Восеньскі ўбор для лялькі
У нядзелю мама, тата і пяцігадовая Лізанька з'ехалі на дачу. І хоць лета ўжо скончылася, работа на дачы яшчэ засталася. Маме трэба было выкапаць моркву і буракі, тату – абкапаць і ўцяпліць дрэвы ў садзе, а Лізаньцы – навесці парадак у сваім пакоі. На дачы ў яе засталіся цацкі, якія трэба было добра скласці і забраць у гарадскую кватэру.
Прыехаўшы на дачу, бацькі тут жа ўзяліся за работу, а Лізанька не магла адарваць позірку ад кветніка. Там яшчэ цвілі хрызантэмы і вяргіні, ды такія прыгожыя – бардовыя, цёмна сінія, чырвоныя, залатыя.– Лізанька! Ідзі ж у дом, разбярыся са сваімі цацкамі! – папрасіла мама. – Праз две гадзіны нам трэба ехаць назад. Ты не паспееш!
Дзяўчынка нехаця адышла ад кветак і ўвайшла ў дом. На падлозе ляжаў яе любімы Пятрушка, лялька Каця сядзела ў куце ля стала, а плюшавы Мішка спаў на канапе. Валосікі ў лялькі растрапаліся, а ў Пятрушкі зляцеў каўпак.
– Эх вы, – паўшчувала іх Лізанька. – За цэлы тыдзень не маглі прывесці сябе ў парадак!
Яна падняла цацкі з падлогі, паправіла прычоску ляльцы, надзела каўпак Пятрушку. Потым склала ўсе цацкі ў вялікую маміну торбу. Але неўзабаве дзяўчынцы захацелася гуляць. Яна зноў дастала з торбы ляльку Кацю і панесла ў двор.
– Бачыш, колькі ў мяне спраў! – тлумачыла Лізанька ляльцы. – Пайду дапамагу маме, а ты, пакуль што, пасядзі тут.
Яна пасадзіла ляльку Кацю каля сцяны хаты і пабегла да мамы...
А калі настаў вечар, і ўсе справы ў гародзе і садзе былі перароблены, мама, тата і іх дачка селі ў аўтамабіль і паехалі ў горад. У вялікай мамінай торбе спалі Пятрушка і плюшавы Мішка. Сваю ляльку Кацю Лізанька так і пакінула сядзець на дачы каля сцяны дома. Дзяўчынка проста забылася зноў пакласці яе ў торбу. Толькі позна ўвечары Лізанька ўспомніла пра ляльку і вельмі расхвалявалася.
– Мама! – сумна сказала яна, выціраючы слёзкі. – Лялька Каця там загіне. Яе з'ядуць ваўкі альбо мышы!
– Не плач, дачушка! – супакоіла яе матуля. – Твая лялька будзе ціхенька сядзець, і ніхто яе не заўважыць. А ў наступную нядзелю мы зноў прыедзем на дачу і забяром яе.
Менавіта іншага выйсця з такога непрыемнага становішча не было. Мама з татам кожны дзень хадзілі на працу, а Лізанька – у дзіцячы сад. Заставалася адно – чакаць наступнай нядзелі і спадзявацца, што з лялькай нічога не здарыцца. "Яна ў мяне разумная і ціхая", – вырашыла дзяўчынка і супакоілася.
Але ўсё атрымалася зусім не так.
Усю ноч лялька Каця не спала. Яна трэслася ад холаду і страху. Восеньскія ночы зябкія і халодныя. Яшчэ добра, што не пайшоў дождж. Раніцай лялька вырашыла ўвайсці назад у дом. Яна пхнула ўваходныя дзверы, але тыя былі замкнёныя. "Што ж мне рабіць? – засмуцілася лялька. – Мне так холадна тут! Лізанька нават не надзела на мяне палітко, не завязала капялюшык!"
І тут да лялькі падляцела Сінічка:
– На цябе забыліся? – празвінела яна звонкім галаском. – Пойдзем у лес! Там цяпер жыве Восень. Папрасі ў яе восеньскі ўбор. Ён сагрэе цябе. Бяжы за мной! Я прывяду цябе ў лес.
Сінічка паляцела наперад, а лялька пабегла следам за ёй. Лес аказаўся зусім побач, і ляльцы не прыйшлося доўга бегчы. Добрая Сінічка ведала, дзе ў той час знаходзілася Восень, і прывяла ляльку Кацю ў бярозавы гай.
– Вунь яна, ідзі да яе! – Сінічка махнула крылцам, паказваючы ляльцы на дымок ад вогнішча.
Ля вогнішча сядзела маладая дзяўчына. Яна паглядзела на ляльку загадкавым позіркам, а потым усміхнулася светлай усмешкай. Лялька Каця не магла прамовіць ніводнага слова. Яе зачаравала гэтая казачная прынцэса з доўгімі рыжымі хвалістымі валасамі і вялікімі цёмнакарымі вачамі.
– Якая маленькая дзяўчынка! – здзівілася Восень.
– Я не дзяўчынка, а лялька Каця. Мяне забылася Лізанька, таму цяпер мне трэба чакаць яе цэлы тыдзень. А ночы халодныя. Я змерзла, і мне вельмі сумна.
– Як жа так! – пашкадавала ляльку Восень. – Цэлы тыдзень чакаць. Калі б я ведала адрас тваёй гарадской кватэры, то адвезла б цябе дадому. Але адрас мне невядомы. Таму я дапамагу табе тут. Я апрану цябе ў восеньскі ўбор. Ён з кляновага лісця, але ты сагрэешся. Гэта не простая, а спецыяльная адзежа.
Чараўніца Восень узмахнула залацістай хустачкай, і на ляльцы з'явіўся новы ўбор. Ён атуліў яе з галавы да пят.
– Што, цяплей стала? – спытала Восень.
– Так, мне нават вельмі цёпла, – усміхнулася лялька. Яна і сапраўды сагрэлася. Ляльцы здавалася, што яна апранулася ў самае звычайнае палітко з восеньскіх лісточкаў!
– А цяпер ідзі на дачу, – прамовіла Восень. – Я ўжо прыгатавала табе цёплы будан. Ён знаходзіцца ля ганка. Будзеш спаць на ложачку з бярозавага лісця і моху, пакуль за табой не прыедзе твая Лізанька.
– Вялікі дзякуй табе, добрая Восень! – узрадавалася лялька Каця і пабегла назад.
Сінічка чакала яе і адвяла на дачу.
– Вось бачыш, усё добра! Дзінь-дзінь! – цешылася птушачка разам з лялькай.
Будан з восеньскай лістоты вельмі дапамог ляльцы. Яна змагла шчыльна зачыніць на ноч яго дзверцы, каб спакойна спаць у поўнай цішыні. Цяпер ні мышы, ні ваўкі, ні сабакі ёй не былі страшныя. Уначы да ганка падышла кошка. Яна абнюхала ўвесь будан, паваркатала і пайшла да сябе ў суседні дом.
Увесь тыдзень лялька гуляла ў двары і ў садзе. Мясцовыя птушкі – галкі і вераб’і, вароны і сарокі – прыляталі ў сад, каб паглядзець на ляльку Кацю і ацаніць яе восеньскі ўбор.
А ў пятніцу прыляцеў нават Крумкач з далёкага лесу. Праўда, ён быў не стары, а малады.
– Мяне паслала чараўніца Восень спытаць, ці не трэба табе чаго яшчэ? – пацікавіўся ён.
– Не трэба. Усё добра. Дзякуй вам за клопат пра мяне! – падзякавала лялька Каця. – У нядзелю мяне забярэ Лізанька ў горад.
У прызначаны дзень лялька ўстала раненька, заслала ложачак, прыгладзіла лісточкі на восеньскім палітко, пазачэсвала валосікі і стала чакаць сваіх добрых сяброў. Неўзабаве ў двор уехаў аўтамабіль, а ў ім занепакоеная дзяўчынка. Лізанька хуценька падбегла да сцяны дома, дзе пакінула сваю ляльку. Але яе там не аказалася. Затое дзяўчынка ўбачыла, што поруч ганка з'явіўся маленькі будан з восеньскай лістоты, а ў ім ложачак з бярозавага лісця і моху. На шчасце, на тым ложачку сядзела лялька Каця, яе было не пазнаць у яркім восеньскім уборы!
– Якая ты прыгожая! – захапілася Лізанька.
Не, яна не стала ні пра што распытваць ляльку. Дзяўчынцы ўсё і так было зразумела. Яна толькі папрасіла прабачэння ў сваёй лялькі і тут жа аднесла яе ў аўтамабіль.
Увечары ўся сям'я зноў паехала ў горад. Разам з Лізанькай у абдымку на заднім сядзенні спала стомленая лялька Каця. Цяпер яна была спакойная, бо вярталася дадому.
А той цёплы будан, які чараўніца Восень змайстравала для лялькі Каці, неўзабаве знік. Восень аддала яго камусьці іншаму, магчыма таму, хто ў той момант таксама замярзаў, як нядаўна замярзала лялька Каця.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
15.10.16