Восеньскі падарунак для бабулі
Неяк восеньскім вечарам я ішла з крамы дахаты. Ля самай хаты мяне хтосьці дагнаў. Я азірнулася. Гэта быў хлопчык гадоў васьмі. На яго твары ззяла радасная ўсмешка, а ў руцэ ён трымаў яркі тэракотавы парасонік.
– Добры вечар! – пачуўся звонкі галасок хлопчыка.– Добры вечар! – адказала я. – Але ж цяпер няма дажджа.
– Няма. А мне ўсё роўна падабаецца ісці пад парасонікам, бо яго мне падарыў Каштан у парку, – пахваліўся хлопчык.
– Сапраўды? – здзівілася я.
– Я збіраў яго плады, каштаны. Яны ляжалі пад ім на зямлі.
– Навошта ты іх збіраў?
– Яны патрэбныя маёй бабулі для лячэння.
– А Каштан дапамагаў табе збіраць плады? – пацікавілася я.
– Так. Ён падарыў мне гэты парасонік, калі пайшоў моцны дождж, – адказаў хлопчык.
– Дзе ж Каштан узяў парасонік? Мабыць, хтосьці забыўся на яго, калі шпацыраваў у парку, – выказала я здагадку.
– Не. Гэты парасонік аднекуль прынесла Восень. Ён вытканы з восеньскага павуціння і чырвонага лісця, – паведаміў мне хлопчык.
– Выдатна! Безумоўна, ён чароўны!
– Вядома! Калі я яго расчыніў, у мяне адразу падняўся настрой, і галава перастала балець.
– Значыць, ён лячэбны.
– Так. Панясу яго дахаты, аддам бабулі. Ён паможа ёй паздаравець.
– Правільна. Моцнага здароўя табе і тваёй бабулі, – сказала я, падыходзячы да свайго пад'езда.
А хлопчык, радасна падскокваючы, пабег далей.
Гэтая казка на рускай мове
8.10.16