Каштоўны падарунак
У расчыненае акно павеяла цёплым летам. Марынка салодка пацягнулася са сну, удыхнула прыемны водар зялёнай травы і лістоты. Не хацелася ўставаць. Але потым, прыгадаўшы штосьці, яна хутка ўскочыла з пасцелі, падышла да акна.
А там такі цуд! Па блакітным небе плывуць белыя аблокі, сонейка свеціць, пад самым акном малады ясень шамаціць лісцем. Дзяўчынка з захапленнем прытулілася да акна, каб лепш адчуць неверагодна прыемны, цудоўны, горача любімы водар лета!Заўтра восьмага жніўня. Яе дзень нараджэння. У падарунак мама паабяцала купіць дачцы на кацінай выставе пародзістага кацяняці. Самага лепшага, самага прыгожага! Марынка нават у сне ўбачыла, як выбірала яго сярод мноства такіх жа чароўных стварэнняў…
Але хопіць роздумаў. Дзяўчынка хуценька прывяла сябе ў парадак, заслала ложак і пайшла на кухню.
– Ты ўжо прачнулася? Вось і добра, зараз паснедаем і паедзем на выставу, – сказала мама і паставіла на стол талеркі са свежай ежай.
– А я нават ведаю, якім будзе маё кацяня, – прамовіла Марынка.
Яна і не заўважыла, як з'ела смачную аўсянку, выпіла гарбату і пачысціла зубы. Увесь гэты час думкі дзяўчынкі былі заняты хуткай падзеяй. Аднак мама адцягнула ўвагу дачкі ад яе мар сваім нечаканым аповедам:
– Раніцай, калі ты яшчэ спала, тэлефанавала бабуля Вера. Я ёй паведаміла, які падарунак ты жадаеш атрымаць да дня свайго нараджэння. А яна тады і кажа: "Мая Мурка на дачы нядаўна акацілася адразу трыма кацянятамі. Дваіх ужо забралі суседкі, а трэцяга я не аддала, пашкадавала. Прыгожы, вельмі мне спадабаўся! Калі толькі Марынка захоча, ён будзе яе сябрам".
– Вось як? – дзяўчынка задумалася.
Яна ўспомніла бабуліну котку, зусім нічым не характэрную, звычайную сера-бурую Мурку. "І кацяняты ў яе атрымаюцца такія ж", – вырашыла ўнучка.
– Не, мама, я хачу сібірскага альбо сіямскага кацяняці! А Муркін будзе не такі.
– Добра, – пагадзілася мама. – Калі так, збірайся. З'ездзім на выставу, а потым заедзем да бабулі.
Неўзабаве дзяўчынка ўжо хадзіла па вялікім выставачным павільёне, дзе адкрылася выстава-продаж чароўных пародзістых катоў і кошачак. Марынка глядзела на іх з захапленнем. Зазірала ў вочы, ацэньвала густату і прыгажосць поўсці. Блакітныя, дымчатыя, чорныя і рыжыя, рабыя і шэрыя. Дзяўчынка хадзіла ад клеткі да клеткі, спрабуючы ўлавіць каціны настрой і зразумець, ці зможа яна пасябраваць з кацянём.
– Дачушка, каго ты сабе абрала? – запыталася мама.
– Нікога. Я не ведаю, што рабіць! Яны ўсе нейкія чужыя, нават не глядзяць на мяне.
– Вось бачыш, значыць, яны не твае, – разважыла мама.
Марынка яшчэ раз успомніла свой сон: "Там быў беленькі, пухнаты, з добрымі вельмі вялікімі вачыма".
Яна зноў абышла ўсю залу:
– Мама, тут няма майго кацяняці, – дачка расчаравана прысела на крэсла. – Пойдзем адгэтуль. Напэўна, бабуліна кацяня самае лепшае, таму што яно роднае.
Мама адразу ўсё зразумела: – Паехалі да бабулі.
Зноў за акном аўтобуса мільгаюць дамы і вуліцы, пешаходы на пераходах узіраюцца ў рознакаляровыя вочы святлафораў. На газонах зелянее трава, красуюцца кветкі, кусты і дрэвы. Аднак Марынка, гледзячы на прыгажосць выдатнага летняга дня, не адчувае той прыемны водар, што раніцай быў у яе пакоі. Толькі мы з вамі ведаем – гэты цудоўны водар лета вельмі хутка абавязкова падыме настрой дзяўчынцы. Ён там, на бабулінай дачы. Марынка адчуе яго з летнім ветрыкам – такі цёплы далікатны пах палявых кветак і лясной травы. А знаёмая сцяжынка ад аўтобуснага прыпынку да брамкі бабулінай хаты прывядзе дзяўчынку туды, дзе яе чакае новы доўгачаканы сябар.
І вось Марынка ўжо бяжыць па гэтай сцяжынцы да свайго шчасця! Адчыняе брамку і бачыць бабулю на парозе хаты. У яе руках штосьці белае пухнатае мяккае і пяшчотнае. Так, так! Гэта самае лепшае стварэнне з усіх сусветных каціных парод!
– Вось яно якое, паглядзі, – бабуля працягвае ўнучцы кацяняці, а ў кожным руху, у кожным гуку яе голасу столькі пяшчоты і кахання…
– Я яго ўбачыла ў сне. Праўда, праўда! – радасна ўскліквае Марынка, прыціскаючы да сябе свой каштоўны падарунак.
– Значыць, гэта лёс, – усміхаецца мама, а бабуля запрашае дарагіх гасцей у сваю хату.
p.s. малюнак Міхеевой Аляксандры, 10 гадоў, народная студыя"Выяўненчае мастацтва", г.Мінск, фота Кудраўцава Аляксея.
Гэты аповед на рускай мове
22.02.16