Карта свету
Учора ў кнігарні будучы трэццякласнік Максім убачыў вялікую карту свету і папрасіў маму яе купіць. Дома хлопчык павесіў карту над сваім ложкам і тут жа пачаў яе разглядаць. На карце было незлічонае мноства розных назваў, і Максім спачатку нават разгубіўся. Але бабуля падказала яму:
– Глядзі! Вось шэсць частак свету: Еўропа, Азія, Аўстралія і Акіянія, Афрыка, Амерыка і Антарктыда. Вось сюды, у горад Уфу, я ездзіла калісьці ў камандзіроўку на цягніку. З Масквы дабіралася двое сутак. Колькі маленькіх і вялікіх гарадоў, вузенькіх рачулак і шырокіх рэк я ўбачыла на сваім шляху! Нават праз мяжу Еўропы і Азіі пераязджала. Гэта такая ўмоўная мяжа на Зямлі, якая падзяляе дзве часткі свету, Еўропу і Азію, бо яны размяшчаюцца на адным мацярыку – Еўразіі. А наогул, я была і ў Пецярбургу, Ноўгарадзе, Вільнюсе, Смаленску, Кіеве, Кішынёве, Адэсе, Валгаградзе, Ялце, Сочы, Курску, Львове і Паўладары. Можна казаць, што я аб'ехала вялікую частку былога Савецкага Саюза. Вось толькі за яго мяжой мне не давялося пабываць. Я падарожнічала ў аўтобусах, цягніках, плавала на параходах, лятала на самалётах.Максім глядзеў на сваю бабулю з захапленнем і нават трохі зайздросціў ёй. Як хацелася яму таксама пабываць дзе-небудзь далёка-далёка!
Бабуля быццам разгадала яго думкі:
– Нічога, мы куды-небудзь абавязкова з'ездзім на будучы год летам, праўда? Збяром трохі грошай і адправімся ў паход!
Максім усміхнуўся. Ён разумеў, што не так проста з'ездзіць куды-небудзь далёка-далёка. Для гэтага трэба шмат грошай. Вядома, цяпер ён гэта не можа зрабіць, але калі вырасце, яго мары абавязкова здзейсняцца. Максім ведаў, што будзе імкнуцца вельмі добра вучыцца, каб паступіць ва ўніверсітэт, скончыць яго. І ўжо тады ён аб'ездзіць увесь свет! Але якую прафесію для гэтага выбраць?
Пасля некаторых роздумаў хлопчык вырашыў, што стане журналістам. Вывучыць замежныя мовы, і гэта дапаможа яму мець стасункі з людзьмі з розных краін свету. Максім разумеў, што акрамя гэтага журналісту трэба быць моцным і цягавітым, а таксама адважным, каб нічога не баяцца.
"Падарожнічаць па свеце не так проста. Але я ўсё-такі абавязкова стану журналістам", – цвёрда вырашыў хлопчык і ўсміхнуўся самому сабе, як бы ў пацверджанне гэтаму.
Так за сваімі роздумамі Максім не пачуў, як бабуля паклікала яго абедаць. Ён глядзеў на карту свету, усміхаўся, у яго вачах гарэлі гарэзлівыя іскрынкі. Хлопчык думаў пра тое, якім цікавым і займальным будзе яго дарослае жыццё! І ўвесь свет разам з картай свету казаў пра тое, што ўсё так і будзе!
Гэты аповед на рускай мове
24.06.16