Чароўны Пеўнік (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўны Пеўнік (чытае Ліка Пташук)
Чароўны Пеўнік (чытае Ліка Пташук)
Увесну купіла бабуля на рынку дзесяць маленькіх жоўтаротых куранят і панесла дахаты.      Ля брамкі яе кот Савелій сустракае:
     – Каго гэта ты ў кошыку нясеш? – пытае ён ў сваёй гаспадыні.
     – Куранят, коцік! Яны яшчэ зусім маленькія. Калі ж падрастуць, у курачак ператворацца. Па двары будуць хадзіць, "куд-куды" гаварыць. І табе, і мне весялей будзе.
     Занесла бабуля куранят у хату. Адкрыла кошык. Малышы ж вочкі расплюшчылі, глядзяць на яе, пішчаць, есці просяць.
     Наліла бабуля куранятам у місачку малачка, дробнага проса насыпала.
     – Ай-яй-яй! Дурная мая галава! А Пеўніка я забылася на рынку купіць! – засмуцілася бабулька. – Будучым курачкам абаронца Пеўнік патрэбен!
     І тады старая ўспомніла казку пра Калабка. У гэтай казцы чароўны Калабок з цеста быў выпечаны. Вырашала наша бабуля таксама чароўнага Пеўніка з цеста спячы. Ён ажыве і пасябруе з куранятамі.
     Трэба сказаць, што была бабулька вялікай выдумшчыцай і ўмелай майстрыхай. Усё, што задумвала, ёй заўсёды ўдавалася зрабіць, таму што яе думкі былі добрыя і разумныя. Вось напякла старая духмяных пшанічных блінцоў. Коціка накарміла, сама наелася, а з рэштак цеста чароўнага Пеўніка зляпіла і ў печцы спякла.
     Ах, які ж прыгожы Пеўнік атрымаўся! Грабеньчык і бародка ў яго чырвоненькія, вочкі-пацеркі блакітныя, хвосцік і крылцы рабыя.
     Паднесла бабуля чароўнага Пеўніка да куранят і кажа:
     – Бачыш, Пеўнік, гэтых маленькіх пухнатых куранят! Хочаш з імі сябраваць?
     – Хачу! – Пеўнік адказвае.
     Раптам ён крылцамі як запляскае ды як закрычыць: – Ку-ка-рэ-ку!
     Потым на падлогу саскочыў і зусім сапраўдным зрабіўся! Ходзіць Пеўнік вакол кошыка з куранятамі, зярняты сваёй дзюбай перамолвае і малышам-куранятам у дзюбкі кладзе.
     – Які разумны мой Пеўнік! – абрадавалася бабуля. – Зараз мне клопатаў будзе менш з такім памочнікам!
     З таго часу чароўны Пеўнік ад куранят не адыходзіў. Сам карміў іх, гуляць у двор вадзіў, казкі ім распавядаў, розуму вучыў. Да лета выраслі з куранят курачкі, добрыя такія, разумныя і прыгожыя. Цяпер яны самі за Пеўнікам ходзяць, ва ўсім яго слухаюцца.
     Бабуля глядзіць на сваё птушынае сямейства і не нарадуецца:
     – Дзякуй, табе за ўсё, Пеўнік! Лепшага сябра і абаронцы маім курачкам нідзе не адшукаць! – гаворыць яна свайму ўлюбёнцу.
     – А то, як жа! Ко-ко-ко! – выхваляецца Пеўнік. – Я ж ні які-небудзь просты певень. Я – чароўны Пеўнік, з духмянага цеста тваімі добрымі рукамі злеплены!
     
     p.s. чароўны Пеўнік з цеста хлебзавода №2 г.Мінска, фота аўтара.
     
      Гэтая казка на рускай мове
06.01.17