Пернікавы Заяц (навагодняя казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пернікавы Заяц  (навагодняя казка)
Пернікавы Заяц (навагодняя казка)
Сёння ўначы да нас прыйдзе Новы год! – гэтую цудоўную падзею чакалі ўсе дзеці з Анюцінага двара.      З самай раніцы, як на заказ, выпала шмат снегу. Халодны, ён раставаў на далоньках і храбусцеў пад нагамі. І тады дзеці вырашылі сляпіць снегавіка. Яны так захапіліся сваім заняткам, што не заўважылі, як да іх падышоў сапраўдны Дзед Мароз! Доўгая белая барада і такія ж вусы дзядулі зіхацелі на сонцы, у вясёлых вачах гарэлі чарадзейныя агеньчыкі. У руцэ Дзед Мароз трымаў мяшок з падарункамі.
     – З Новым годам, дзеці, з новымі поспехамі і добрымі справамі! У мяне ў мяшку навагоднія падарункі для вас. Налятайце!
     – Ура! Дзядуля Мароз прынёс нам падарункі! – закрычалі дзеці і абкружылі чараўніка.
     Анютка не змагла прабіцца праз натоўп моцных хлапчукоў і апынулася апошняй у чарзе за падарункам. Вельмі хутка мяшок Дзеда Мароза апусцеў, і ён вінавата паглядзеў на застаўшуюся без падарунка дзяўчынку.
     – Здаецца, падарункі скончыліся. Што рабіць? Але, не, там яшчэ штосьці ёсць. – Дзед Мароз засунуў руку на дно мяшка і выцягнуў навагодні пернік у выглядзе белага Зайца з ялінкай.
     Зірнуўшы на пернік, Анютка ўжо хацела заплакаць і пакрыўджана скрывіла губкі. Вядома, калі Саньку дастаўся планшэт, Воўчыку – сноўборд, Кацьцы – шыкоўная лялька, Борку – ролікавыя канькі, а ёй – пернік!
     – Але ты не засмучайся! – супакоіў дзяўчынку Дзед Мароз. – Гэты пернік можа быць зусім не пернікам. Ты гэта ўбачыш, калі будзеш добрай спагадлівай дзяўчынкай. У хаце пакладзі пернікавага Зайца пад Ёлку. Ён будзе цешыць цябе сюрпрызамі да самых Каляд.
     Анютка так і зрабіла – пернікавы Заяц апынуўся пад Ёлкай у яе кватэры...
     
     За навагоднім сталом бацькі хвалілі Анютку за добрую вучобу і паводзіны. А калі гадзіннік прабіў поўнач, Анютка пабегла да Ёлкі, якая стаяла ў суседнім пакоі, і з хваляваннем убачыла, што пернікавы Заяц ажыў. Ён ператварыўся ў жывога пухнатага белага Зайчыка!
     – Анютка! Сёння ты была добрай дзяўчынкай, таму я выканаю тваё першае запаветнае жаданне. Загадвай! – прапішчаў Зайчык.
     – Жаданне? – здзівілася дзяўчынка. Але тут жа загадала:
     – Я жадаю, каб у мяне была новая лялька, лепшая, чым у Кацькі.
     І ў той жа ж момант у яе руках з'явілася лялька ў выдатным уборы, з рыжымі валасамі і доўгімі нагамі ў модных туфліках. На пальчыках у лялькі быў манікюр, у пухнатых валасах зіхацела дарагая карона. Вось толькі пад Ёлкай замест чароўнага Зайчыка Анютка ўбачыла звычайнага пернікавага Зайца.
     – Якая прыгажуня! – усклікнула дзяўчынка і пабегла паказваць ляльку матулі.
     Назаўтра Анютка доўга спала, заленавалася прыбраць сваю пасцелю і не дапамагла маме вымыць посуд пасля ежы. І ў гэты дзень новага ператварэння пернікавага Зайца ў жывога не адбылося, нягледзячы на тое, што дзяўчынка ўвесь дзень не адыходзіла ад Ёлкі і чакала гэтага моманту.
     На наступны дзень, 2 студзеня, Анютка выправіла свае ўчарашнія памылкі: прыбрала пасцелю, вымыла свой посуд і нават дапамагла бабулі пераматаць пражу ў клубок.
     – Што ты хочаш звязаць? – спытала яна ў бабулі.
     – Шарсцяныя шкарпэткі. Ногі ў мяне, унучачка, штосьці моцна разбалеліся. Шкарпэткі сагрэюць, і нагам будзе лягчэй. Яны перастануць балець.
     – Правільна, бабуля! – пахваліла Анютка і пабегла да Ёлкі.
     А там жывы Зайчык сядзіць і пытае яе пра новае запаветнае жаданне.
     – Я жадаю канькі! – з ходу выпаліла дзяўчынка і потым дадала, – калі ласка.
     І тут жа ў скрынцы ля яе ног з'явіліся новенькія канькі, якраз яе размеру, бо старыя дзяўчынцы ўжо сталі цесныя.
     – Дзякуй, Зайчык! – крыкнула Анютка, радасна ўсміхаючыся. – Як добра! У мяне ўжо другі падарунак ад Дзеда Мароза.
     Кажучы гэта, яна нават не заўважыла, што чароўны Зайчык знік, а замест яго пад Ёлкай з'явіўся звычайны пернікавы Заяц.
     На трэці дзень студзеня Анютка зусім забылася пра свой пернік і цэлы дзень правяла на катку. Таму яна не магла даведацца, што яе мама нечакана захварэла, а тата тэрмінова паехаў у камандзіроўку.
     – Дзе ты была ўвесь дзень? – строга спытала бабуля, калі Анютка ўвечары вярнулася дахаты.
     – На катку.
     – Нябось стамілася. Ідзі адпачывай, – пашкадавала ўнучку бабуля.
     Яна насілу пашлёпала на кухню, каб разагрэць Анютцы вячэру.
     Не, у гэты і на наступны дзень пернікавы Заяц маўчаў. Відаць дзяўчынка не заслугоўвала пахвалы. Яна ленавалася штосьці зрабіць добрае для бабулі і мамы і амаль на паўдня ўцякала на каток.
     "Заўтра 5 студзеня. У мяне засталося два дні, – разважала дзяўчынка. – І ўсё. Што ж мне загадаць?"
     – Як твая мама і бабуля, як іх здароўе? – спытала пажылая суседка, калі Анютка вярталася з катка.
     – Мама хварэе, а ў бабулі баляць ногі.
     – Аднак ты ж дапамагаеш ім? Я ведаю, ты добрая спагадлівая дзяўчынка. Мама заўсёды хваліць цябе.
     – Дапамагаю, – ціха прагаварыла Анютка, адчыняючы дзверы ў сваю кватэру.
     Ёй стала непрыемна. І сапраўды, неяк не добра ўсё атрымліваецца. Мама і бабуля хворыя, а яна гуляе і не дапамагае ім.
     – Бабуля, што табе дапамагчы? – спытала ўнучка, калі зайшла на кухню.
     – Пакуль нічога. Сядай, паеш, – усміхнулася тая. – Потым навядзеш парадак у сваім пакоі і ў калідоры.
     – Добра, – адказала Анютка.
     Увечары яна падышла да Ёлкі і ў тое ж імгненне пернікавы Заяц ажыў!
     – Якое новае жаданне?
     – Няхай мама акрыяе, – сказала дзчўчынка. – А ў бабулі перастануць балець ногі.
     – Не, – сказаў Зайчык, – я не магу выканаць два жаданні, толькі адно.
     – Тады няхай мама акрыяе, – збянтэжылася Анютка.
     На наступны дзень, шостага студзеня, мама была здаровая, быццам і не хварэла зусім.
     – Я сама ўсё прыгатую на кухні, – сказала яна бабулі. – А ты адпачывай.
     – Добра, – узрадавалася бабуля. – Тады я пайду вязаць шкарпэткі.
     – А мне што зрабіць? – спытала Анютка.
     Яна гэта сказала зусім не таму, што ведала – у яе засталося толькі адно запаветнае жаданне, і яго нельга страціць. Анютцы вельмі хацелася, каб у хаце ўсё было добра, бо заўтра яе любімае свята – Каляды.
     – А ты запалі гірлянды на нашай Ёлцы і дапамажы мне прыгатаваць навагоднія стравы. Хутка прыедзе тата, – прамовіла мама.
     Дапазна ў кватэры Анюткі гарэла святло. Гэта была ноч перад Ражджаством Хрыстовым. Прыехаў тата, прывёз вялікі смачны торт. Ад таго настрой ва ўсіх узняўся. Вось толькі бабуля з цяжкасцю хадзіла па пакоі.
     Анютка падбегла да Ёлкі і ўбачыла жывога Зайчыка.
     – Сёння я выканаю тваё апошняе жаданне, – Зайчык хітра памахаў вушкамі. – Якое ж?
     – Няхай у бабулі перастануць балець ногі, – прашаптала Анютка.
     Вядома, ёй хацелася яшчэ чаго-небудзь загадаць для сябе. Але ж, бабуля хворая...
     – Будзь шчаслівая, Анютка! – праспяваў тоненькім галаском чароўны Заяц і знік.
     Дзяўчынка паглядзела пад Ёлку – там ляжаў знаёмы пернікавы Заяц. Яна ўзяла яго ў руку і паднесла да вуснаў, бо ён так прыемна пах духмяным водарам...
     А на кухні здзейсніўся новы цуд.
     – У мяне зусім перасталі балець ногі?! – дзівілася бабуля. – Як цудоўна! Зараз я магу нават танчыць! – цешылася яна.
     
     – Вось і добра. Заўтра ты пойдзеш са мной на каток і паглядзіш на вялікую навагоднюю Ёлку. Яна вельмі прыгожая і стаіць на плошчы каля катка, – сказала Анютка і абняла сваю дарагую бабулю.
     
     p.s. на фота мой Калядны пернік, зроблены ў прыходзе храма Раства Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна.
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.01.16