Бэзавы сад (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бэзавы сад (аповед)
Бэзавы сад (аповед)
Беларусь адзначала сямідзесятую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І, як на заказ, у краіну прыйшло доўгачаканае цяпло. У небе заблішчэла Сонейка, зацвілі сады.      – Мама! Паглядзі, колькі прыгожых кветак! Яны так пахнуць! – казаў хлопчык, праходзячы праз двор.
     Яшчэ ўчора ён не заўважаў гэтых кустоў, якія раслі каля вокнаў яго вышыннага дома. А сёння яны раптам усе расцвілі, пакрыліся далікатнымі белымі, ружовымі і фіялетавымі кветачкамі.
     – Гэта бэз, – усміхнулася мама. – У нашым двары расцвёў бэзавы сад.
     – Столькі кустоў! А хто іх пасадзіў? – запытаўся сын. – Ты?
     – Не, Алёшанька! – адказала мама. – Іх пасадзілі даўно, калі я яшчэ была маленькай. Хто, нават не ведаю. Напэўна, нейкія добрыя людзі.
     Духмяны бэзавы сад цешыў нават птушак. Маленькая сінічка забралася ўглыб салодкіх кустоў, а за ёй у густыя зараснікі бэзу заскочыла берасцянка.
     – Як тут цудоўна! Гэты сад падобны на казку! – звінелі птушачкі, пераскокваючы з галінкі на галінку.
     Велізарны дом і яго жыхары яшчэ шмат цёплых травеньскіх дзён будуць жыць, ахутаныя далікатным водарам бэзавага саду, захапляючыся яго прыгажосцю. І, можа быць, хтосьці з пажылых жыхароў успомніць бабулю і дзядулю, што калісьці даўно падарылі іх двару кветкі бэзу. Гэтыя старыя, якія перажылі вайну і гады разрухі, жадалі бачыць горад Мінск і свой двор прыгожымі і добраўпарадкаванымі.
     Людзі вайны! Колькі сіл вы аддавалі дзеля таго, каб па кропельках, па крупінках, па цаглінках аднавіць, вярнуць тое шчаслівае жыццё, якое было ў вас да вайны. І хай вы самі спазналі пасляваенную галечу і разруху, але вашы дзеці, вашы ўнукі не будуць ні ў чым мець патрэбу.
     Так думалі, у гэта верылі ў цяжкія пасляваенныя гады былыя франтавікі. Не, яны не лічылі сябе нешчаслівымі. Яны былі шчаслівыя! Людзі, якія перажылі столькі гора, умелі цешыцца нават маленькімі поспехамі. Паступова, патрошку, але зацята і планамерна яны ўладкоўвалі сваё асабістае жыццё і жыццё сваёй дзяржавы, свае гарады, не шкадуючы для гэтага ні сіл, ні часу, ні здароўя.
     Вось і наш бэзавы сад увабраў у сябе цяпло добрых рук старых. І цяпер, калі іх ужо няма, ён кожны год аддае людзям добрую светлую энергію чалавечай душы.
     – Мама! – сказаў Алёшка. – Давай і мы з табой пасадзім кусцік бэзу. Ён зацвіце, і я буду ім любавацца.
     – Давай! – пагадзілася мама.
     Увосень яны пасадзілі побач з высокімі кустамі бэзавага саду маленькі кусцік белага бэзу. Увесну ён зазелянеў, з новых покавак на ім пачалі адрастаць маладыя галінкі. Алёшка не забыўся пра свой кусцік. Разам з мамай ён абкапваў і паліваў яго. Кусцік добра рос, і ўжо праз год, увесну, на ім зацвілі пухнатыя гронкі белага бэзу.
     – Мама! Наш бэз цвіце! Як хораша! – узрадаваўся хлопчык, падбягаючы да куста.
     Ён асцярожна ўзяў у руку беласнежную галінку, паднёс да твару, удыхнуў далікатны водар вясновых кветак. У гэты цёплы сонечны вельмі шчаслівы травеньскі дзень, здавалася, увесь горад, а не толькі двор цешыўся такому поспеху! Першаму цвіценню Алёшкінага бэзу!
     Дык няхай жа заўсёды на нашай зямлі пад мірным небам па вясне расцвітаюць прыгожыя бэзавыя сады!
     
     p.s. кусты бэзу пад маім акном.
     
      Гэты аповед на рускай мове
21.05.16