Як стары салдат у лесе пасяліўся
У вялікім лесе жылі звяры і птушкі. Заяц сябраваў з Вожыкам і Вавёркай, Мядзведзь з Лісой і Ваўком, а птушкі ва ўсе часы былі сябрамі ўсяго лесу.
Самай галоўнай пеўчай птушкай усе лічылі Салаўя, бо ў яго вельмі прыгожы голас. Ён песень ведае больш, чым якая іншая птушка, а яшчэ па вечарах умее спяваць усім зверанятам калыскавыя песенькі.Усё было добра ў лесе, пакуль не здарылася бяда.
Ішоў неяк праз лес стары Салдат. Не было ў яго ні жонкі, ні дзяцей, ды і хаты сваёй таксама не было. Хадзіў ён па свеце і думаў, дзе б яму пасяліцца, у якім утульным месцы, каб пражыць там астатак сваіх дзён. Спадабаўся старому гэты лес: птушкі хораша спяваюць, і звяры як быццам мірныя. Вырашыў Салдат застацца тут жыць. Толькі неўзабаве зразумеў ён, што не ўсе жыхары лесу добрыя. Ліса – хітрая драпежніца, ды і Воўк з Мядзведзем таксама драпежнікі.
– Вы – звяры злыя, – сказаў ім стары. – Ловіце вясковых авечак і курэй, лясныя зайцы з мышамі вас баяцца.
– Не падабаецца табе жыць з намі ў лесе, так мы тут цябе ня трымаем, – адказалі яму Воўк, Ліса і Мядзведзь. – Сыходзь з лесу і жыві, дзе жадаеш.
Стары Салдат так і зрабіў. Сышоў з лесу, толькі не адзін. Пасадзіў Салаўя ў клетку і панёс з сабой. "Са мной яму лепш будзе", – вырашыў Салдат.
Выйшаў ён з лесу, перайшоў праз рэчку па мастку і ўгору падняўся. Там пустую пячору знайшоў і пасяліўся ў ёй. Суседзямі Салдата цяпер сталі маўклівыя кажаны. Але сумна жыць у поўнай цішыні, ды яшчэ ў цёмнай пячоры. Стаў стары прасіць Салаўя песню вясёлую праспяваць. Толькі свабодалюбівай птушцы зусім не да песень, немагчыма ёй жыць у клетцы без сонечнага святла. Бачыць Салдат, што чахне яго дарагі Салавей, нічога не есць і не п'е. Чаго добрага, яшчэ памрэ ад голаду. Але што з ім здарылася, і як яму дапамагчы, стары зразумець не можа.
А ў лесе ўжо даўно ўбачылі, што Салавей кудысьці знік, але адшукаць яго ніяк не маглі. Пашкадавалі бедную птушку кажаны, тыя, то жылі ў пячоры. Вырашылі яны пра ўсё лясным жыхарам распавесці. Першым пра тое, дзе цяпер Салавей, аднойчы ноччу даведаўся ад кажаноў Пугач, бо ён гэтак жа, як і яны, не спіць у гэты час.
Раніцой Пугач паклікаў лясных жыхароў і абвясціў:
– Нам трэба тэрмінова вызваляць нашага сябра з бяды. Бедны Салавей можа памерці ад голаду і нуды ў цёмнай пячоры!
Пазбіраліся сябры Салаўя і адправіліся яго ратаваць. Уляцеў Пугач у пячору, убачыў хворага Салаўя ды як закрычыць на салдата:
– У-ў-у! Дрэнна ты паступіў, стары! Нашага Салаўя трымаеш у клетцы, загубіць яго хочаш?
– Я ж думаў, што яму са мной будзе лепш, – адказаў збянтэжаны Салдат.
– Хіба вольная птушка зможа жыць у цёмнай пячоры? Зараз жа выпускай Салаўя з клеткі!
Толькі тады стары ўсё зразумеў. Ён папрасіў прабачэння ў Салаўя і выпусціў яго на волю.
Пайшлі дадому лясныя жыхары і панеслі з сабой хворага Салаўя. Доўга лячылі яго травянымі чаямі і гаючымі ягадамі. Нарэшце, Салавей адужэў і змог ізноў спяваць свае прыгожыя песні на радасць усім жыхарам лесу. Па вечарах ён пачаў ізноў люляць маленькіх зверанят, напяваючы ім далікатныя калыскавыя песенькі.
А Салдат доўга думаў і ўсё-такі вырашыў вярнуцца ў лес. Сумна стала яму жыць аднаму ў цёмнай пячоры без сяброў. Прыйшоў ён да лясных звяркоў і папрасіў даць яму прытулак у лесе.
З тых часоў барадаты стары жыве ў хатцы, якую сам пабудаваў у лясным гушчары. Стары Салдат негаваркі, але працавіты, за парадкам у лесе сочыць. З бабай Ёжкай пазнаёміўся і нават пасябраваў, бо яна такая ж самотніца, як і ён. Жыве адна ў хатцы на курыных ножках. Толькі лясны Кот у яе ў сябрах ходзіць, такі ж дзікі і сам сабе наўме, як і яна.
Па святах Салдат да старой Ёжкі ў госці завітвае гарбатцы папіць ды пагаманіць пра сваё мінулае жыццё-быццё, маладых звяроў палаяць за дрэнныя ўчынкі. Часам да самотных старых у іх лясную глухамань нават пеўчыя птушкі завітваюць. Вось нядаўна Зязюля побач з імі пасялілася. Бывае, Салавей непадалёку далікатную песню заспявае. Яго голас хоць і не гучны, але вельмі ясны. Да хаткі салдата песні Салаўя далятаюць і душу старому Салдату саграваюць.
Гэтая казка на рускай мове
28.07.16