Дапытлівы Васілёк
Ох, якая прыгожая Кветка вырасла ў лесе на сонечнай палянцы ў асяроддзі званочкаў, стакротак, незабудак і начных фіялак! Яна была падобная на чароўную зорачку. Яе вясёлыя сінія вочы ўсміхаліся ўсім-усім-усім! Цэлы дзень Кветка хадзіла па палянцы і пасябравала літаральна з усімі кветкамі. Дапытлівая, яна даведалася ад новых сяброў шмат цікавага. Кветкі распавялі ёй, што на палянку часта заглядвае Сонейка. Днём яно ходзіць па небе, а ўвечар хаваецца за дрэвамі. А яшчэ сябры паведамілі Кветцы, адкуль на палянку прылятае Ветрык, і дзе жывуць пчолы. Да ночы юная сінявокая Кветка вельмі стамілася і хутка заснула.
Назаўтра яна прачнулася раней за ўсіх і першай прывіталася з паласатай Пчолкай. Тая прыляцела на палянку і моцна гула, таму што хацела разбудзіць знаёмыя пахкія кветкі. Папрасіўшы ў іх смачнага нектару, Пчолка лоўка напакавала ім свой хабаток і ўжо хацела ляцець назад, да сваёй хаты-вулея.Але тут цікаўная Кветка раптам запыталася ў яе:
–Шаноўная Пчолка, можа, ты ведаеш, хто жыве за лесам, вунь на тым жоўтым полі?
– Ж-ж-ж! Пшанічныя Каласкі, – адказала Пчолка.
– Калі ласка, пазнаём мяне з імі, – папрасіла дапытлівая Кветка.
– Добра, ж-ж-ж, – загула Пчолка. – Ляці за мной!
І яна паляцела наперад, а Кветка пабегла следам, бо яна не ўмела лётаць.
А там, на жоўтым полі, усё было па-іншаму, таму што Пшанічныя Каласкі не падобныя на кветкі. Яны глядзелі на сінявокую Кветку зверху ўніз. Іх сцеблы-ножкі былі нашмат вышэйшымі за Кветкі.
– Якія вы вялікія і вусатыя! – здзівілася назіральная Кветка. – А яшчэ ў вашых галоўках спеюць зярняткі. Як цікава!
– Сапраўды, мы такія! – зашумелі Пшанічныя Каласкі. – Затое ўвосень людзі збяруць усе нашы зярняткі, каб змалоць іх у муку. А з мукі потым спякуць смачныя пірагі і духмяныя булачкі!
– Дзіўна! – усміхнулася Кветка. – Мне цікава паглядзець, як людзі будуць усё гэта рабіць. Можна я прыйду да вас у госці яшчэ раз? – спытала яна ў Каласкоў.
– Прыходзь! Мы будзем рады! – адклікнуліся Пшанічныя Каласкі.
І юная Кветка пабегла дахаты.
На наступную раніцу на сонечную палянку прыляцеў вялікі чарнавокі Чмель. Ён гэтак жа, як і Пчолка, збіраў пахкі нектар. Сінявокая Кветка даведалася, што Чмель жыве ў маленькай норцы каля жытняга поля разам са сваёй сям'ёй. Таму дапытлівая Кветка папрасіла Чмяля адвезці яе на гэта жытняе поле.
– Яно далёка, вунь за тым пагоркам. Ты стомішся бегчы туды, – папярэдзіў яе Чмель.
Але цікаўная сіняя Кветка нічога не баялася. Ёй так хацелася даведацца, якое яно, жытняе поле, што яна адважна адправілася ў дарогу. І нездарма! Жытняе поле было падобнае на пшанічнае. Толькі Жытнія Каласкі аказаліся амаль такога ж росту, як і сама Кветка. А яшчэ на полі рос Рамонак! Ён быў такі прыгажун у ажурнай белай сукеначцы і жоўценькай панамцы! Рамонку спадабалася сінявокая Кветка, і яны весела гутарылі. А Жытнія Каласкі глядзелі на радасныя кветкі і ўсміхаліся. Ім даўно хацелася пазнаёміць свайго кватаранта Рамонка з кім-небудзь добрым і вясёлым.
– З вашых зярнятак таксама пякуць смачныя пірагі і булачкі? – спытала Кветка.
– Так, толькі спачатку ўсе зярняткі трэба змалоць у муку, – растлумачылі Жытнія Каласкі.
– Я гэта ведаю, – памахала галоўкай Кветка.
– А потым з мукі пякуць чорны хлеб. Ён вельмі смачны і дае шмат сілы, – Жытнія Каласкі важна пакалыхалі доўгімі вусікамі.
– Якія вы малайцы! – пахваліла Каласкі сінявокая Кветка.
Ёй так спадабалася гэта жытняе поле, што яна вырашыла трохі пажыць на ім побач з цудоўным Рамонкам. Але ўжо праз два дні Кветцы захацелася адправіцца яшчэ куды-небудзь, каб пазнаёміцца яшчэ з кімсьці. Залётны Ветрык павёў яе за далёкі лес на аўсянае поле. Там сінявокая Кветка ўбачыла шмат аўсяных Мяцёлачак. Яны трапяталі на ветры і сціпла апускалі галоўкі-званочкі.
– З нашых зярнят можна зварыць смачную кашу, – распавялі яны дапытлівай Кветцы.
Шмат гадоў сінявокая Кветка бегала па палях і паступова даследавала ўсю родную старонку. Кветачка стала сапраўднай вандроўніцай. Людзі прымячалі яе па пухнатай сіняй галоўцы і вясёлай прамяністай усмешцы.
– У майго сыночка Васілька вочы такога ж сіняга колеру, як у гэтай кветкі, – казаў адзін чалавек другому, працуючы ў полі.
Вось так, Васільком, з тых часоў людзі і завуць сінявокую Кветку. Васілёк можна ўбачыць на палях паміж каласамі пшаніцы, жыта, аўса і рапсу, на лугах і на лясных палянах. Яго любяць усе – людзі і расліны. Васілёк лагодны, не шкодзіць нікому, а толькі ўпрыгожвае залатыя палі сінімі зорачкамі.
Аднойчы ішла Алёнка з лесу з поўным кошыкам грыбоў. Праходзячы праз поле, дзяўчынка ўбачыла Васілёк. Падышла да яго, але не сарвала, а толькі пагладзіла і пацалавала. А потым песню склала пра любую кветачку.
Вось паслухайце:
Ты ўбачыш здалёк
Сінявокі Васілёк.
Упрыгожвае наша поле
Ён сваім цудоўным колерам.
Зіхацяць тут і там
Вельмі ветлівыя зоркі.
Святла, шчасця дадаюць
Маёй дарагой старонцы.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
27.09.16