Санкі
Мястэчка, пра якое пойдзе тут гаворка, размясцілася на ўскрайку лесу побач з вялікай электрастанцыяй. Жывуць у ім добрыя і працавітыя людзі. Бацькі Ксюшы працуюць на электрастанцыі, іх дачка ходзіць у школу, у трэці клас. А яшчэ ў сям'і ёсць старэнькая бабуля.
Зімой Ксюшына мястэчка замятае снегам. Вось і сёння ноччу ішоў снег. Раніцай усё навокал стала незвычайна прыгожым. Гэта ўбачыла дзяўчынка, калі спяшалася ў школу. Пасля заняткаў яна выбегла ў школьны двор і ўсміхнулася ад захаплення. Як прыемна няспешна ісці дадому па іскрыстай белай дарожцы, адчуваючы пад нагамі лёгкае парыпванне свежага снегу. А яшчэ больш прыемна ўдыхаць чыстае халаднаватае зімовае паветра!Заўтра выхадны дзень – субота. Ксюша вырашыла ўвечары зрабіць усе ўрокі, каб заўтра зранку пакатацца на санках з Лысай гары. Гэта вельмі цудоўная горка! Яна размешчана зусім недалёка, у пачатку лесу.
Ля парога хаты ўнучку сустрэла бабуля:
– Ксюша, як справы ў школе?
– Усё выдатна, бабуля! Ведаешь, зараз я паабедаю, а потым буду рабіць урокі, бо заўтра хачу пакатацца на санках з Лысай гары.
– Вельмі добра! А з кім ты пойдзеш на горку?
– З Янкам і Слаўкам!
Бабуля ведала сяброў унучкі. Яны жылі побач, у суседняй хаце.
– На горку вазьмі старыя санкі. Яны добра слізгаюць па снезе. У дзяцінстве твая мама на іх каталася. Гэтыя санкі вельмі трывалыя, бо былі зроблены з сапраўднага дрэва, – параіла бабуля.
Пачуўшы гэта, унучка тут жа запярэчыла:
– Навошта мне старыя санкі? У мяне ж ёсць новыя, з пластыку. Ты забылася? Тата іх нядаўна купіў. Яны такія класныя!
– Так, так, – бабуля пачала штосьці згадваць. – Добра, як хочаш.
На гэтым гутарка пра санкі скончылася. Дзяўчынка, паабедаўшы, села рабіць урокі. А бабуля пайшла адпачываць у свой пакой.
Ніхто з іх не ведаў, што Старыя і Новыя Санкі, якія стаялі ў каморы ля сцяны, ужо даўно пазнаёміліся. І адны, і другія вельмі жадалі, каб Ксюша пакаталася менавіта на іх. Але цяпер, пачуўшы гутарку на кухні, Новыя Санкі прамовілі:
– Мы так і ведалі, што Ксюша выбера нас. А вас, старое трухлявае дрэва, напэўна, хутка спаляць у печы. Вы ўжо ніколі не пракоціцеся з Лысай гары!
– Вось як?! – спалохаліся бабуліны Старыя Санкі і ледзь не заплакалі ад страху і крыўды.
Назаўтра Ксюша дастала з каморы бліскучыя блакітныя Новыя Санкі і адправілася з сябрамі на Лысую гару. Бабуля ж забылася, як след, зачыніць за ўнучкай уваходныя дзверы і пайшла ў свой пакой. А драўляныя Старыя Санкі ў гэты момант непрыкметна выслізнулі ў двор, потым павярнулі за брамку і паехалі як мага далей ад хаты ў кірунку да лесу. Вядома ж, ім зусім не хацелася згарэць у печы!
"Можа там мы яшчэ каму-небудзь спатрэбімся", – вырашылі Старыя Санкі.
Ксюша каталася на блакітных Новых Санках з Лысай гары і так захапілася гэтай вясёлай гульнёй, што нават не заўважыла, як бабуліны Старыя Санкі імкліва прамчаліся міма яе. Ужо ніколі яны не вернуцца ў сваю хату. Бабуля будзе доўга шукаць іх, не разумеючы, куды ж яны падзеліся..
На шчасце, драўляным Старым Санкам пашанцавала. У лесе іх знайшлі зайцы. Усю зіму яны каталі на іх малышоў: зайчанят, важанят і ваверчанят. А ўвесну зайцы схавалі Старыя Санкі да наступнай зімы ў лесе так, каб іх не знайшлі людзі.
Пройдзе час. Ксюша падрасце. І Новыя Санкі з блакітнага пластыку яе мама, напэўна, захавае для ўнукаў. А Старыя драўляныя Санкі, якія калісьці даўно ўцяклі з хаты, усё яшчэ будуць катацца ўзімку па лесе і вазіць маленькіх вясёлых зверанят.
Гэтая казка на рускай мове
20.03.16