Блакітніца, Таполя і Ліхтар - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Блакітніца, Таполя і Ліхтар
Блакітніца, Таполя і Ліхтар
У парку ля ракі расла старая Таполя. Яе велізарныя галіны навіслі над лаўкай і Ліхтаром. Але Ліхтару гэта зусім не замінала. Ён адчуваў дотык лісця Таполі, і на душы ў яго было цёпла ад таго, што побач з ім жыве сапраўдны надзейны сябар.      Кожны пагодлівы дзень у парк прыходзілі бабулі і бацькі з дзецьмі. Дзеці каталіся на веласіпедах, роліках, самакатах, а дарослыя ўсаджваліся на лаўкі пад дрэвамі.
     Аднойчы ў парк прыйшлі рабочыя і напалову паспілоўвалі раскошныя галіны Таполі, растлумачыўшы свой учынак словамі:
     – Гэтыя тоўстыя галіны ў любы момант могуць абламацца і параніць тых, хто ў той час будзе сядзець на лаўцы пад дрэвам.
     Таполя заўсёды жыццярадасная і вясёлая, раптам засмуткавала і нават захварэла ад перажыванняў.
     – Як жа так! – не разумела старая Таполя. – Я столькі гадоў гадавала свае зялёныя галіны. Яны цешылі мяне ўвесну і ўлетку далікатнымі зялёнымі лісточкамі. А цяпер іх няма, застаўся толькі голы ствол!
     – Навошта яны гэта зрабілі! – маркоцілася дрэва. – Я стала падобная на нейкі голы абрубак!
     Ліхтар стаяў побач. Ён усё бачыў і разумеў, але дапамагчы Таполі не мог.
     – Сяброўка! Ды не перажывай ты так! Ва ўсіх бываюць няўдачы. Трэба жыць і цешыцца сённяшняму дню. Паглядзі, якое ў небе сонца! Цяпер вясна. На рацэ растаў лёд. Хутка з поўдня прыляцяць пералётныя птушкі! – падбадзёрваў Ліхтар старую Таполю.
     І сапраўды вясновае надвор'е ў парку рабіла цуды. Ручайкі расталага снегу збягалі ў раку, а на цёплых праталінах прабіваліся з зямлі маладыя зялёныя травінкі. Усё гэта дастаўляла радасць дрэвам, якія раслі ў парку. Яны ажывалі ад зімовых халадоў, на іх галінах набухалі покаўкі. Дрэвы рыхтаваліся да сустрэчы з пералётнымі птушкамі. Кожнае дрэва ведала, што хтосьці абавязкова паселіцца ў пустым леташнім гняздзечку на яго зелянеючай кроне.
     Вось толькі Таполя нікога не чакала, таму што яе галіны спілавалі. А на голым ствале ніхто жыць не захоча. Але, на шчасце, старая Таполя памылялася.
     У адзін з цудоўных сонечных сакавіцкіх дзянькоў да Таполі падляцела маленькая птушачка. Яна была падобная на звычайную сінічку. Вось толькі на галоўцы ў яе замест чорнага капелюшыка ззяў блакітны, а пярынкі на спінцы зіхацелі блакітнымі іскрынкамі нібы марскія хвалі.
     – Прывітанне! – прасвістала тонкім галаском прыгажуня-птушачка.
     Размахваючы яркімі крылцамі, яна абляцела вакол Таполі і працягнула сваю вясёлую песеньку-свірэльку:
     – Ці-ці-ці-і-і-і! Я саўю сабе на верхавіне гняздзечка. Мне тут падабаецца! Гэтая Таполя старая і таму вельмі мудрая. Яна не пакрыўдзіць мяне.
     – Не пакрыўджу, ніколі не пакрыўджу! – прашамацела старая Таполя кароткімі адпілаванымі галінамі.
     Яна была неверагодна здзіўлена. "Гэта цуд! – думала яна. – Птушачка жадае жыць на маёй спілаванай верхавіне!"
     – Хто ты, цудоўная птушачка? – у адзін голас спыталі Таполя і Ліхтар.
     – Людзі клічуць мяне Блакітніцай за блакітны колер майго апярэння, – адказала птушачка. – Я саўю гняздзечка і буду жыць побач з вамі круглы год, – праспявала яна.
     Усю вясну і лета Блакітніца начавала на верхавіне Таполі ў маленькім гняздзечку. Яно ў яе атрымалася добрае, утульнае і цёпленькае.
     – Ці-ці-ці-і-і-і! – штораніцы спявала Блакітніца радасным галаском любімую песеньку.
     Такая энергічная і вясёлая птушачка не дазваляла маркоціцца сваім сябрам, Таполі і Ліхтару. Ад добрага настрою Ліхтар свяціў яшчэ ярчэй, а ў Таполі нечакана выраслі новыя маладзенькія галінкі. Неўзабаве на іх заззялі зялёненькія лісцікі!
     – Якая ты малайчына! – цешыліся поспеху сяброўкі Таполі Блакітніца і Ліхтар. – Хутка будзеш такой жа зялёнай і маладой, якой была раней!
     А старая крактала і паскрыпвала, аднак цяпер яна ўжо вырашыла жыць доўга-доўга, бо на яе верхавіне – гняздо Блакітніцы. А яе задача – засцерагаць далікатную маленькую птушачку ад непрыемнасцяў.
     "Трэба паспрабаваць адрасціць вялікія галіны, – думала Таполя, – каб атуліць і абараніць ад непагадзі Блакітніцу".
     
     Непрыкметна прайшло лета. На змену цёплым вятрам прыляцелі халодныя восеньскія. З дрэў абсыпалася пажоўклая лістота. Усе алеі ў парку пакрыліся жоўта-барвовым дываном. Ды і праліўныя дажджы не прымусілі сябе доўга чакаць.
     Блакітніца пачала ўцяпляць гняздзечка. Яна нацягала новых дубчыкаў, травінак і моху.
     Паступова ўсе дрэвы агаліліся і прыгатаваліся да зімовых халадоў. Ліхтару і Таполі не трэба было прывыкаць да зімы. Яе яны ўжо шмат гадоў сустракалі. Вось толькі як жа іх маленькай сяброўцы перажыць зімовыя ледзяныя вятры і сцюжу? Дзе ўзяць ежу? Ні чарвячка, ні вусеня, ні нават мошкі ў мёрзлай зямлі не адшукаеш.
     Аднак, якая ж няўрымслівая гэтая птушачка! Нават позняй восенню, як толькі Сонейка вызірнула з-за шэрых хмар, яна радасна праспявала:
     – Ці-ці-ці-і-і-і! Маё Сонейка дарагое! Дзякуй табе за тваё цяпло!
     "Якая добрая наша Блакітніца! Хто б яшчэ мог ёй дапамагчы?" – думалі Таполя і Ліхтар. Яны адразу нават не заўважылі, як да іх падышлі дзеці. Гэта былі школьнікі, вучні першых класаў. Настаўнікі прывялі іх у парк збіраць восеньскія букеты.
     Дзеці заўважылі Блакітніцу ў той час, калі яна, адзіная ва ўсім парку, спявала сваю вясёлую песеньку-свірэльку.
     – Мы будзем яе зімой карміць! – вырашылі дзеці.
     І ў наступны свой шпацыр яны прынеслі новенькую кармушку, якую змайстравалі для птушачкі. З дапамогай настаўніцы школьнікі прымацавалі кармушку да дрэва.
     Усю зіму ў кармушцы была ежа. Людзі – дзеці і дарослыя – дапамагалі Блакітніцы дажыць да наступнай вясны. І так будзе кожную зіму, таму што добрыя людзі заўсёды дапамагаюць маленькім слабым птушачкам.
     
     Жывуць у парку ля ракі тры сябры – Таполя, Ліхтар і Блакітніца. Яны шчаслівыя, жыццярадасныя і не баяцца цяжкасцяў. А той, хто не здаецца і ўмее змагацца, заўсёды знаходзіць добрых надзейных сяброў.
     У сапраўдных сяброў ёсць галоўны дэвіз:
     – Адзін за ўсіх і ўсе – за аднаго!
     
      Гэтая казка на рускай мове
28.11.16