Гогаль і Гагаляты
Пасярод вялікага старога лесу згубілася невялікае, але глыбокае Блакітнае возера. Вада ў ім чыстая і празрыстая. У светлыя і пагодлівыя дні прамяні сонца пранікаюць глыбока ў ваду. І тады можна ўбачыць, як адважныя і вельмі шустрыя карасі і акуні, даўгахвостыя вугры і іншыя рыбкі шныраць ў вадзе, пабліскваючы серабрыстай луской. А ля самага берага хаваюцца чырвоныя ракі і зялёныя жабы.
Шмат гадоў увесну ў высокіх чаратах ляснога возера гнездаваліся качкі. Але летась адбылася нечаканая падзея. У возеры пасялілася Выдра. Ніхто не ведаў, адкуль яна ўзялася. Вось толькі шчасця Блакітнаму возеру хітруга не прынесла. Як ні абаранялі качкі свае гнёзды ад зладзейкі, тая ўсё роўна ўмудрылася выкрасці яйкі з аднаго гнязда. Якое ж гэта было гора для няшчаснай качынай сям'і!На наступную вясну Качка, якая страціла дзетак, не захацела гнездавацца на Блакітным возеры, дзе жыве Выдра. Аднак у красавіку ля берага возера ў чаратах з'явілася іншая маладая качыная сям'я. Было зразумела, што новыя жыхары нічога не ведаюць пра каварную Выдру. Гогалі, так звалі гэтых прыгожых качак з чорнымі галоўкай, крыламі і хвастом, з белымі грудзьмі і бакамі, адважна абследавалі зараснікі чаратоў і пачалі ўладкоўваць у іх для сябе ўтульнае гняздзечка.
Малады качар добра ведаў тутэйшы лес і возера. Некалькі гадоў назад ён нарадзіўся ў гэтых чаратах з матулінага яйка. Тады на возеры было ціха і спакойна. Яго мама змагла падгадаваць шасцярых качанят і адправіць іх у самастойнае жыццё.
– Нам будзе тут спакойна, – тлумачыў Гогаль сваёй жонцы Гагаліцы. – Пабудуем цёплае гняздзечка і будзем чакаць нараджэння качанят. А зараз я злятаю ў лес, пашукаю мох, галінкі і сухія травінкі.
І будучы тата адправіўся шукаць пад старымі хвоямі і елкамі, бярозамі і асінамі будаўнічы матэрыял для гнязда. Але не паспеў ён падляцець да лесу, як на ўзлеску яму сустрэлася старая Сарока. Яна пазнала ў маладым Гогалі тое самае качаня, якое некалькі гадоў назад нарадзілася на гэтым возеры.
– Ах, якая сустр-р-р-рэча! – радасна затрашчала Сарока. – Я ведала ўсю вашу сям'ю: маму, тату, вашых братоў-качанят. Як жа вы, дарагі Гогаль, памужнелі! Няўжо, вырашылі спыніцца на нашым лясным возеры?
– Так, я збіраюся пабудаваць у чаратах гняздо. А мая маладая жонка высядзіць качанят. Мне так хочацца хутчэй убачыць сваіх дзетак, навучыць іх плаваць і ныраць!
– Што вы, што вы! Не р-р-рабіце гэтага! – ізноў затрашчала Сарока. – Вы ж нічога не ведаеце! Летась здарылася такое няшчасце, такое гора! Выдра выкрала з качынага гнязда ўсе яйкі. Яна знішчыла будучых качанят! Качка-мама і качка-тата так плакалі, так плакалі!
– Выдра? – здзівіўся Гогаль. – Я не ведаў, што яна пасялілася на нашым возеры. Але што мне рабіць? Я не магу і не жадаю ляцець адгэтуль. Тут я нарадзіўся, навучыўся лётаць, глыбока ныраць у азёрную ваду, вылоўліваць малюскаў і дробную рыбінку. Мне так хочацца навучыць усяму гэтаму сваіх дзяцей!
– Не перажывайце, шаноўны Гогаль! – крыкнула Вавёрачка. Яна сядзела на высокай хвоі і слухала ўсю гутарку. – На самым версе гэтай старой хвоі ёсць глыбокае дупло. Яно пустое. Сяліцеся ў ім і гадуйце качанят. Сюды, на пятнаццацімятровую вышыню, не дабярэцца ніякі злы і каварны звер!
– Дзякуй вам, мудрая Вавёрачка! – узрадаваўся Гогаль.
Ён тут жа агледзеў дупло і знайшоў, што яно падыходзіць для яго сям'і. Неўзабаве Гогаль і Гагаліца ўжо насілі і ўкладвалі на трухлявае дно дупла сухія травінкі і пярынкі. А калі мяккая подсцілка была гатовая, Гогаль абвясціў сваёй сяброўцы:
– Я ўпэўнены, што нашым птушанятам будзе ўтульна і цёпла ў такім гняздзечку!
– Я таксама так думаю, – падтрымала яго Гагаліца.
Яна ўжо знесла сем кругленькіх яек светла зялёнага колеру і ўзялася іх наседжваць, шчыльна прыкрыўшы будучых качанят сваім цёплым пухам, мяккімі крыламі і хвастом. Нарэшце, качаняты з'явіліся на свет. Слых аб гэтым вельмі хутка разнёсся па акрузе. З усіх бакоў велізарнага лесу прыляталі птушкі, каб паглядзець на маленечкіх гагалят, якія вылупіліся з яек мамы-Гагаліцы ў дупле старой хвоі.
– Як добра вы, дарагая суседка, прыдумалі, калі прапанавалі нам тут пасяліцца! Качанятам у дупле не зможа нашкодзіць гарэза Выдра! – дзякавалі Вавёрцы бацькі птушанят.
А цікаўныя качаняты ўжо на другія суткі падымаліся на дыбачкі, чапляліся дзюбкамі за сценкі дупла і глядзелі на неба і дрэвы! Ім хацелася хутчэй апынуцца ў азёрнай вадзе, каб паплаваць, палавіць мошак і азёрных казявак самім, самастойна! Аднак у той дзень мама-Гагаліца не дазволіла малышам выскокваць з дупла на зямлю.
– Яшчэ трошкі пачакайце, – супакоіла яна сваіх дзяцей. – На возеры жыве Выдра, таму вам трэба добра падрыхтавацца да сустрэчы з ёй.
На наступны дзень пад кіраўніцтвам мамы малышы-гагаляты, нібы маленькія парашуцікі, павыскоквалі з гнязда на тоўстую подсцілку з леташніх шышак і хваёвых іголак. А потым, агледзеўшыся, смешна растапырыўшы крылцы і лапкі, папіскваючы ад захаплення, яны навыперадкі пабеглі да вады.
– Пі-і-і! – крычалі качаняты. – Колькі тут расце чаратаў! А якая празрыстая вада!
Маме-Гагаліцы не прыйшлося навучаць дзяцей плаванню. Яны паплылі самі і нават ныралі, гледзячы, як гэта робіць мама.
– Вось якія малайцы! – усміхаліся чараты.
– Разумнічкі! – свяціла з вышыні Сонейка.
– Здольныя! – калыхалі верхавінамі дрэвы, якія раслі па берагах Блакітнага возера ля самай вады.
– І вы не баіцеся Выдр-р-ры? – здзівілася трашчотка Сарока.
– Не! Нас абараняе тата! – адказвалі гагаляты.
Вядома, і тата-Гогаль, і мама-Гагаліца былі побач з імі. У любы момант яны змаглі б адагнаць зладзюжку. Моцныя птушкі ўмелі шыпець, гучна махаць велізарнымі крыламі і нават вырашыліся б пракусіць ворагу нос, калі б той задумаў напасці на качанят.
І хоць мама з татам вучылі гагалят быць асцярожнымі, іх дзеці нават самі змаглі б абараніцца, бо іх дзюбкі вострыя, як брытва. Апрача таго, качаняты хутка раслі, набіраліся сіл і вучыліся лётаць.
Гледзячы на такую дружную качыную сям'ю, гарэзе Выдры нічога не заставалася, як сысці жыць на найблізкую лясную раку. І толькі тады ўсё лясное возера, яго сябры і насельнікі лёгка ўздыхнулі і зажылі шчасліва і спакойна.
Пажадаем жа дабра і мірнага жыцця маладой качынай сям'і! А маленькім гагалятам – вырасці моцнымі, адважнымі і кемлівымі.
p.s. Гогаль – птушка 2016 года ў Беларусі.
Гэтая казка на рускай мове
1.12.16