Крацінае багацце
У вялікім старым парку жыў малады Крот. Вядома, ён не бегаў па алеях парку, Крот жыў пад зямлёй. Там у яго была вялікая добраўпарадкаваная нара са мноствам хадоў. Яго мама Краціха нядаўна памерла, пакінуўшы сыну ў спадчыну вялікі каштоўны камень.
Мама Крата заўсёды казала:– Сынок, беражы свой скарб і нікому не паказвай. Мой дзед Крот-Кратовіч ведаў яго сапраўдную каштоўнасць. Калі будзе трэба, ты зможаш прадаць камень за велізарныя грошы. А пакуль няхай пра яго ніхто не ведае, акрамя цябе. Так будзе больш надзейна. Захоўвай яго ў зацішным кутку нары ўсё сваё жыццё.
Непрыкметна для сябе Крот стаў рабом вельмі каштоўнага каменя. Ён ніколі не вылазіў з нары і цэлымі днямі думаў толькі пра свой скарб. Вядома, яму было сумна аднаму ў нары. Але паступова Крот прывык да адзіноты, і яна яму нават стала падабацца. Гадзінамі ён мог вывучаць кожны крок па алеі парку, кожны гук, які яму здаралася пачуць, седзячы ў нары пад зямлёй. Ці тое быў брэх сабачкі, які прабягаў па парку, ці то – галасы людзей, ці то – спеў птушак. Але часцей за ўсё Крот не прыслухоўваўся да таго, што рабілася наверсе. Ён проста спаў, прыціснуўшыся да каштоўнага каменя. Яму сніліся каляровыя сны: сонечнае святло, зялёная трава, жоўтае і барвовае лісце дуба і клёна, ярка-чырвоныя гронкі рабіны, пахі травы і кветак. Усё гэта ён калісьці даўно, у далёкім дзяцінстве, бачыў наяве. Гэта адбывалася ў тыя шчаслівыя гадзіны, калі мама дазваляла яму трошкі падыхаць свежым паветрам. Яна адчыняла люк у столі нары, накіраваны на паверхню зямлі. І маленькі Крот любаваўся сонечным святлом.
Прачнуўшыся пад уражаннем убачанай у сне прыгажосці, Крот бег да люка. Ён старанна разграбаў адсырэлую закамянелую зямлю і ўпускаў у нару свежае паветра.
– Ах, як там добра! – казала яго душа. – Хочацца пагуляць па парку!
Наверсе ля нары расла прыгажуня Рабінка. Апранутая ў ажурную вясновую сукеначку з беленькіх кветак, яна бачыла, як варушыцца "жывы" ўзгорачак ля яе "ног". Вядома, Рабінка разумела, што гэта Крот глядзіць на яе з-пад зямлі.
– Мілы Кроцік! Выходзь з цёмнай нары на сонечнае святло! – звонка шамацела Рабінка ліпкімі маладымі лісточкамі. – Там ты ніколі не ўбачыш такую прыгожую Вясну!
Крот не слухаў, што казала Рабінка. Ён удыхаў гаючае вясновае паветра. Аднак праходзіла толькі адно імгненне, і ён успамінаў пра свой недагледжаны скарб. Спалохаўшыся, каб чаго не здарылася, Крот гучна грукатаў люкам і імкліва ўцякаў у далёкі закуточак нары правяраць, ці на месцы яго скарб.
Адасобленае жыццё пад зямлёй пазбаўляла Крата свабоды і радасці. Аднак ён ні на што не скардзіўся. Крот зусім не любіў свабоду і не шанаваў жыццё на паверхні зямлі. "Што там добрага? – казаў ён сам сабе. – Там бегаюць, крычаць, гаўкаюць і кусаюцца. А я тут адзін, і мне добра. І я ніколі не буду бедняком, бо я багаты!"
Ішлі дні, месяцы, гады. Крот старэў, а дрэвы ў парку разрасталіся. Яны не былі самотныя. Птушкі на іх галінах будавалі гнёзды, таму што дрэвы з радасцю аддавалі ім для гэтага зручныя месцы. Усё лета берасцянкі і пеначкі, дразды і салаўі дарылі парку свае новыя песні. Але набліжалася Восень, і пералётныя птушкі спяшаліся адляцець на поўдзень да надыходу першых халадоў. Затое ўвосень рабінавыя ягадкі і плады шыпшынніка любілі есці птушкі, якія заставаліся зімаваць у парку. Сінічкі і вераб'і, галкі і вароны з задавальненнем частаваліся такімі смачнымі стравамі і заадно весялілі ўсіх звонкімі галасамі.
Жвавы восеньскі Вецер кожны дзень шнарыў паміж дрэвамі і распавядаў ім апошнія навіны свету. Ён ведаў пра ўсё і нездарма, бо за дзень Вецер пралятаў шмат кіламетраў шляху.
– Ты прынясі мне вестку ад старой Галубкі. Яна жыве пад дахам вунь таго дома, што стаіць праз дарогу, – папрасіла Вецер старая высокая Ліпа, якая расла з краю парку. – Мне хочацца даведацца, як яна там? Ці не захварэла? Галубка даўно не прылятала да мяне. Я турбуюся за яе здароўе!
– Зараз злятаю! – адказаў шустры Ветрык і панёсся туды, каб даведацца пра здароўе сяброўкі Ліпы.
– Яна прыхварэла, але ўжо папраўляецца. Перадае вам прывітанне, – паспяшаўся ён данесці назад да Ліпы добрую вестку.
– Вось і добра, – супакоілася Ліпа. – Значыць, прыляціць да мяне ў госці.
Неўзабаве Восень афарбавала ўсе дрэвы ў цудоўныя жоўтыя, аранжавыя, чырвоныя колеры. А гарэза Вецер здзімаў з галін прыгожую лістоту і высцілаў зямлю рознакаляровым дываном.
"Мне б толькі сабраць букет з восеньскага лісця", – марыў пастарэлы Крот.
Ён чуў, як у небе курлыкалі жураўлі, адлятаючы ў далёкія краіны. Часам па зямлі стукалі дробныя кроплі восеньскага дажджу. Але Крот не любіў дождж...
І ўсё-такі аднойчы Крот вырашыўся і вылез з нары. Аднак ён не ўбачыў восеньскай прыгажосці, нічога не ўбачыў, акрамя мутнай заслоны перад вачамі! Стары Крот аслеп! За доўгія гады, праведзеныя ў цемры, яго вочы адмовіліся распазнаваць сонечнае святло.
– Што гэта? – мармытаў Крот. – Чаму я нічога не бачу? У мяне перад вачамі суцэльная шэрая заслона.
На яго шчасце з маленькай норкі, выкапанай пад кустом, выскачыла Мышаня. Яно ўбачыла бездапаможнага Крата, падбегла да яго і спытала:
– Чым вам дапамагчы, дзядуля?
– Я хачу сабраць букет з восеньскага лісця, але нічога не бачу, – пажаліўся Крот.
– Лісце? Дык вось жа яно! Яго вельмі шмат, і яно залатое! – піснула Мышаня.
– Залатое? – здзівіўся Крот. – І яго ніхто не ахоўвае?
– А навошта? Гэты дыван з залатога лісця падарыла Восень нам усім! – весела падскочыла Мышаня.
– Я люблю Восень, – задуменна прамовіў Крот.
– І я таксама, – радасна піснула Мышаня.
Неўзабаве ў лапах Крата красаваўся велізарны букет з яркай восеньскай лістоты. Так першы раз у жыцці Крот пасябраваў. І з кім? З маленькім Мышанём!
З тых часоў краціная нара заўсёды ўпрыгожана восеньскай лістотай і вясновымі кветкамі. Ва ўсіх кутках стаяць прыгожыя букеты. Узімку Крот не вылазіць з нары, таму што на зямлі ляжыць снег. А ўвесну, улетку і ўвосень ён спяшаецца на сустрэчу з любым сябрам Мышанём. Стары Крот зразумеў – даражэй за любоў і сяброўства няма нічога на свеце!
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
28.11.16