Залатыя зорачкі Восені
У адной сям'і падрасталі дзеці – шасцігадовы Янка, трохгадовая Паўлінка і маленькі гадавалы Васілёк. У восеньскі, але вельмі сонечны дзянёк мама вырашыла звадзіць дзяцей у парк ля ракі. Цяпер там так хораша! Дрэвы афарбаваліся ў залатыя і барвовыя колеры. Сонейка свеціць, а паветра ледзь халаднаватае, але вельмі свежае.
– А што мы будзем у парку рабіць? – спытаў Янка.– Катацца на арэлях і збіраць букеты з восеньскага лісця.
– Ура! – узрадавалася Паўлінка. – Я збяру букет для маёй лялькі Машы. А Васілёк паедзе з намі?
– Абавязкова. Я яго пасаджу ў каляску, – адказала мама.
Дзеці тут жа сталі збірацца на шпацыр – апранаць свае куртачкі, капялюшыкі і чаравічкі.
Пра тое, што адбывалася ў гэты час у парку, малышы нічога не ведалі. А там гасцяваў Прынц Восені. Ён катаўся на арэлях і весела махаў маленькімі ножкамі. Апрануты маленькі Прынц быў у яркі залацісты плашч, а на галоўцы ў яго зіхацеў вялікі капялюш з рознакаляровага кляновага лісця. Прынцу Восені так спадабалася катацца, што ён узлятаў пад самае неба!
Лісце на яго капелюшы, вядома ж, было не простае, а чароўнае. Толькі з выгляду яно нічым не адрознівалася ад звычайных кляновых лісточкаў. А калі капялюш на галоўцы ў Прынца ўзлятаў угару разам з арэлямі, лісце з яго абсыпалася ўніз і клалася на траву.
Аднак неўзабаве ўсё гэта “гушканне” Прынца Восені спынілася, бо ён знік. Куды? Невядома. Мабыць, маленькі Прынц Восені пабег шукаць новыя дзіцячыя забаўкі, бо ён быў яшчэ зусім малы.
Што ж здарылася потым на дзіцячай пляцоўцы з тымі чароўнымі кляновымі лісточкамі, якія абсыпаліся з яго капелюша і ляжалі ў траве?
Калі дзеці разам з мамай прыйшлі ў парк, яны адразу ж звярнулі ўвагу на яркае нібы пазалочанае кляновае лісце, якое ляжала на траве недалёка ад арэляў. Янка з Паўлінкай склалі з гэтых кляновых лісточкаў прыгожыя восеньскія букеты, а потым панеслі дадому.
Увечары ў вялікім пакоі на стале красаваўся кляновы букет Янкі, а ў лялькі Машы на галоўцы з'явілася карона з кляновых “зорачак”. Як жа светла і сонечна стала ў пакоях! І ўсё таму, што чароўнае лісце ператварыла ўсю іх кватэру ў сапраўдную казку!
Лялька Маша цяпер была казачнай прынцэсай! Усе сяброўкі Паўлінкі па чарзе гулялі з ёй.
А чароўны кляновы букет прастаяў на стале цэлы год! Ён прыносіў шчасце ўсёй сям'і, ратаваў ад хвароб і няўдач, дарыў светлы добры настрой.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
6.10.16