Тайговыя сябры (чытае Ліка Пташук)
Маленькія зайчаняты, Пушок і Вушасцік, жылі ў вялікім тайговым лесе. Хатка, дзе яны пасяліліся разам са сваімі бацькамі, стаяла пад высокімі елкамі. Летнімі дзянькамі Пушок і Вушасцік любілі гуляць на паляне каля сваёй хаткі. А там так цудоўна! Птушачкі спяваюць, сонейка свеціць! І можна пагуляць у што заўгодна – хоць у хованкі, хоць у даганялкі, хоць у мячык ці нават у бадмінтон. Але больш за ўсё маляняты палюбілі лавіць падхватнікам матылькоў. Вядома ж, малыя не мучылі матылькоў. Зайчаняты толькі любаваліся на іхнія маляўнічыя крылцы, а потым адпускалі прыгажуноў на волю. Пушок і Вушасцік памяталі, як выглядаў кожны з матылькоў, які калі-небудзь трапляў да іх у падхватнік. Яны ведалі, што ва ўсякага матылька свой незвычайна прыгожы малюнак на крылцах.
За пагоркам, ля старой хвоі, у бярлозе жыў дзядуля Мядзведзь. Узімку ён спаў круглыя суткі, а ўлетку – хадзіў па лесе, збіраў маліны, суніцы, а яшчэ, на рэчцы лавіў рыбу. Зайчаняты таксама хадзілі да ракі з мамай, бо мама баялася адпускаць іх туды адных.– А калі мы вырасцем? – неяк спыталі ў сваёй мамы зайчаняты.
– Ды ўжо хутка! Да зімы!
– Як добра! – радаваліся Пушок і Вушасцік. – Тады мы зможам адны бегаць па лесе і гуляць ля ракі.
Надышла восень. У яркія сонечныя дні зайчаняты назіралі, як з бярозак і асін, ліп і рабін, дубоў і клёнаў, нібы матылькі, зляталі аранжавыя, жоўтыя, барвовыя лісточкі. Кружачыся ў паветры, яны павольна падалі на зямлю. І там, куды ападала лістота, зямля пакрывалася яркім залацістым покрывам.
– Як тут хораша! – захапляліся зайчаняты, бегаючы па шапаткім дыване з восеньскага лісця.
За лета і восень Пушок і Вушасцік падраслі, іх вушкі і лапкі сталі даўжэйшымі, толькі хвосцікі засталіся такімі ж кароткімі і пухнатымі.
Аднак услед за яркімі восеньскімі фарбамі ў тайгу прыйшлі халады. Цяпер усё часцей ішлі дажджы, у лесе стала ціха і няўтульна. Раніцой зайчаняты глядзелі ў неба і бачылі там вялікія чароды птушак.
– Мама! Куды ляцяць жураўлі, качкі і лебедзі? Паглядзі! Яны ўжо не садзяцца на зямлю і не купаюцца ў рацэ, – дапытваліся зайчаняты.
– Птушкі ляцяць зімаваць на Поўдзень у Вырай, – сумна адказвала мама Зайчыха. – А нам трэба перачакаць халады ў нашай хатцы. Снег ахіне яе з усіх бакоў, і тады нам у ёй будзе цяплей.
– Як дрэнна, што хутка прыйдзе зіма, – засмучаліся зайчаняты.
Хоць яны і падраслі, ім усё яшчэ было неяк непрыемна сустракацца з незнаёмымі халадамі і снегам.
А калі прыйшла зіма, аказалася, што браты дарма яе баяліся. Зіма падарыла ім цёплыя белыя кажушкі, у якіх было зусім не холадна. У хатцы, захутанай з усіх бакоў пухнатым снегам, таксама было ўтульна. Аднак увесь час сядзець пад замком моладзь не любіць. Асабліва такая, як Пушок і Вушасцік.
– Мама! – сталі ўпрошваць матулю дзеці. – Мы хочам пайсці да ракі. Яна ўжо замёрзла. Тата казаў, што лёд вельмі дужы, і на ім можна нават пакатацца!
Мама зайчыха так і не змагла ўгаварыць сваіх пасталеўшых сыноў застацца дома ў цяпле. Зайчаняты адправіліся на раку. А там зімовая прыгажосць! Рака замёрзла, усё блішчыць! Сонейка водзіць праменьчыкамі па крышталёвым лёдзе!
Вось толькі хто гэта там, на лёдзе? Зайчаняты насцярожыліся. Можа гэта воўк ці ліса? Тады трэба ўцякаць і хавацца ад іх у сваёй хатцы!
Не! Гэта таксама зайчаняты!
– Вы адкуль такія? – здзівіліся Пушок і Вушасцік.
–З таго берага ракі.
– А! Значыць, зараз усю зіму мы будзем гуляць разам! – узрадаваліся браты.
Быццам някемлівыя маляняты, Пушок і Вушасцік бегалі і коўзаліся па тоўстым лёдзе змёрзлай ракі. Ім было так цікава і весела! Яны знайшлі новых сяброў!
А калі прыйшла вясна, лёд на рацэ пачаў раставаць. Цяпер мама ўжо не адпускала сваіх сыноў на раку.
– Гэта вельмі небяспечна, – казала яна. – Можна праваліцца пад лёд і патануць у рацэ. Што я тады буду рабіць без вас! Вы ж для мяне даражэй за ўсё на свеце!
Зайчаняты разумелі, пра што казала мама, і не маглі не паслухацца. Вось толькі сваіх сяброў, якія жылі на іншым баку ракі, яны не збіраліся губляць. Усю вясну, лета і восень Пушок і Вушасцік пасылалі ім прывітанні. Але хто ж іх адносіў?
Пра гэта можна толькі здагадвацца. Можа прывітанні адносілі знаёмыя зайчанятам птушкі? Не, хутчэй за ўсё, гэта рабілі матылькі, калі толькі яны змаглі пераляцець на іншы бок ракі. Аднак лясная рака не вельмі шырокая. А на тонкія крылцы матылька прыляпіць лёгенькае прывітанне сваім сябрам зусім не цяжка!
Гэтая казка на рускай мове
25.11.16