Вербачка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вербачка
Вербачка
Вырасла ў нізіне недалёка ад ракі маленькае дрэўца. Галінкі ў яго тонкія бліскучыя трохі чырванаватага колеру. Гарэза Ветрык нагінае іх амаль да самай зямлі, забаўляецца.      – Як цябе клічуць? – аднойчы спытаў ён, аблятаючы дрэўца.
     – Вербачка.
     – Глядзі, Вербачка! На тваіх галінках распусціліся цудоўныя покаўкі! – здзівіўся Ветрык. – Я такіх не бачыў ні на якім іншым дрэве. Вясна толькі пачалася, і снег дзе-нідзе яшчэ ляжыць. А ты ўся расцвіла, як самая першая вясновая прынцэса!
     Ветрык яшчэ раз крануў пухнатыя покаўкі Вербачкі і захоплена праспяваў:
     – А якія ж яны мяккія і пухнатыя, нібы маляняты-кацяняты!
     – Не кацяняты, а "коцікі"! – паправіла Ветрык Сінічка.
     – Дзінь-дзінь! – зазвінела яна быццам першы вясновы званочак. – Мілая Вербачка! Калі ласка, падары мне сваю маленькую галінку з пухнатымі "коцікамі"! Сёння свята. Я злятаю да царквы, асвячу тваю пухнатую галінку і пакладу ў гняздо. Веру! Анёл-збавіцель падорыць мне здаровых вясёлых птушаняткаў!
     – Як прыемна зрабіць вам такі падарунак! – прызналася Вербачка і ад збянтэжанасці яе галінкі яшчэ больш счырванелі.
     – Ты не саромейся, а ганарыся! – шапнуў Ветрык. – Толькі на табе ранняй вясной распускаецца такі цуд! У Вербніцу не шкадуй нікому сваіх пухнатых "коцікаў". Бог дасць, твае галінкі вельмі хутка зноў адрастуць.
     – Вядома! – пагадзілася Вербачка.
     Яна расправіла пухнатыя галіны, як бы дазваляючы адламаць ад іх кавалачкі, і паглядзела ў далячынь. Там на высокім беразе ракі стаяла белая царква. Ранішняе сонца далікатнымі прамянямі асвятляла яе залатыя купалы...
     
     І хоць сама Вербачка не зможа пабываць у царкве разам з Анёламі, птушкамі і людзьмі, яе маладыя галінкі, прынесеныя туды і акропленыя святой вадой, увесь год будуць засцерагаць ад бяды і нячыстай сілы, даваць моц і здароўе. А гэта такое шчасце для добрага дрэўца!
     
     
     p.s. селета Вербніца 24 красавіка
     
      Гэтая казка на рускай мове
4.04.16