
Браты-жаваранкі і Салавей
Ранняю вясною, калі толькі-толькі на полі пачаў раставаць снег, прыляцелі з паўднёвай краіны два браты-жаваранкі, дзве маленькія шэранькія птушачкі.
– Давай паселімся тут, на гэтым полі, – сказаў старэйшы брат малодшаму. – Паглядзі! Азімыя ўжо хутка ўзыдуць. На полі вырастуць жытнія каласкі. Яны афарбуюць усё ў залаты колер.– А калі каласкі паспеюць, – дадаў малодшы брат, – з іх высыплюцца смачныя хлебныя зярняты.
– Ты маеш рацыю. Значыць, усё вырашана. Я зараз жа бяруся за работу. Буду будаваць для сябе гняздо, – старэйшы брат паказаў крылцам на ямку ў леташняй баразне. – Але спачатку я ўзлячу ў неба і распавяду Сонцу, што прыляцеў, што буду жыць тут! – усклікнуў ён і стралой узнёсся ў чыстае блакітнае неба.
– Чі-і-і! Чр-рі-і-і! – пачуўся высока ў небе ля самага Сонца яго звонкі адважны голас. – Добры дзень, Неба! Добры дзень, Сонца!
– А! Ты ўжо прыляцеў! З вяртаннем у нашы мясціны! Будзеш галоўным спеваком гэтага поля! – адклікнуліся Неба і Сонца.
"Галоўным спеваком? – падумаў малодшы брат. – А кім жа тады буду я?"
Яму, другому жаваронку, таксама вельмі хацелася быць першым. Але ён не вырашыўся пакрыўдзіць свайго старэйшага брата. І таму, калі той імкліва і вельмі спрытна спусціўся з нябёсаў уніз на зямлю, малодшы брат прамовіў:
– Ведаеш, брацік, што я вырашыў? Ты заставайся і жыві тут. Станавіся галоўным спеваком гэтай зямлі, бо твой голас такі звонкі і моцны! Цябе назавуць Палявым Жаваранкам. А я палячу далей, вунь да таго лесу. Пабудую там гняздо і зраблюся Лясным Жаваранкам. Не смуткуй! Я буду прылятаць да цябе ў госці, бо мы ж родныя браты і ніколі не забудземся адзін на аднаго.
Сказаўшы гэта, малодшы Жаваранак паляцеў да лесу. Там, на ўзлеску, снег ужо растаў. Кемлівая птушка хутка знайшла падыходзячую ямку і ўзялася майстраваць для сябе цёплае гняздзечка...
Прайшло некалькі дзён. Стала яшчэ цяплей. Зямля прагрэлася. На ёй з'явіліся першыя вясновыя кветкі і зялёная трава. На дрэвах лопнулі покаўкі. Маленькія ліпкія лісточкі і далікатныя мяккія іголачкі напоўнілі лес даўкім водарам вясны. Пералётныя птушкі вярталіся да старых наседжаных месцаў і ўладкоўвалі свае леташнія гняздзечкі.
"Як добра! – цешыўся Жаваранак. – У гэтым лесе такія высокія елкі і хвоі, асіны і ясені, дубы і бярозы! Яны растуць амаль да самага неба!"
Узляцеўшы на верхавіну велізарнай Елкі, ён ваўчком узняўся ўгару да Аблокаў. І тады яны пачулі яго ласкавую песеньку:
– Юлі-Юлі-Юлі-і-і! Прывітанне, Сонца, Аблокі! Юлі-Юлі-Юлі-і-і!
– Прывітанне, Жаваранак! – адгукнуліся Аблокі. – Ты пасяліўся на ўзлессі і хочаш цешыць нас сваімі добрымі песнямі?
– Так! Я буду жыць тут цэлае лета! – весела крыкнуў Жаваранак. – І стану галоўным спеваком лесу!
– А як жа Салавей? – пераглянуліся Аблокі. – Ён заўсёды быў галоўным у гэтым лесе.
– Хто такі Салавей? – спытаў Жаваранак.
– Ён вельмі добры спявак. Лепш за яго ніхто з птушак не ўмее спяваць, – адказалі Аблокі.
– Не смуткуй, Лясны Жаваранак! Твая песня іншая, яна не падобная на песню Салаўя. Аднак, яна не горш за яе, – прашамацела высокая Елка, на верхавіну якой спусціўся з неба засмучаны Жаваранак.
Трохі супакоіўшыся, ён паляцеў да свайго гнязда. "Я спаю прыгажэй за Салаўя, – вырашыў Жаваранак, – і дакажу ўсім, што я лепшы!"
Уначы яго абудзіў выразны голас нейкай птушкі. Незнаёмец сядзеў высока на дрэве. Яго песня была непадобная на песні іншых птушак. Усе куплеты ў ёй былі розныя. Спявак то свістаў, то пстрыкаў, то трашчаў, то далікатна спяваў голасам жалейкі. "Як цікава ён спявае!" – падумаў Жаваранак.
Святло месяца апусцілася на лес. І таму Лясны Жаваранак змог пырхнуць наверх, не кранаючы крыламі галінак, каб пазнаёміцца з начным госцем.
– Хто ты? – спытаў Жаваранак у незнаёмца, вельмі падобнага па выглядзе на яго самога.
– Салавей, – сціпла адказаў той.
– Ты добра спяваеш, лепш за мяне, – прызнаўся Жаваранак. – Нездарма цябе завуць галоўным спеваком гэтага лесу.
– Што ты! Я не галоўны! – не пагадзіўся Салавей. – Проста я так спяваю, а інакш не магу.
– Але цябе тут вельмі любяць і ганарацца табою, – трохі пазайздросціў Салаўю Жаваранак.
– Можа быць, – адказваў Салавей. – Толькі я не ўмею спяваць у нябёсах каля самага Сонца, як гэта робіш ты!
– Тады будзем сябраваць! – узрадаваўся Лясны Жаваранак таму, што Салавей належна ацаніў яго.
З той пары ў лесе і на ўзлеску жывуць дзве непараўнальныя таленавітыя птушкі – Салавей і Лясны Жаваранак. Іх галасы вельмі прыгожыя. Толькі голас Жаваранка быццам звонкі ручай з раніцы да вечара ільецца з неба на верхавіны дрэў, а майстэрскімі песнямі Салаўя днямі і начамі заслухоўваецца ўвесь лес і яго насельнікі.
Гэтая казка на рускай мове
13.04.16