адлёту. Ён то спяваў у небе каля самага Сонца, то ляцеў да чыгункі сустракаць знаёмыя цягнікі, то заседжваўся ў сяброўкі Вавёркі.
– Які ты велізарны! – казаў ён Таварнаму Цягніку, калі той спыняўся на пуцях для адпачынку. Колькі ў тваіх вагонах тон грузу?
– Не ведаю, – адказваў Таварняк, паскрыпваючы коламі. – Відаць, вельмі шмат. Нездарма, мне так цяжка гэты груз цягнуць.
– А табе яшчэ далёка ехаць?
– Далёка. Да самага Сіняга мора. Там мяне разгрузяць, і тады я змагу трохі паспаць.
– Трымайся! Шчаслівай табе дарогі! – казаў Чубаты Жаваранак і махаў залацістымі крылцамі ўслед сыходзячаму Цягніку.
Добрая і прыязная птушачка, якая ўмела сябраваць, але зусім не турбавалася пра сваю будучыню, неўзабаве сустрэла зімовыя халады.
– Чаму ты не паляцеў на поўдзень, – пытала ў Жаваранка суседка, Мышка.
– Ай, навошта мне кудысьці ляцець! – адказваў той. – Мне і тут добра. Закапаюся ў снег і пераседжу зіму.
– А есці ты што будзеш?
– Не ведаю, – збянтэжылася залатая птушачка.
"Трэба злятаць да Вавёркі, распытаць у яе аб ўсім", – вырашыў Чубаты Жаваранак і паляцеў да сяброўкі.
– Збірай рэшткі збожжа ў полі, – параіла рыжая.
– Але зярняткі ўжо схаваліся ў снезе! – засумаваў Жаваранак.
– Тады пашукай у лесе шышкі, у іх шмат зярнят.
– Я не ўмею іх даставаць, – піснуў Жаваранак.
– Эх ты, які няўмелы! Пра што ж ты думаў раней? Добра, не засмучайся! Я падзялюся з табой сваімі арэшкамі, а будучым летам ты сам навучышся рабіць запасы на зіму.
Вось так Чубаты Жаваранак і стаў прыстасоўвацца да жыцця ў халодную пару года. Яго выратоўвалі ярка-чырвоныя ягадкі. Іх яму дарыла лясная Рабінка. А яшчэ ў лесе ён адшукваў плады шыпшыны, кісла-салодкія брусніцы і журавіны. Мышка пашкадавала няўмелага суседа і ў самыя марозныя дзянькі прыносіла маленькай птушачцы ў гняздзечка, накрытае снегам, свае восеньскія запасы – зярняты пшаніцы і жыта.
– Я вельмі ўдзячны вам, сябры, за дапамогу! – дзякаваў усім Чубаты Жаваранак.
Нарэшце, снег растаў. Прыйшла вясна. Сонца пажурыла Жаваранка за тое, што ён своечасова не паляцеў на поўдзень.
– Я не ведаю, куды трэба ляцець! – апраўдваўся той.
– А ты спытай у цягнікоў, бо яны вялікія вандроўнікі, аб'ездзілі сто дорог і ўсё ведаюць.
Чубаты Жаваранак так і зрабіў. Увосень, як толькі пачало халаднець, ён паляцеў зімаваць у Вырай. Адшукаць туды дарогу яму дапамог стары сябар, Таварны Цягнік. Ён суправаждаў залатую птушку да цёплага Сіняга мора. У новых месцах вясёлы і таварыскі Чубаты Жаваранак хутка раззнаёміўся з мясцовымі жыхарамі. У яго з'явілася шмат сяброў – птушак, мышак, белак, нават вялікі акіянскі Цеплаход стаў лічыць маленькую залатую птушачку сваім сябрам.
Аднак, Жаваранак ведаў, што хутка зноў паляціць да свайго ранейшага жылля. Там засталіся верныя сябры, якія дапамагалі яму ў бядзе. На той зямлі – яго сапраўдная Радзіма.
p.s. Чубаты жаваранак (ці жаўрук-смяцюх)– птушка 2017 года ў Беларусі
Гэтая казка на рускай мове
16.01.17