Вясновы танец жураўлёў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясновы танец жураўлёў
Вясновы танец жураўлёў
Якая доўгая зіма! Яна нам так надакучыла! – шапталіся кусцікі чарніц і малін.      Іх "па самыя вушы" атуліла цяжкае покрыва з лёду і снегу. Незадаволеныя кусцікі насілу маглі варушыць галінкамі.
     – Патрывайце яшчэ трошкі, хутка будзе вясна! – супакойвала іх Ялінка, хоць яна гэтак жа, як і кусцікі, была з ног да галавы абсыпаная снегам.
     Проста нейкі цуд! Белы, вельмі прыгожы, іскрысты на сонцы, але ўжо надакучыўшы снег паўкрываў увесь лес. Куды ні зірні, усё вакол было белага колеру: галінкі дрэў, кусты, зямля.
     Раптам, нібы з-пад снегу выскачыла Сінічка, а за ёй – Верабей. Прыг-скок, прыг-скок! Узляцеўшы на заснежаную галінку Рабіны, маленькія вёрткія птушачкі патрывожылі снежныя камякі. Вялікі пухнаты камяк сарваўся з галінкі і паляцеў уніз, па дарозе ператвараючыся ў фантан асляпляльна белых сняжынак. Сонца ўбачыла гэтую прыгажосць і ўсміхнулася! А ажурныя сняжынкі, сагрэтыя на зямлі сонечнымі прамянямі, тут жа пачалі раставаць.
     – Вось бачыце! Хутка прыйдзе вясна! Яна ўжо блізка! – ціўкаў Верабей.
     – Так, так! Яна зусім недалёка ад нас! – свістала Сінічка.
     – Адкуль вы пра гэта даведаліся? – спытаў стары Дуб. Ён варушыў велізарнымі галінамі, імкнучыся самастойна атрэсціся ад снегу.
     – Хочыце верце, хочыце не, – цвыркнуў Верабей. – Але мы ведаем. Пра гэта нам сказаў цёплы Ветрык, які абдзімае нашы крылцы, калі мы лётаем над лесам.
     Прайшоў тыдзень, другі, і ў лесе ўсё змянілася. То тут, то там з'явіліся праталіны, пабеглі ручайкі. Дрэвы і кусты зусім вызваліліся ад снежных шапак і футраў. Вось толькі цяпер яны стаялі мокрыя і азяблыя, быццам кураняты, якія толькі нарадзіліся на свет.
     – Не хвалюйцеся, мае дарагія! Зараз я адагрэю вас, – сказала Сонца і асвяціла лес.
     А той умомант папрыгажэў. Дрэвы і кусты паднялі ўгару паніклыя галіны, з адталай зямлі прадзяўбліся далікатныя зялёныя парасткі травы.
     – Вось і першы Падснежнік нарадзіўся! – весела трашчала Сарока. – Малайчына, ты найдужэйшы і самы адважны! Сапраўдны волат! – казала яна кветцы, падляцеўшы бліжэй.
     Юныя бярозкі, тыя, што стаялі ў старонцы, на ўзгорку леса, успомнілі пра сваю непараўнальную прыгажосць і сталі прыбірацца. Цёплы Ветрык расчасаў ім тонкія нітачкі-галінкі, а Сонца сагрэла белыя гнуткія ствалы.
     Бярозкі прыхарошваліся нездарма. Гэтымі днямі да іх на цэлае лета вернуцца з поўдня родныя гракі. Вось і гнёзды гэтых чорнакрылых птушак на галінах адталі, чакаюць гаспадароў.
     Прайшло яшчэ два тыдні. І лес па-сапраўднаму ажыў. Заціўкалі птушкі, якія прыляцелі з зімоўкі, забзыкалі пчолкі і чмялі, матылькі размалявалі лясныя палянкі рознакаляровымі крылцамі.
     – Курлы-курлы! Курлы-курлы! – панесліся над лесам нечыя працяглыя галасы.
     – Хто гэта там уверсе так гучна трубіць? – спытаў маленькі бэзавы Званочак. Ён яшчэ нічога не ведаў пра жураўлёў, таму што толькі ўчора нарадзіўся на белы свет.
     – Гэта мы, жураўлі! Курлы-курлы! – адклікнуіся ганарлівыя птушкі.
     Праз некалькі хвілін на беразе лясной сажалкі прызямліліся восем даўганогіх шэрых птушак. На іх галоўках ззялі яркія чырвоныя шапачкі.
     – Якія ж вы велізарныя! – здзівіўся бэзавы Званочак.
     – Так, мы самыя высокія птушкі нашага леса. А яшчэ мы ўмеем вельмі добра танчыць!
     – А яшчэ яны самыя лепшыя на свеце трубачы! – пахваліла жураўлёў Сарока.
     – Я ведаю, жураўлі таму навучыліся добра танчыць, што ў іх вельмі доўгія ногі, – пазайздросціў птушкам Верабей. – Калі б у мяне былі такія ногі, я б скакаў не горш, чым яны!
     – А вось і не, а вось і не, курлы-курлы! – запярэчылі жураўлі.
     Махаючы крыламі і падскокваючы высока ўгару, яны закруціліся ў цудоўным танцы, які прыдумалі самі.
     
     Вядома ж, жураўлі не хлусілі. Яны, па праву, лепшыя танцоры леса.
     Варта было толькі зірнуць на бераг сажалкі, і вы б убачылі там іншую птушку. Яна ледзь ніжэй Жураўля, але такая ж даўганогая. Толькі гэтая задуменная птушка не любіць танчыць. Вось і цяпер яна замерла, быццам заснула, стоячы па калена ў вадзе і падціснуўшы адну нагу пад сябе. Гэта шэрая Чапля. Спадарыня не паважае беганіну і імкнецца трымацца далей ад вялікіх шумных кампаній.
     Ды і наш слаўны мілы Бусел, хоць і любіць грацыёзна махаць велізарнымі крыламі і гучна стукаць вялікай дзюбай, так і не навучыўся танчыць. Ён не ўмее добра круціцца на сваіх доўгіх чырвоненькіх ножках. Можа быць, яму такая забаўка не падабаецца ці Бусел проста вельмі сціплы?
     
      Гэтая казка на рускай мове
23.01.17