Сіла ўсмешкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сіла ўсмешкі
Сіла ўсмешкі
Дзесьці на свеце ў двух мястэчках, якія размесціліся па бакам шырокай ракі, жылі людзі. Яны жылі там шмат гадоў, і ўсё ў іх было як быццам пароўну. І рака адна і тая ж, і зямля ўрадлівая, і лясы з ягадамі і грыбамі, і клопаты падобныя – як дзяцей выгадаваць, як хату пабудаваць, як сад пасадзіць. Але вось толькі жылі гэтыя людзі па-рознаму.      У мястэчку з левага боку ракі людзі былі вясёлыя і жыццярадасныя. Яны часта ўсміхаліся і смяяліся, і таму нягоды абыходзілі іх бокам. А калі чаго і здаралася, тое ўсё ж лягчэй перажывалася. Неба над гэтым мястэчкам амаль заўсёды было светлае і сонечнае.
     У другім жа мястэчку на правым боку ракі людзі чамусьці заўсёды былі змрочныя і ніколі не ўсміхаліся. Відаць, яны зусім забыліся, што гэта такое – усміхацца. Людзі часта плакаліся адно аднаму пра свае няўдачы, а таму яшчэ горш перажывалі іх. Усе нягоды, якія насамрэч, можа не былі такімі страшнымі, пераносіліся імі з цяжкасцю. І не было гэтым нягодам ні канца, ні краю. Ад бясконцых хваляванняў і перажыванняў нават неба над мястэчкам не пераставала плакаць і амаль заўсёды было зацягнута хмарамі.
     Напэўна, так бы і жылі гэтыя няшчасныя людзі ў пахмурным бязрадасным мястэчку і дагэтуль, калі б не адбыўся адзін выдатны выпадак. Справа ў тым, што ў вясёлым і жыццярадасным мястэчку на левым баку ракі было столькі ўсмешак, што яны ўжо не змяшчаліся на ўсіх тварах і лёталі па паветры, як матылькі. Але зусім зразумела, што кожнай усмешцы хочацца пасяліцца на нейкім твары, каб прынесці радасць яго ўладальніку. Вось і сталі такія "безгаспадарныя" ўсмешкі злятаць з мястэчка, каб пашукаць сабе новага гаспадара.
     Неяк адна з усмешак, самая адважная і моцная, пераляцела праз раку і апынулася ў "невясёлым" мястэчку. Але як яна ні старалася прыляпіцца да якога-небудзь хмурнага твару, у яе з гэтага нічога не атрымлівалася. Людзі змахвалі яе з твараў, як нешта лішняе і неразумнае. Ад такой няўдачы Ўсмешка так знервавалася, што сама ледзь не заплакала, але своечасова спахапілася. Яна ж, як-ніяк, Усмешка і павінна быць заўсёды вясёлай і радаснай!
     "Безгаспадарная" Усмешка хацела ўжо пакінуць гэтае сумнае мястэчка, як раптам убачыла маленькага хлопчыка, які лавіў саўком матылькоў у садзе. Тады і вырашыла Ўсмешка пагуляць з малым. Аднак выпадкова патрапіла да яго ў сетку. Хлопчык узрадаваўся і радасна … усміхнуўся!
     Потым ён пабег дахаты, усміхаючыся і штосьці весела кажучы сваёй маме. А мама, убачыўшы свайго ўсмешлівага дзіцяці, сама адразу ж усміхнулася яму ў адказ! І пабегла Ўсмешка ад аднаго да другога твару. Неўзабаве ўсё дагэтуль хмурное мястэчка стала ўсмешлівым і вясёлым. Неба над ім прасвятлела, а жыццё стала радасным.
     Вось так яркая і жывая Ўсмешка аднаго дзіцяці выратавала ад хмурнасці і змрочнасці жыцця шмат людзей.
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.07.16