Я табе яго не дам
У адным горадзе жылі дзве сяброўкі. Звалі іх Галя і Вераніка. Галі было дзевяць гадоў, а Вераніцы – восем з паловай. Галя лічыла сябе галоўнай у гэтым сяброўстве, ва ўсіх гульнях і справах яна старалася стаць “камандзірам”, інакш кажучы, лідарам.
Вераніцы гэта не вельмі падабалася. Але яна любіла Галю і не хацела сварыцца з сяброўкай, таму заўсёды слухалася свайго "камандзіра".А дома ёй часта даводзілася ўсё рабіць самой, і яна даўно лічыла сябе самастойнай. Дзяўчынка прачыналася раніцай па будзільніку, гатавала сабе сняданак, калі ў гэты час мама была на працы, самастойна вучыла ўрокі і нават іншы раз хадзіла ў краму за прадуктамі. Мама Веранікі вельмі многа працавала, каб зарабіць больш грошай. Ёй не хапала часу на дамашнія справы і ўсё таму, што таты ў Веранікі не было. Дзяўчынку гадавала адна мама.
Неяк улетку сяброўкі гулялі ў двары. Ім, як і ўсім дзяўчынкам, хацелася пахваліцца чымсьці новым і цікавым. Сяброўкі спецыяльна дамовіліся, што дадуць адна адной пагуляць з "сакрэтамі", якія былі схаваны ў іх маленькіх дзявоцкіх сумачках.
– Што ў цябе там ляжыць? – спытала Галя. – Ты першая паказвай.
– Гэта старыя бабуліны гадзінічкі. Яны ўжо не ідуць. Але паглядзі, якія прыгожыя! – пахвалілася Вераніка.
– Дай сюды! – скамандавала Галя.
Вераніка дастала гадзінічкі і паслухмяна аддала Галі.
А сяброўка тут жа схавала іх у сваю сумачку:
– Я пагуляю з імі. Мы ж дамовіліся! – сказала яна.
– Цяпер ты паказвай, – Вераніка зірнула на сяброўку.
– А ў мяне нічога няма, нічога няма! – з'едліва адказала тая.
– Але мы так не дамаўляліся, – пакрыўдзілася Вераніка. – Я бачу, у тваёй сумачцы штосьці ёсць.
– Гэта сабачка.
– Які сабачка?
– Недатыкальны. Яго мне мама прывезла з камандзіроўкі.
– Ну і што. Я хачу паглядзець.
Галя неахвотна адчыніла сумачку і паказала плюшавага сабачку.
– Бачыш, які прыгожы! – выхвалялася яна. – Такога тут не купіш. Мама прывезла яго з-за мяжы.
– Ты ж абяцала мне даць пагуляць.
– Не дам! Мама не дазваляе.
– Тады аддавай назад мае гадзінічкі, – запярэчыла Вераніка.
– Заўтра аддам, – Галя ўскочыла з лаўкі і памчалася дамоў.
Увечары дома Вераніка была незвычайна сумная. Гэта заўважыла яе мама. Але дачка нічога не распавядала. Мабыць ёй не хацелася казаць дрэнна пра Галю, бо яны – сяброўкі. Хаця, на сэрцы ў Веранікі было неспакойна і нерадасна. Яе пакрыўдзіла і, можа быць, нават зняважыла лепшая сяброўка. Назаўтра дзяўчынкі гулялі моўчкі. Вераніка чамусьці яшчэ не змагла дараваць Галі за ўчарашнюю крыўду...
З таго дня прайшло шмат гадоў. Дзяўчынкі выраслі і самі сталі мамамі. Іх дзеці – Саша, сын Галі, і Міця, сын Веранікі, гуляюць у тым жа двары. Як яны павядуць сябе? Ці будзе Саша паўтараць памылкі мамы ў сяброўстве з Міцей?
Не, не будзе. Чаму?
Ды таму, што цяпер у іх сяброўстве ўсё наадварот.
Сын Веранікі вырас самастойным, такім жа, якой была калісьці ў дзяцінстве яго мама. Ён усё ўмее рабіць сам, таму што мама ездзіць у далёкія камандзіроўкі, а бабуля дазваляе ўнуку быць гаспадаром у іх доме.
Сын жа Галі вырас слабахарактарным. Мама не давала яму нагоды навучыцца самастойнасці.
Саша слухаецца Міцю. Вось толькі Міця ніколі не крыўдзіць Сашу. Такіх прыкладаў не было ў яго сям'і. Міця паважае сябра і імкнецца яму дапамагаць там, дзе гэта неабходна.
Гэты аповед на рускай мове
9.10.16