Чароўныя атракцыёны (чытае Ліка Пташук)
Прысвячаецца Цэнтральнаму дзіцячаму парку імя М. Горкага горада Мінска, заснаванаму ў 1805 годзе.
Валюша вельмі чакала, калі наступіць нядзеля. Мама ёй сказала, што ў татаў выхадны ўся сям'я адправіцца на прагулку ў Дзіцячы парк. І гэты дзень надышоў! Прачнуўшыся, дзяўчынка засмяялася ад радасці, а яе брацік Жэнька ў ложачку запляскаў ў далонькі! Ён быў яшчэ зусім маленькі. Аднак сястрычка ведала, што браціку таксама будзе цікава пабываць у яе любімым парку. Малы ж там яшчэ ніколі не быў!
Дзіцячы парк вельмі стары. Тата казаў, што дрэвам, якія растуць ўздоўж дарожак і набярэжнай ракі, больш за сто гадоў. Але Валюшы падабаўся гэты парк не толькі за яго прыгажосць. Самае цікавае ў ім – гульнявыя атракцыёны!
– Сёння я пакатаюся на "вусені" і "сабачках", а потым паскачу на батуце. Добра? – запыталася яна ў таты.
– Добра. Толькі хутчэй збірайся і дапамажы маме.
Дачка радасна пабегла ўмывацца. І вось калі ўсе свае справы яна зрабіла – ложак заслала, у пакоі прыбрала, паснедала і дапамагла маме сабраць Жэнечку – яе дружная сям'я адправілася на шпацыр.
Яшчэ перад уваходам у парк, каля чыгунных рашотак агароджы, дзяўчынка адчула, як яе твар абдзьмуў лёгкі духмяны ветрык. "Гэта цвіце чаромха!" – зразумела яна. Валюша ўзгадала, што ў пачатку парку расце прыгожае высокае дрэва. Тата неяк распавядаў дзяўчынцы пра яго.
– Мама, тата, адчуваеце? Чаромха цвіце!
– Так! Які прыемны водар! – адказала мама. – Паглядзі, дачушка! Вунь там, на кветніку, цюльпаны – ружовыя, пунсовыя, жоўтыя, белыя. Прыгажосць!
Так, так! У Дзіцячы парк прыйшла сапраўдная вясна. Калі дзяўчынка гуляла тут некалькі тыдняў назад, белы снег яшчэ хаваў дарожкі. Цяпер жа ўсё расквітнела! Сонейка ярка свеціць, птушыныя галасы звіняць і льюцца з усіх бакоў. У парку шмат дзяцей і дарослых. Людзі ўсміхаюцца, смяюцца.
Валюша з цікаўнасцю разглядала ўсё навокал. "Шкада, што Жэнька спіць у калысцы і яшчэ нічога не ўбачыў", – падумала яна. Але неўзабаве брацік прачнуўся. Мама прысела на лаўку. Ёй трэба было яго пакарміць. А дачка не змагла стрымаць радасці і пабегла да свайго любімага "вусеня".
– Мы пойдзем, пакатаемся. Пачакаеце нас тут, – прамовіў тата, зірнуўшы на маму з сыночкам.
– Ідзіце! Мы на вас паглядзім! – адказала яна, а малы аж рот разявіў, узіраючыся туды, куды пабегла яго сястрычка і пайшоў папа.
Каго ж Жэнька ўбачыў там? Вялікага цацачнага Вусеня! Ён, быццам сапраўдны дзіцячы цягнік, ездзіў па рэйках, і ў яго вагончыках сядзелі дзеці.
Вы не паверыце! Калісьці, шмат гадоў назад, гэты Вусень быў маленькі, поўзаў ў парку па ствалах дрэў і любіў паласавацца іх сакавітаю лістотай. Якія ж цуды адбыліся ў парку ў той час, чаму Вусень цяпер ездзіць па рэйках? Каб пра гэта даведацца, паслухайце чароўную гісторыю, якую ўтойвае стары парк…
Аднойчы адзін незвычайны чалавек (гэта быў сапраўдны Чараўнік!) прыйшоў на шпацыр у парк. У той час там яшчэ не было ніводнага дзіцячага атракцыёну. Затое ў парку раслі высокія дрэвы, на якіх гнездавалася шмат самых розных птушак, а ў дуплах жылі вавёркі. Яркія кветкі на кветніках прыцягвалі позіркі прахожых сваёй прыгажосцю. Апрача таго, праз парк працякала шырокая рака, па якой плавалі шэрыя качкі і белыя лебедзі.
Чараўнік заўважыў, што па дарожках парку прагульваецца шмат маленькіх дзяцей з мамамі і татамі. І тады ён падумаў: "Як было б добра, калі б гэты прыгожы парк заўсёды дарыў дзецям радасць і вясёлы настрой! Трэба пасяліць у ім займальныя дзіцячыя атракцыёны!"
Чараўнік падышоў да старой ліпы, на ствале якой у гэты момант сядзеў той самы Вусень, і загаварыў з ім:
– Прывітанне, Вусень! Я бачу, што жыццё тваё зусім не цікавае. Ты цэлымі днямі поўзаеш па дрэвах і аб'ядаеш лісце. Дрэвы пакутуюць ад гэтага, бо ты дастаўляеш ім гора і боль. Якая з цябе карысць? Ніякай! А жадаў бы ты жыць у гэтым парку заўсёды, рабіць добрые справы і цешыць людзей?
– Так, жадаў бы, – адказаў Вусень.
– Тады я ператвару цябе ў чароўны атракцыён! Ты зробішся вялікім і будзеш забаўляць дзяцей.
Вусень адразу ж пагадзіўся і ператварыўся ў вялікага чароўнага Вусеня, устаў на рэйкі і паехаў па крузе. І яму гэта спадабалася, бо да яго з усіх бакоў падбеглі дзеці. Ім захацелася пакатацца на новым атракцыёне.
А Чараўнік пайшоў далей і ўбачыў ля смеццевай скрыні зграю беспрытульных сабак. Ён пагаварыў і з імі. Сабакі, таксама як і Вусень, захацелі ператварыцца ў чароўны атракцыён. З тых часоў у Дзіцячым парку вясёлыя і зусім не куслівыя сабачкі катаюць на сабе маленькіх дзяцей.
Лебедзі, якія плавалі па рацэ, падумаўшы, таксама пагадзіліся сябраваць з дзецьмі і дастаўляць ім радасць. І яны сталі чароўнымі, ператварыўшыся ў новы атракцыён. А для малышоў няма нічога цікавей, чым палётаць на такіх дзіўных лебедзях. Нават некалькі сланоў, конікаў і вярблюдаў, даведаўшыся пра цудоўныя ператварэнні, самі прыйшлі ў парк і папрасілі Чараўніка ператварыць іх у вясёлыя дзіцячыя каруселі. Некалькі вялікіх, "дарослых" аўтамабіляў без роздуму пасяліліся ў Дзіцячым парку. Праўда, дзеля таго, каб вазіць дзяцей, ім прыйшлося паменшыцца да "дзіцячых памераў". Лодкі, якія стаялі ля берага ракі, былі ўдзячны прапанаванай ім магчымасці катаць дзяцей па паветры ў якасці незвычайных паветраных арэляў.
Увогуле, усе атракцыёны, якія вы ўбачыце ў Дзіцячым парку, самыя што ні на ёсць жывыя, толькі з элементамі чараўніцтва. Усе, акрамя дзіцячага Паравозіка. Чараўнік пазнаёміўся з ім у той час, калі гэты Паравозік быў вялікім Паравозам і служыў на Дзіцячай чыгунцы, якая знаходзілася недалёка ад парку. Дарэчы, Дзіцячая чыгунка існуе і цяпер. Паравоз быў старым і зношаным. Працаўнікі Дзіцячай чыгункі захацелі замяніць яго на новы. Чараўнік, даведаўшыся пра гэта, прапанаваў Паравозу перабрацца ў Дзіцячы парк. Тым больш, што на змену яму ўжо прыбыў новы больш сучасны цеплавоз.
Чараўнік не пакінуў стары Паравоз у бядзе. Ён назаўжды зрабіў яго чароўным, яркім і прыгожым. Нават цяпер, праз шмат гадоў, Паравозік усё яшчэ жыве ў Дзіцячым парку і катае дзяцей, дастаўляючы ім задавальненне. Праўда, для гэтага яму прыйшлося паменшыцца ў некалькі разоў, бо новыя вузкія рэйкі не падыходзілі пад яго ранейшы вялікі памер.
А пакуль мы даведваліся пра гісторыю Дзіцячага парку, Валюша паспела пакатацца на "вусені", на "сабачках", на "лодачках" і нават паскакаць на батуце. Вось як весела і цікава прайшоў для яе нядзельны дзень!
Яе браціку таксама спадабаўся Дзіцячы парк. Дзяўчынка бачыла гэта па вачах хлопчыка, калі мама падносіла яго да казачных каруселяў. Ён толькі трошкі падрасце і тады разам з сястрычкай абавязкова пракоціцца па чароўным крузе. І тады ён пабывае ў сапраўднай казцы дзіўнага парку, казцы, якую калісьці даўным-даўно падарыў дзецям той самы загадкавы і вельмі добры Чараўнік.
p.s. Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага ў горадзе Мінску, фота аўтара, 11.05.13.
Гэтая казка на рускай мове
30.12.16