Хто Сароку напалохаў? - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто Сароку напалохаў?
Хто Сароку напалохаў?
У невялікім лесе на беразе рэчкі жыла Сарока-белабока. Яна схавала сваё гняздо ў зарасніках вербняку. Улетку ў лесе ёй было добра, цёпла і сытна, а ўзімку – холадна і голадна. А за рэчкай зіхацелі агні вялікага горада. Сарока глядзела на яго і думала: "Там я б не галадала, вось толькі баюся сяліцца ў незнаёмым месцы".      За цёплым летам прыйшла халодная зіма. Рака пакрылася лёдам, лютым голасам завыла завіруха. І тады галодная птушка адважылася і паляцела праз раку ў горад. А там усё так не зразумела! Сароку палохалі велізарныя каменныя дамы са шклянымі вокнамі. Яна шарахалася ад святлафораў, аўтамабіляў і агнёў рэкламы. Са страху небарака нават не зразумела, як апынулася ў старым гарадскім скверы. Нарэшце, яна прысела на галінку вялікага дрэва. "Ух!" – толькі і змагла прамовіць стомленая птушка.
     Ёй пашанцавала. Побач на галінах Сарока ўбачыла невялікіх чорнакрылых птушак. Яны адважна спускаліся з дрэва на зямлю і ні кропелькі не баяліся людзей! Неўзабаве птушкі, гэта былі гарадскія галкі, заўважылі незнаёмку. А разгаварыўшыся з Сарокай, запрасілі яе да сябе ў госці на гарышча старой двухпавярховай хаты.
     – Тут цёпла, ды і ежу ў горадзе заўсёды можна адшукаць. Часам мы нават ловім мышэй. У зімовыя кармушкі людзі сыплюць для нас крупу, семечкі, кладуць кавалачкі хлеба і сала.
     Узрадавалася Сарока і стала жыць на гарышчы разам з гасціннымі птушкамі. А калі настала вясна і падзьмулі цёплыя паўднёвыя вятры, Сароцы-белабоцы чамусьці не захацелася вяртацца ў свой лес. Напэўна, яна ўжо прывыкла жыць у старым гарадскім скверы. Абраўшы самае высокае дрэва, птушка змайстравала для сябе на яго верхавіне асобнае жыллё – трывалае гняздзечка ў выглядзе шара.
     Яе сябры, галкі, штораніцы збіраліся ў вялікія чароды і кудысьці адляталі на цэлы дзень. Сарока ж вывучала горад. Ёй падабалася прылятаць у незнаёмыя месцы, абследаваць іх і даведвацца пра штосьці цікавае. Аднак блізка падлятаць да людзей яна баялася.
     Аднойчы ранкам Сарока вырашыла наведацца ў свой родны лес і паляцела праз раку. Хто ж сустрэў яе ў зарасніках вербняку, дзе яна калісьці жыла? О, гэта быў звар'яцелы монстар! Ён схаваўся за кустамі і крычаў, трашчаў, грукатаў! У Сарокі ад жаху перасохла ў горле, і яна хуценька пырхнула назад у горад.
     – Што здарылася? Чаго вы там спалохаліся? – спытала ў яе найдужэйшае і адважнае маладое Галчаня.
     – У маім лесе завялася страшэнная пачвара! Яна крычыць і палохае ўсю акругу!
     – Пачвара? – Галчаня бліснула чорнымі, як смоль, бясстрашнымі вачамі. – Няма такой пачвары, якая б напалохала мяне! Вядзіце нас у свой родны лес!
     Сарока вельмі баялася і не паверыла Галчаняці, але ўсё-такі паляцела назад разам з чародкай маладых галчанят. А ў лесе іх чакаў усё той жа жахлівы трэск, крык і піск! Але адважныя галчаняты нічога не баяліся і рвануліся ў гушчу вербняку!
     Каго ж яны там убачылі? Звычайную Варакушку! Маленькая птушачка сядзела ў зарасніках і не змаўкаючы крычала на ўсе палохаючыя галасы, якія калісьці вывучыла.
     – Ліхадзейка! – крыкнула Галчаня. – Навошта ўсіх палохаеш!
     – Я ахоўваю сваё гняздо! – адказала маладая "кралька". Яна была падобная на маленькую каралеву з яркай бела-блакітнай зорачкай на грудзях. – Наогул, я ведаю шмат розных песень. Вось гэтая падобная на песню салаўя, – пахвалілася Варакушка і заспявала салаўіным голасам.
     – Дык ты, аказваецца, майстрыха спяваць на розныя галасы! – здзівілася Галчаня.
     Даведаўшыся пра ўсё, галчаняты трохі палёталі па незнаёмым лесе, а затым паляцелі ў горад. Сарока ж засталася. Яна распавяла Варакушцы пра сваё ранейшае жыццё ў гэтым лесе, бо Варакушка – пералётная птушка. Зусім нядаўна яна пасялілася ў зарасніках вербняку і таму нічога не ведала пра Сароку.
     Бліжэй пазнаёміўшыся, птушкі пасябравалі.
     – Ведаеш, сяброўка! Трэба ўмець абараніць сябе ад ворагаў, – казала Варакушка. Яна навучыла Сароку адной са сваіх "абарончых" песень: "чак-чак-чакерак". Потым ужо Сарока сама прыдумала сваю ўласную "абарончую трашчотку" – "чр-тр-тр".
     
     Ты, мой дарагі дружа, пэўна, не раз чуў, як трашчыць Сарока, лётаючы па лесе ці па парку. Бачыў і самую птушку, прыгажуню з вялікімі чорна-белымі крыламі. Вось толькі вельмі блізка падысці да Сарокі немагчыма. Яна ўсё яшчэ трохі палахлівая і цураецца людзей.
     
      Гэтая казка на рускай мове
7.03.16