Казка - Вясновы Трамвайчык -
У вялікі горад прыйшла Вясна. Вось толькі пазаўчора было холадна, а сёння ўжо цёпла. Снег растаў, яго вельмі хутка растапіла сонца, і тратуары падсохлі. Увесь свет адразу ж стаў сонечным яркім і вясёлым! Жыхары горада ўсміхаліся, у іх падняўся настрой. Усім стала так добра, так прыемна, як ніколі раней!
Вось у такім вялікім і шумным горадзе шмат гадоў жыў ціхі і сціплы Трамвайчык нумар тры (№3). Ніхто асабліва ніколі не звяртаў на яго ўвагі. Хоць, ён дзень за днём працаваў – вазіў і вазіў людзей з аднаго канца горада на другі, ад вакзала да возера і назад. На вакзале ў яго заўсёды садзілася шмат народу. Людзі з торбамі і рукзакамі прыязджалі ў горад адусюль – з іншых гарадоў, мястэчак, нават з іншых краін. Па дарозе, на прыпынках, у Трамвайчык яшчэ заходзілі людзі – дарослыя і, вядома ж, дзеці. Дзеці – народ вельмі дапытлівы. Яны заўсёды садзяцца каля вокнаў і з цікавасцю разглядаюць усё тое, што робіцца на вуліцы. А дарослыя, бывае, нават не глядзяць нікуды, сядзяць, уткнуўшыся ў адну кропку, пра нешта думаюць.Трамвайчык, хоць з выгляду быў ціхі і маўклівы, але заўсёды заўважаў усё тое, што рабілася вакол яго. Ён ведаў усе правілы дарожнага руху і ніколі не ехаў на чырвонае альбо жоўтае святло. А калі хто-небудзь неасцярожна паводзіў сябе, ён абавязкова сігналіў. Алнак, людзі ў горадзе цяпер дасведчаныя, бо нават малых дзяцей у школе вучаць усім правілам паводзінаў на дарогах.
Усякае пабачыў на сваім вяку Трамвайчык. Шмат чаго ён мог бы распавесці людзям, калі б умеў гаварыць. Вось, для прыкладу. Ніхто, акрамя яго, не ведаў, нават не падазраваў, што зусім нядаўна Вясну ў горад прывёз менавіта Ён, Трамвайчык нумар тры. Як гэта здарылася? Вельмі проста! Калі гэтая дзяўчынка з'явілася на вакзале і села ў яго вагон, Трамвайчык адразу ж зразумеў, што яна прыехала здалёку. Усе людзі яшчэ былі апрануты па-зімоваму, а яна – у тонкім паліто колеру зялёнай травы з лёгкім, як вясновы ветрык, блакітным шалікам і з вянком з жоўтых дзьмухаўцоў у валасах. Трамвайчык бачыў, як дзяўчынка непрыкметна ўзмахнула шалікам, гледзячы ў акно вагона. І адразу ж пасля гэтага ўсё асвяцілася сонечным святлом, стала яркім і прыгожым, як у казцы!
Ля возера дзяўчынка-Вясна выйшла з вагона і пайшла да вады. І тут жа з галінак дрэў пырхнулі птушкі і паляцелі следам за ёй. А дарожка, па якой яна прайшла, вызвалілася ад снегу і падсохла. Цікава, што снег раставаў прама на вачах! Вясна ўзмахнула шалікам каля самай вады. І лёд на возеры адразу ж стаў намнога танчэй, і з-пад яго праглянула вада.
"Так, гэта вясна, гэта яна!" – зразумеў Трамвайчык. Усярэдзіне яго штосьці радасна зайграла. Трамвайчыку яшчэ вельмі хацелася пастаяць і паглядзець, што ж далей будзе рабіць дзяўчынка-Вясна? Але трэба было вяртацца на другі канец горада, таму што на ўсіх прыпынках яго чакалі людзі. Яны спяшаліся, хто куды – на працу, на вучобу, у школу, ва ўніверсітэт, а хто і проста так – у госці да сяброў. Трамвайчык не мог іх затрымліваць.
Ён ізноў узяўся за сваю справу – вазіць і вазіць людзей. Але толькі сціплы Трамвайчык не ведаў, што Вясна паспела штосьці непрыкметна зрабіць і дзеля яго. Яна размалявала сцены вагонаў Трамвайчыка прыгожымі яркімі вясновымі фарбамі.
Цяпер кожны, хто садзіцца ў яго, абавязкова заўважае гэта і, усміхаючыся, разважае: "Які прыгожы Трамвайчык! Здаецца, сама Вясна размалявала яго".
Малюнак мастачкі Эльгі Паповай
Гэтая казка на рускай мове
25.02.16