Вясна ў гарадскім парку (чытае Ліка Пташук)
Ранняй вясной яшчэ не растаў снег, а ў гарадскі парк на беразе ракі пачалі злятацца пералётныя птушкі. Яны вярталіся ў паўночныя мясціны са сваіх паўднёвых хат у надзеі зноў абжыць леташнія гняздзечкі, бо хутка там павінны былі нарадзіцца іх дзеткі – маленькія пухнатыя птушаняты.
Спачатку прыляцелі гракі і шпакі, за імі – чайкі і дразды, затым – цеплалюбівыя берасцянкі, кулікі, пеначкі, сітаўкі і лясныя галубы. Птушкі былі рады сустрэчы адна з адной. Яны звінелі і трашчалі, ціўкалі і нават гулі. Так адны птушкі пасылалі прывітанне іншым.Чайкі адразу ж паляцелі да ракі, каб прывітацца з ёй.
– Прррр-ы-вітанне! – гучна крычалі чорна-белыя гарэзлівыя птушкі, лунаючы над ракой, яшчэ не зусім адталай ад лёду.
– Ох, як добра, што вы прыляцелі! – цешылася чайкам рака. Ёй было прыемна зноў сустрэцца з гэтымі шпаркімі і спрытнымі птушкамі, каб пражыць разам з імі да самай зімы.
Птушкі, вяртаючыся з паўднёвых краёў, сяліліся на высокіх дрэвах гарадскога парку і ў зарасніках хмызняку, майструючы новыя альбо ўладкоўваючы старыя гнёзды.
Сям'я лясных галубоў пасялілася ў дупле вельмі старой, але яшчэ даволі дужай ліпы. Ніколі раней гэтыя палахлівыя птушкі не жылі побач з агнямі вялікага горада. Лясныя галубы любяць схаваныя ад чужых вачэй месцы. Але гэта старое дрэва, якое расло на ўскрайку гарадскога парку, чымсьці прыцягнула іх да сябе, магчыма, сваёй высакароднасцю і мудрасцю.
Птушкі агледзелі дупло. Яно было на вялікай вышыні ад зямлі.
– Тут будзе добра гадаваць птушанят. Ніхто нам не перашкодзіць, – вырашыла Галубка, уладкоўваючы сваю новаю хату тонкімі галінкамі і мяккім сухім сенам.
А велізарная старая ліпа баялася зварухнуцца ад радасці. Яна была такая шчаслівая, што ў яе дупле пасяліліся галубы. Гэта цуд! Неўзабаве яна пачуе галасы маленькіх птушанят, і нават зможа распавядаць ім казкі, якіх ведае вялікае мноства.
Сінічкі і вераб'і, галкі, вароны і сарокі былі рады сустрэчы са сваімі сябрамі, пералётнымі птушкамі.
– Пры-ві-тан-не! – звінелі сінічкі, і цвыркалі вераб'і. – Як до-брр-а, што вы пры-ля-це-лі! – крычалі галкі і вароны.
Праз некаторы час увесь парк ажыў. Днем галінкі дрэў і кустоў прыгравала сонца, на рацэ і на зямлі растаў апошні снег і лёд. Птушкі скакалі па адталай леташняй траве, вышукваючы чарвячкоў, збіраючы сухое галлё, саломку. Яны спявалі вясёлыя вясновыя песенькі. Але ніхто з іх яшчэ не бачыў саму прыгажуню Вясну, не ведаў, дзе яна хаваецца.
Высокія стройныя дрэвы, якія раслі ўздоўж алей, былі старымі і разумнымі. Яны моўчкі з вышыні пазіралі на ўсё, што адбывалася на сырой зямлі. Іх вабіла да сябе вельмі прыгожае вясновае неба! Дрэвам надта хацелася дакрануцца да яго блакіту і да пухнатых палосак незвычайна лёгкіх белых аблокаў. Часам дрэвам здавалася, што варта падняцца ледзь-ледзь угару і можна крануць аблокі тонкімі маладымі галінкамі. Таму высокія дрэвы з усяе сілы цягнуліся туды, накіроўваючы свае галінкі-павуцінкі да аблокаў!
Аднак, не дрэвы першымі сустрэліся з чараўніцай Вясной. Яе знайшлі птушкі! Дык, дзе ж схавалася прыгажуня Вясна?
А вось паслухайце.
На досвітку маленькая Пеначка скакала па зямлі. Яна ўбачыла, як на адталай палянцы ў парку раскрылася цудоўная Кветачка. Яе пялёсткі былі жоўценькімі і зіхацелі, нібы яркія сонечныя праменьчыкі! А потым з самай сярэдзінкі Кветачкі выйшла дзяўчынка. Яна была выдатная, нібы маленькае Сонейка! Малая азірнулася вакол сябе, усміхнулася і прамовіла:
– Добры дзень, Пеначка! Я – Вясна!
Пачуўшы гэта, Пеначка весела заціўкала і засвістала. Прыляцелі птушкі, убачылі дзяўчынку Вясну і таксама зазвінелі, заціўкалі, затрашчалі, услаўляючы яе прыгажосць.
Не прайшло і тыдня пасля першай сустрэчы птушак з Вясной у гарадскім парку, як усюды зазелянела маладая траўка. На дрэвах і кустах з покавак вызірнулі маленькія ліпкія лісточкі, з травы – першыя далікатныя кветачкі. Гэта былі белыя пралескі і жоўтыя дзьмухаўцы. Дзяўчынка Вясна цэлымі днямі ўпрыгожвала гарадскі парк. Зараз нават неба і аблокі маглі любавацца яго вясновай прыгажосцю.
Прайшло яшчэ крыху часу, і ў птушыных гнёздах вылупіліся з яек маленькія пухнатыя птушаняты. Яны глядзелі вакол сябе здзіўленымі вочкамі, яшчэ не разумеючы, якое ж гэта шчасце – нарадзіцца вясновай парой на такі цудоўны белы свет!
p.s. Старая ліпа ў Мінскім парку Перамогі каля Камсамольскага возера, фота аўтара.
Гэтая казка на рускай мове
15.02.16