Бабулін балкон расцвёў (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бабулін балкон расцвёў  (казка)
Бабулін балкон расцвёў (казка)
Шмат гадоў у аднапакаёвай кватэры шматпавярховага дома жыла старэнькая бабуля. У гэтым горадзе ў яе нікога не было – ні дзяцей, ні ўнукаў. Усе яны жылі далёка ў іншай краіне. Але бабуля не маркоцілася. Яна сябравала са сваімі суседкамі, такімі ж старэнькімі і самотнымі, як і яна. У яе кватэры жылі яе дарагія гадаванцы – чорны кот Васька і папугай Гоша. Васька ласкава варкатаў, седзячы на каленях у бабулі, а Гоша нават умеў казаць некаторыя словы. Папугай быў вельмі разумны. Ён быў гатовы дапамагчы старэнькай бабулі па гаспадарцы, калі б яна яго аб гэтым папрасіла. Але бабуля, вядома ж, не здагадвалася пра такія таленты Гошы і старалася ўсё рабіць сама.      Узімку, калі на дварэ быў люты мароз, на вокнах яе кватэры ў вазонах расцвітала герань. Бабуля вельмі любіла гэтыя кветкі. Увесну, калі станавілася ўжо даволі цёпла, яна высаджвала на балконе высокія сцяблы герані ў скрыні для кветак. Да пачатку лета бабулін балкон расцвітаў і вельмі прыемна пахнуў. Ён прыцягваў увагу людзей яркай прыгажосцю раскошных кветак.
     Бабулю гэта вельмі радавала. Тады і кот Васька быў не супраць з гонарам пасядзець на парэнчах паміж кветак герані, паглядзець на людзей, якія падыходзілі да пад'езда і з цікавасцю пазіралі на "класны" балкон. Такой прыгажосці не было ні ў адной кватэры іх вялікага шаснаццаціпавярховага дома!
     – Якія прыгожыя кветкі! – з захапленнем казалі суседзі, любуючыся на яркія бутоны ружовых і пунсовых кветак герані. – Нам бы такія.
     Але ў большасці жыхароў вялікага шматпавярховага дома не хапала часу, каб расціць на балконе якія-небудзь кветкі.
     Улетку, гуляючы ў двары, дзеці любаваліся цудоўнымі кветкамі на бабуліным балконе. Сяброўкі Маша і Света, якія жылі ў тым жа пад'ездзе, што і бабуля, ужо прывыклі да "кветкавага цуду" і думалі, што так будзе заўсёды. Але аднойчы гэтага цуду не стала...
     А ў дзяцей пачаліся доўгачаканыя летнія канікулы. Цяпер дзяўчынкі часта выходзілі пагуляць у двор і, не заўважыўшы бабуліных кветак, з трывогай паглядалі на яе балкон.
     – Куды ж падзеліся яе прыгожыя кветкі? – дапытваліся дзяўчынкі адна ў адной. – Калі бабуля іх не пасадзіла, значыць, штосьці здарылася. Можа яна памерла?
     Але па вечарах у бабуліным пакоі гарэла святло. Папугай сядзеў у клетцы каля балконнага акна, а кот пахаджваў па парэнчах. А потым адбыўся новы цуд. У адну выдатную раніцу на балкон вылецеў папугай Гоша. У яго дзюбе была кветка герані. Як папугай змог выцягнуць кветку з вазона разам з каранямі? Для дзяўчынак гэта так і засталося загадкай. Гоша падляцеў да скрыні з зямлёй, а кот Васька пачаў закопваць карані кветкі ў зямлю. Маша і Света са здзіўленнем глядзелі на ўсё гэта. Потым яны кінуліся да пад'езда, патэлефанавалі ў кватэру.
     Не адразу, але бабуля сама адчыніла ім дзверы. І тут дзяўчынкі пра ўсё даведаліся. Бабуля хварэе, зусім аслабела і кветкі перасадзіць на балкон не змагла. Вось кот з папугаем і ўзяліся ёй дапамагаць.
     – Да мяне прыходзіць суседка, – разгаварылася бабуля. – Але яна такая ж старэнькая, як і я.
     Дзяўчынкі тут жа выбеглі на балкон. Яны ведалі, што змогуць лепш, чым кот з папугаем, пасадзіць кветкі. Неўзабаве ўсё было зроблена. А сяброўкі, заўважыўшы непарадак у кватэры, вымылі падлогу, прыбралі смецце, склалі рэчы і, вядома ж, збегалі ў краму за прадуктамі.
     – Як мне вам аддзякаваць, мае добрыя памочніцы! – усміхалася бабуля.
     – Ніяк не трэба. Мы заўсёды будзем прыходзіць да вас, – паабяцалі дзяўчынкі.
     Праз тыдзень бабулін балкон ізноў расцвёў гэтак жа, як і ў ранейшыя шчаслівыя гады. Усе кветкі прыжыліся на новым месцы і папрыгажэлі ад свежага паветра. Кот Васька, седзячы сярод кветак, таксама быццам папрыгажэў. Напэўна, у яго палепшыўся настрой, бо калі ў хаце парадак, дык і на душы ва ўсіх спакойна і лёгка.
     
      Гэтая казка на рускай мове
10.06.16