Галасы нашай Зямлі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Галасы нашай Зямлі
Галасы нашай Зямлі
У выдатны летні дзень, калі ўсё неба азаралі яркія сонечныя праменьчыкі, а ў блакітных вачах пухнатых аблокаў зіхацелі вясёлыя іскрынкі, на поле, дзе паміж пшанічных каласкоў раслі белыя рамонкі і сінія васількі, прыляцелі пчолкі за салодкім духмяным нектарам. Маленькая рыжанькая Пчолка падляцела да самага прыгожага белага Рамонка. Настрой у яе быў выдатны, яна весела спявала:      – Жу-жу-жу! Я ніколі не тужу! Жу-жу-жу!
     Рамонак усміхнуўся, расправіў белыя пялёсткі і прамовіў:
     – Які ж у цябе, Пчолка, прыгожы і радасны галасок!
     – Дзякуй! – усміхнулася Пчолка. – Проста я вельмі люблю гэтую песеньку.
     Пшанічныя Каласкі, паміж якіх рос белы Рамонак, слухалі іх гутарку, і ім захацелася станцаваць пад сваю любімую песеньку. Яны заспявалі яе, размахваючы ў такт мелодыі залацістымі галоўкамі:
     – Шу-шу-шу! Шы-шы-шы! Мы не хочам жыць у цішы!
     Усё пшанічнае поле захвалявалася, зашумела, разгулялася, а па нябесным абшары паляцелі галасы яго няўрымслівых Каласкоў.
     – Ву-ў-у-ў! – падхапіў гэтую мелодыю жвавы Ветрык і пайшоў у скокі разам з пшанічнымі каласкамі. Ох, як весела стала ўсім!
     А пухнатыя Аблокі, якія праляталі ў гэты час над полем, глядзелі на ўсё, што адбывалася на Зямлі, і ўсміхаліся.
     – Вядома, – думалі яны. – Хто ж на Свеце не любіць спяваць і танчыць, калі вакол такая прыгажосць!
     І Аблокі паляцелі далей да Ракі, напяваючы пяшчотнымі галаскамі іншую песеньку, ціхую і ласкавую, якую вельмі любілі.
     Рака яшчэ здалёк убачыла, што да яе ў госці ляцяць Аблокі. Пачуўшы іх песеньку, адазвалася звонкімі галасамі сваіх няўрымслівых і вельмі шпаркіх Хваль-пляскушак.
     А тым часам высока ў небе над Аблокамі і полем, дзе калыхаліся пшанічныя Каласкі, дзе ўсміхаліся белыя Рамонкі і сінія Васількі, дзе цякла хуткая Рака, раздаўся голас рэактыўнага самалёта. Самалёт ляцеў так высока, што з Зямлі быў падобны на маленькую кропачку, якая вычэрчвае на небе доўгую белую палоску. Але яго моцны і адважны голас, голас дзіўнай птушкі, створанай рукамі чалавека, быў добра чутны на Зямлі. Лётчык, які вёў самалёт, глядзеў зверху ўніз на нашу прыгажуню Зямлю, такую дзіўную жывую планету, і марыў пра тое, што калі-небудзь хай не ён сам, хай яго дзеці ці нават унукі паляцяць далёка-далёка на іншыя планеты. І тады там спазнаюць і пачуюць такія прыгожыя і непаўторныя галасы нашай Зямлі.
     
     p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.02.16