Дзень нараджэння (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзень нараджэння (чытае Ліка Пташук)
Дзень нараджэння (чытае Ліка Пташук)
У Дуняшы ёсць старэйшы брат Пеця. У яго сёння дзень нараджэння. Яму споўнілася дзесяць гадоў. Усе сваякі прыйшлі яго віншаваць. Прынеслі падарункаў – цэлае мора. І такіх цудоўных! Нават спартыўны веласіпед падарылі і футбольны мяч. А дзень нараджэння Дуняшы даўно прайшоў, і на яго не прыходзіла столькі гасцей з падарункамі. Крыўдна стала дзяўчынцы!      "Хутчэй бы надышоў мой дзень нараджэння, – марыла Дуняша, гуляючы ў хаце са сваёй старэнькай лялькай. – Тады б я запрасіла шмат гасцей, і ўсе яны дарылі б мне падарункі. Шкада, што гэты дзень яшчэ не скора. А вось і не! – хітра ўсміхнулася дзяўчынка. – У мяне сёння таксама дзень нараджэння!"
     Вырашыўшы так, Дуняша пабегла ў двор, каб усім, каго толькі сустрэне, паведаміць пра тое. Няхай прыходзяць да яе і дораць ёй падарункі, гэтак жа, як і Пеце.
     – Цёценька! – крыкнула дзяўчынка ўслед суседцы, якая прайшла міма яе. – У мяне сёння дзень нараджэння!
     – Віншую цябе, Дуняша! Трымай цукерку.
     Задаволеная сваёй выдумкай, Дуняша пабегла далей. У пясочніцы яна сустрэла суседскага хлопчыка з сабакам і прамовіла:
     – У мяне сёння дзень нараджэння!
     – Віншую! – адгукнуўся хлопчык. – Хочаш жвачку?
     “Ура! – усміхнулася хітруга. – Збегаю да Марынкі. Яна мне падорыць сваю новую ляльку!”
     Праз пару хвілінак Дуняша ўжо была ў кватэры сваёй сяброўкі:
     – Марынка! У мяне сёння дзень нараджэння. Ты мне падорыш ляльку?
     – Праўда? – здзівілася Марынка. – Віншую! А якую ляльку ты хочаш?
     – Вось гэту ў чырвонай сукеначцы.
     – Добра. Бяры! – пагадзілася сяброўка. – Мне для цябе нічога не шкада.
     – Дзякуй!
     З радасцю, што атрымалася яе задумка, дзяўчынка пабегла дахаты.
     Там яе сустрэла бабуля:
     – Дуняша! Што гэта ў цябе за лялька?
     – А мне яе падарыла Марынка, бо сёння мой дзень нараджэння! – яшчэ не паспеўшы апамятацца, з ходу крыкнула ўнучка.
     – Вось як! Ці разумееш ты, што ўсё тое, што ты зрабіла, вельмі дрэнна? – прамовіла бабуля, з дакорам паглядзеўшы на ўнучку. – Нядобра ашукваць сваіх лепшых сяброў. Дуняша, што ты будзеш рабіць, калі надыдзе твой сапраўдны дзень нараджэння? Табе будзе сорамна! Схадзі да сяброўкі, вярні ёй ляльку! – настойвала бабуля.
     – Нізавошта! Яна – мой падарунак. Бабулечка! Так цудоўна, калі ў цябе дзень нараджэння. Я пагуляю трохі з лялькай і аднясу. Добра?
     – Добра, – пагадзілася бабуля. – Але ведай, што дзень нараджэння бывае толькі раз у годзе. На твой дзень нараджэння ты абавязкова атрымаеш выдатныя падарункі. Толькі трэба навучыцца чакаць і нікому не зайздросціць!
     
     
      Гэты аповед на рускай мове
10.10.16