Напярэдадні школы
У апошні летні тыдзень апусцелі гарадскія двары, дзіцячыя летнія лагеры. Зараз дзецям трэба было думаць аб школе. Мамы і бабулі, нават таты ў гэты час вядуць свайго дзіця ва ўнівермаг ці на школьны кірмаш, каб купіць яму школьную форму, сшыткі, дзённік, ручкі, алоўкі, альбом для малявання, нотны сшытак. Цяжка пералічыць усе прылады, якія спатрэбяцца школьніку ў надыходзячым навучальным годзе. А ў вітрынах крамы на шкляных паліцах столькі прывабных школьных "штучак"!
Вось выстраіліся ручкі з алоўкамі – яркія, бліскучыя, размаляваныя малюначкамі. Вы толькі паглядзіце на гэтыя пеналы для дзяўчынак! Яны, нібы творы мастацтва, абсыпаны бліскаўкамі, зорачкамі, размаляваны каляровымі ўзорамі. "Сціркі", тыя наогул усіх перагналі, дэманструюць персанажы з пацешных мультыкаў і камп’ютэрных гульняў. Тачылкі падобны на цацачныя хаткі, на дзіўных звяркоў. Ды што тут казаць! Калі ласка, выбірайце, пакупнікі! Ва ўнівермагу ёсць усё на любы густ.Заклапочаныя бацькі стаяць з дзецьмі ў чэргах за школьнымі прыладамі. Цана на гэтую яркую разнастайнасць не танная. Ды і самі дзеці ўсё разумеюць, таму і не спяшаюцца з выбарам. Яны прыглядаюцца, што лепш купіць, ды так, каб пакупка даўжэй паслужыла…
За ўсім тым, што рабілася ў адным з такіх ўнівермагаў, назірала пажылая жанчына, якая з цікаўнасці зазірнула туды напярэдадні першага верасня, урачыстага школьнага свята – Дня Ведаў. Гэта была вельмі добрая і разумная жанчына, старая заслужаная настаўніца. Яна выкладала ў школе матэматыку ўсё сваё працоўнае жыццё. Гадоў дзесяць назад яна яшчэ працавала ў школе. Усе, хто ў яе вучыўся, здолелі паступіць ва ўніверсітэты. Дзеці любілі і вельмі паважалі сваю настаўніцу, а яна адказвала ім узаемнасцю. Нават цяпер у яе кватэры бываюць былыя вучні. Яна ганарыцца іх поспехамі.
Старая настаўніца глядзела на чаргу з дзяцей і бацькоў, якая выстраіліся да прылаўка, і раптам загадала: "Хай жа ўсё, што тут выбяруць дзеці, кожны школьны прадмет, стане іх талісманам, дапамагае ў вучобе".
Аліна, будучая другакласніца, стаяла ў чарзе разам з мамай. Яе цікавіла добрая ручка для пісьма і каляровыя алоўкі. Дзяўчынка сама іх выбрала, а мама аплаціла пакупку. А вось Сцёпа ўжо ўсё сабраў да свайго трэцяга навучальнага года. Ён толькі забыўся купіць тачылку і нажніцы. Неўзабаве яны ўлягліся ў яго рукзачку. Маленькая Ангеліна зацікавілася пеналам, упрыгожаным перламутравымі зорачкамі. Яна яшчэ не вучылася ў школе, але зусім хутка стане першакласніцай. Вядома, мама купіла ёй гэты пенал, хоць ён і не танны…
Назаўтра ўсе дзеці пойдуць у школу прыбраныя, шчаслівыя, задаволеныя з новымі ранцамі і сшыткамі, з вялікімі букетамі для сваіх настаўнікаў. Першы дзень вучобы ў школе ператворыцца для іх у сапраўднае свята сустрэчы са школай, з настаўнікамі і аднакласнікамі! Будзе ўрачыстая лінейка, будуць усмешкі і вясёлыя жарты, будзе шмат радасці і цікавых гутарак!
І няхай тая ручка і алоўкі, той пенал з зоркамі, тачылка з нажніцамі стануць чароўнымі "талісманамі поспеху" для Аліны, Сцёпкі і Ангеліны. Напэўна гэтыя рэчы ўвабралі ў сябе дабрыню сэрца старэнькай настаўніцы, якая так шчыра любіць і шкадуе сённяшніх школьнікаў, што стала для дзяцей сапраўднай добрай школьнай Феяй.
Гэты аповед на рускай мове
17.09.16