Цуды жытняга поля
Увосень вырашылі жыхары вёскі пасадзіць на вялікім полі насенне азімага жыта. Спачатку трактар поле ўскапаў, барозны для пасева прыгатаваў. А калі дожджык намачыў сухую рыхлую зямлю, у яе людзі пасеялі маленькія залацістыя зярняты. У цёплай вільготнай Матухне-зямлі гэта насенне набрыняла і хутка прарасло. Гэта значыць, што адбыўся першы сапраўдны цуд жытняга поля. Зярняты ператварыліся ў маленечкія Сцяблінкі з карэньчыкамі і зялёнымі лісцікамі!
Сцяблінкі вызірнулі з зямлі наверх і ўбачылі, што ў небе свеціць Сонца.– Добры дзень! – прывіталіся Сцяблінкі і ветліва памахалі лісцікамі.
– Прывітанне, юныя стварэнні, – адгукнулася Сонца. – Калі ласка, не трывожцеся, лепш паспіце да вясны. Яшчэ не надышоў ваш час. Перазімуеце, а ўвесну я дапамагу вам вырасці вялікімі.
Засмуціліся жытнія Сцяблінкі, толькі дарэмна. За вясну і лета Сонца растраціла сваё цяпло, і восенню яго прамяні былі ўжо не такія гарачыя. У восеньскія дні жытнія Сцяблінкі і лісцікі часта паліваў халодны дожджык. А ў холадзе расліны вельмі дрэнна растуць. Услед за дажджлівай восенню прыйшла снежная і марозная зіма. Але яна пашкадавала маленькія зялёныя Сцяблінкі і накінула на жытняе поле тоўстую коўдру з белага пухнатага снегу. Гэтак зіма атуліла ад марозу яшчэ вельмі слабенькія Сцяблінкі жыта. Яны сагрэліся і заснулі ў цемры пад снежным покрывам да самай вясны.
Нарэшце прыйшла вясна. Цяпер у небе часта з'яўлялася гарачае Сонца. Яно растапіла ўвесь лёд і снег, адагрэла зямлю ў полі. Сцяблінкі азімага жыта ўбачылі Сонца, пацягнуліся са сну і ўсміхнуліся.
– Добры дзень, дарагое Сонейка! – прывіталіся Сцяблінкі. – Ужо прыйшла вясна?
– Так, цяпер вясна, – адказала Сонца. – Зараз я буду гадаваць вас, толькі выконвайце ўсё, што я вам скажу. Добра?
– Добра! – адказалі Сцяблінкі.
Яны расправілі свае зялёныя лісцікі і сталі хутка расці. Цяпер высока над імі на небе было гарачае Сонца, а ўнізе – вільготная пажыўная глеба, талым снегам панапойвана.
Спачатку на Сцяблінках з лісцікаў выраслі зялёныя мяцёлкі. Сцяблінкі ўзрадаваліся і весела памахалі імі. Потым здарыўся другі сапраўдны цуд жытняга поля. Зялёныя мяцёлкі ператварыліся ў каласкі! Неўзабаве каласкі закрасавалі – пакрыліся далікатнымі залацістымі кветкамі. І гэта быў трэці цуд жытняга поля.
– Ура! – крычалі Сцяблінкі. – Глядзі, Сонейка, мы расцвілі, і пачалі спець нашы каласкі!
– Вельмі добра! Але яшчэ гадуйцеся, даспявайце! – усміхалася Сонца, гледзячы на зямлю з вышыні.
Там унізе на полі шумела і калыхалася з боку ў бок маладое жыта будучага ўраджаю.
Усю вясну і лета Сонца не шкадавала для жытняга поля свайго святла і цяпла. Хутка падрасталі жытнія Сцяблінкі, іх каласкі з зялёнага ў залаты колер афарбаваліся. Спелі залацістыя зярняты ў каласках, сонечнай сілай напаўняліся. Да канца лета жытняе поле стала падобнае на велізарнае залатое мора!
Аднойчы невядома адкуль наляцеў вельмі моцны Вецер і стаў насіцца над жытнім полем. Сцяблінкі схамянуліся, з усяе сілы ўтрымліваючы свае каласкі, ратуючы іх ад злога Ветру.
А Вецер-жартаўнік смяецца, у паветры кружыць, забаўляецца:
– Што, спалохаліся? Не хвалюйцеся, Сцяблінкі! Не адбяру я ў вас каласкі.
Апусціўся ён бліжэй да поля, далікатна пагладзіў жытнія каласкі па доўгіх "вусіках".
– Глядзі, Ветрык, колькі ў нашых каласках зярнят вырасла! Яны ўсе падобныя на маленькія сонейкі, таму што ў іх жыве сіла і энергія вялікага Сонца! – пахваліліся жытнія Сцяблінкі. – Мы гэтыя зярняты разам з Сонцам і Матухнай-зямлёй для людзей гадуем!
– Так! – адклікнуўся Ветрык. – Ведаю! Неяк я пралятаў міма хаты, дзе жывуць мае знаёмыя дзеці, дзяўчынка Святлана і хлопчык Жэнька. Гляжу, сядзяць малыя ў садзе на лаўцы пад яблынькай і аржаны хлеб з маслам ды яшчэ з вішнёвым варэннем уплятаюць. А ад хлеба водар ідзе на ўвесь двор! У мяне нават слінкі ад зайздрасці пацяклі.
– Вы, жытнія Сцяблінкі, малайцы! – пахваліў іх Ветрык. – Вашы каласкі ўжо спелымі зярнятамі запоўнены. З такіх зярнят смачны чорны хлеб атрымліваецца. Хутка вы падорыце людзям свой багаты ўраджай!
Гэтая казка на рускай мове
8.08.16