Залаты Матылёк (чытае Ліка Пташук)
Ох, якім сонечным выдалася надвор'е! Усе палянкі ў вясновым лесе папрыгажэлі – расцвілі, зазелянелі. А колькі жучкоў і мошак, матылькоў і стракоз нарадзілася на свет! Не злічыць! Уюцца па-над сонечнай палянкай, вясяляцца, не нарадуюцца цёпламу дзяньку. Вось пырхаюць матылькі-весялушкі. Паглядзіце, якія прыгажуны! Яны гуляюць у даганялкі. Матылёк з бірузовымі крылцамі даганяе матылька з блакітнымі крылцамі, а той – малылька з бардовымі. Матылькі зусім юныя. Яны толькі заўчора нарадзіліся і таму паводзяць сябе як неразумныя дзеці. Даганяюць і дакранаюцца адзін да аднаго доўгімі вусікамі. А ўсе матылькі так баяцца козыту! Яны пішчаць, быццам маляняты:
– І-і-і-і!Ім весела, і яны нічога вакол сябе не заўважаюць. Вось толькі ў старога Чарвяка, што капае вунь там ля кусціка доўгі падземны тунэль, галава разбалелася ад такога шуму.
– Ціш-ш-шэй, – шыпіць ён. – Супакойцеся, дурненькія!
Але матылькі нічога не чуюць. Яны пырхаюць над сонечнай палянкай і пішчаць яшчэ мацней. Што з імі зробіш? Ім весела, бо прыйшла вясна!
– Так, уж-ж-жо, тут не засумуеш, – гудзе важны Чмель. Ён прысеў на яркую кветку і ласуецца яе салодкім нектарам.
– Не крыўдуйце на іх! – матаюць галоўкамі Кветкі. – Яшчэ паўгадзінкі - і стане цёмна. Хутка ўсе матылькі стомяцца і ўлягуцца спаць да світання.
– Як ж-ж-жа! – незадаволена гудзе Чмель. – Пакладзеш гэтых гарэз!
Усё-такі Кветкі мелі рацыю, бо Сонейка не стаіць на месцы. Яно ціхенька плыве па небе туды, дзе можна і яму адпачыць. А калі велізарнае свяціла апусцілася за лес, на палянцы стала цёмна.
– Ах, як мы загуляліся! – спахапіліся матылькі і хуценька пахаваліся ў свае начныя люлечкі – пялёсткі кветак.
– Ты хочаш папіць майго нектару? – спытаў Званочак у свайго кватаранта – Матылька з вялікімі зяленымі вочкамі. - Яго нагрэла Сонейка, ён яшчэ цёпленькі,
– Вельмі хачу, – адказаў той і з задавальненнем выпіў кубачак салодкага напою.
А з краю сонечнай палянкі на лісце падбелу спаў ва ўтульнай дзіцячай калысачцы Матылёк, які яшчэ не нарадзіўся. Малы не ведаў, што вельмі хутка ператворыцца ў Залатога Матылька.
Вясновае Сонейка разумела, што дзеля таго, каб юны прыгажун сагрэўся і хутчэй выбраўся з калысачкі, трэба кожны дзень пасылаць да яго на дапамогу свой гарачы Праменьчык. Спагадлівае Сонейка рабіла гэта.
І вось пагодлівым вясновым дзяньком Залаты Матылёк нарадзіўся на свет!
– Як хораша вакол! Колькі святла, рознакаляровых кветак і матылькоў! – усклікнуў Залаты Матылёк. Ён расправіў бліскучыя крылцы і паляцеў ўгару да Сонейка, каб выказаць яму сваю падзяку.
Пралятаючы міма цёмнага лесу, ён убачыў Сіняга Матылька і паклікаў яго ўслед за сабой. Той сядзеў на ствале велізарнага дрэва, якое хавала яго ад сонечных прамянёў, і таму вельмі замярзаў. Сіні Матылёк нічога не ведаў пра сонечную палянку і пра тое, што ўжо прыйшла Вясна.
– Паляцелі са мной! – крыкнуў яму Залаты Матылёк. – Тут ты ніколі не ўбачыш Сонейка.
– Пачакай мяне, Залаты Матылёк! – узрадаваўся Сіні Матылёк і пырхнуў услед за ім.
Неўзабаве яны апынуліся на сонечнай палянцы і разам з усімі матылькамі закруціліся ў вясновым карагодзе.
А Сонейка глядзела на іх і ўсміхалася. Яно было шчаслівае, таму што сагрэла ўсіх жывых істот у гэтым лесе.
Гэтая казка на рускай мове
21.07.16