Шчаслівага Раства! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Шчаслівага Раства!
Шчаслівага Раства!
На ціхай вулачцы вялікага горада за акном на трэцім паверсе старой пасляваеннай школы мільгалі дзіцячыя галоўкі і твары. Толькі што празвінеў званок, скончыўся апошні ўрок. Дзеці, як заўсёды, спяшаліся выскачыць з класа, на хаду зашпіляючы пухнатыя рукзакі з сшыткамі і кнігамі. За сваім сталом засталася толькі адна дзяўчынка Варвара. Яна яшчэ ўчора выразала з паперы беласнежныя фігуркі Анёлачкаў і чакала зручны момант, каб наклеіць іх на школьнае акно. Зяўчынка ведала, што пакуль што ніхто не загляне ў клас. Варвара спрытная і ўмелая дзяўчынка, і таму наклеіць Анёлачкаў на шкло для яе не цяжка. Раз, два, тры – і гатова! І вось дзяўчынка ўжо спяшаецца выбегчы са школы ўслед за сяброўкамі. Азірнулася, паглядела на свае вокны. Анёлачкі там, на шкле, і добра бачныя здалёку.      Варвара радасна ўсміхнулася. Заўтра ўсе дзеці ўбачаць іх і, вядома ж, ніхто не здагадаецца, што гэта яна іх наклеіла. Хай думаюць, што Анёлачкі прыляцелі самі. Такое папросту магло б здарыцца ў цёмныя пераднавагоднія і перадкалядныя ночы. Варвара чытала пра свята Нараджэнне Хрыстова ў кнізе. Яна ведала, што ў гэтыя дні адбываюцца сапраўдныя цуды, калі ўсе добрыя пажаданні людзей спраўджваюцца!
     
     Дзеці пайшлі дахаты, у школьных вокнах загаслі агні. А маленькія белыя фігуркі Анёлачкаў нават у цемры былі добра бачныя. Вядома ж, яны не сапраўдныя, а зробленыя з простай тонкай паперы, таму дапамагчы цяпер яшчэ нікому не маглі. Але ўсё ж…
     Напэўна, ад наіўнай і чулай дзіцячай душы дзяўчынкі і ім перадалася кропелька яе міласэрнасці і дабрыні. Папяровыя Анёлачкі з цікавасцю разглядалі свет, у які не так даўно прыйшлі. Яны бачылі, як снежаньскае сонца спяшаецца сысці за гарызонт, як цямнее вячэрняе неба, а ў вокнах жылога дома, які стаіць праз дарогу ад школы, то тут, то там запальваецца святло.
     Першы Анёлачак, той, што быў першым наклеяны на шкло школьнага акна рукой Варвары, зазірнуў у запаленае акно насупраць сябе і ўбачыў там худзенькую постаць дзядулі. Стары сядзеў на ложку і глядзеў перад сабой. Больш нікога Анёлачак не заўважыў у гэтым пакоі. Да позняга вечара ён не зводзіў позірку з акна і, здавалася, нават зразумеў, пра што думае стары. Па ўсім было відаць, што дзядуля самотны, што да яго ўжо даўно ніхто не прыходзіў. А гэты чалавек вельмі слабы, яму патрэбны дапамога і падтрымка блізкіх людзей…
     Другі Анёлачак, той, якога Варвара прыклеіла да шкла услед за першым, таксама глядзеў у асветленае акно, размешчанае насупраць. У тым акне, гэта была кухня іншай кватэры, мама з маленькай дачушкай гатавала вячэру. Малая глядзела ў цёмру за акном, яна чакала свайго тату. Ён абяцаў пагуляць з ёй і прачытаць новую казку. Калі ж тата прыйшоў дахаты, ён не ўзяў сваю дачку на рукі, не абняў і не сказаў ласкавых слоў. Тата прыйшоў з працы п'яным, ледзь дабраўся да ложка і тут жа заснуў. Мама зняла з яго брудную адзежу і зачыніла дзверы ў пакой. Твар малой стаў вельмі сумным, а з вачэй яе мамы пацяклі слёзы! Яна штосьці казала дачцэ, прыціснуўшы яе да сябе. Анёлачак разумеў, што мама і яе дачка вельмі пакрыўджаны на тату. Яны не жадаюць бачыць яго п'яным і брудным, такім брыдкім і няласкавым чалавекам…
     Трэці Анёлачак глядзеў у акенца кватэры, у якой толькі нядаўна загарэлася святло. Туды ўвайшоў малады чалавек. Яго позірк быў сумны, плечы апушчаныя. Хлопец сеў за стол, узяў тэлефон і пачаткаў камусьці тэлефанаваць. Яго гутарка была вельмі доўгай, але зусім не вясёлай. Анёлачак здагадаўся, што хлопец размаўляў са сваёй каханай дзяўчынай. Здаецца, яны пасварыліся. У чым правініўся перад дзяўчынай малады чалавек, было цяжка зразумець. Аднак, па ўсім было відаць, што ён вельмі кахае яе. Анёлачак сачыў за ім увесь час, пакуль той не скончыў гаварыць. Хлопец расціраў на вачах слёзы. Не, ён не памірыўся са сваёй каханай дзяўчынай у гэты вечар…
     "Хутка вялікае свята – Нараджэнне Хрыста, – думалі Анёлачкі. – Чаму ж людзі сумуюць і пакутуюць? Чаму да іх не прыходзіць шчасце і поспех? Было б так добра, калі мы змаглі б ім дапамагчы"…
     
     Назаўтра дзеці зноў прыйшлі ў школу і селі на свае месцы ў класе. Хтосьці з іх адразу заўважыў Анёлачкаў на вокнах, хтосьці – пазней. Ніхто з дзяцей не ведаў, як Калядныя Анёлачкі з'явіліся на вокнах у іхнем класе. Аднак усім было радасна глядзець на іх, бо Анёлачкі сваёй прысутнасцю набліжалі надыход зімовых канікулаў!
     Непрыкметна праляцелі апошнія школьныя дзянькі. І пачаліся канікулы! Вось ужо з выстаўленымі ў дзённікі адзнакамі: выдатнымі, добрымі, і не вельмі добрымі школьнікі пайшлі адпачываць, набірацца сіл для працягу вучобы. На гэтых канікулах дзяцей чакалі цудоўныя любімыя падзеі – сустрэча Новага года і Нараджэння Хрыстова! Вядома ж, усе дзеці атрымаюць падарункі, сходзяць на навагоднія прадстаўленні, а хтосьці нават – у цырк, у тэатр, у кіно ці з'ездзіць у цікавую паездку...
     
     Толькі папяровыя Анёлачкі на шкле школьных вокнаў не радаваліся, а сумавалі. Яны перажывалі за тых людзей, у якіх не ўсё так гладка і хораша складвалася ў жыцці. Так, так! У цудоўныя перадсвяточныя дні Анёлачкі бачылі нешчаслівыя твары ў вокнах дома праз дарогу ад школы. “Вось калі б мы сталі сапраўднымі Анёламі, тады змаглі бы дапамагчы гэтым людзям стаць шчаслівымі”, – марылі папяровыя Анёлачкі. Напэўна, хтосьці там, на небе, пачуў і зразумеў іх думкі, таму што ў Калядную ноч здарыўся сапраўдны цуд!
     Віфлеемская Зорка паслала менавіта да іх свае дакладныя сігналы. Яны дасягнулі пункта прызначэння, школьнага акна, і выканалі сваю задачу – ажывіць папяровых Анёлачкаў. Чароўныя сігналы ператварылі папяровых Анёлачкаў у сапраўдных! Анёлы ўзляцелі ў неба і накіраваліся ўгару, да Бога, каб папрасіць Яго дапамагчы тым, хто няшчасны!
     
     І што ж адбылося? У цудоўны дзень на Нараджэнне Хрыстова ва ўсіх трох акенцах засвяціліся Каханне і Надзея! Тата маленькай дзяўчынкі паабяцаў ёй з мамай, што больш ніколі не будзе піць. Ён зразумеў, што даражэй маленькай дачкі і жонкі ў яго ніколі не будзе нікога на белым свеце! Гэты чалавек змог перамагчы сваю хваробу і стаць добрым і чулым бацькам. Да самотнага дзядулі прыйшла яго ўнучка. Яна, вядома ж, будзе дапамагаць яму і не пакіне хворага і слабога старога аднаго ў кватэры. А хлопец памірыўся са сваёй дзяўчынай. Яна кахае яго гэтак жа моцна, як і ён яе!
     
     Вось так чароўная Віфлеемская Зорка запаліла святло Кахання і Надзеі на Шчасце ў трох акенцах дома, які стаяў на ціхай вуліцы насупраць старой школы. Напэўна, Зорка зрабіла тое ж самае яшчэ ў мільёнах іншых невядомых нам акенцах, дзе жылі добрыя і дастойныя шчасця людзі.
     Пажадаем жа шчаслівага свята і нам з Вамі!
     
      Гэтая казка на рускай мове
7.01.16