Задуменная карова (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Задуменная карова (чытае Ліка Пташук)
Задуменная карова (чытае Ліка Пташук)
На хутары каля лесу стаяла хатка. Жыла там старэнькая бабуля. Была ў яе карова Буронка, маладая і дурная. Адправіць бабуля карову на луг пасвіцца, накажа:      – Ты ж, мая прыгажуня, увечары дахаты прыходзь, малачко сваё па дарозе не згубі.
     Буронка быццам слухае бабульку, але ўсе яе словы міма праскокваюць: у адно каровіна вуха ўлятаюць, у другое – вылятаюць. Надыйдзе вечар, а карова ўсё стаіць на лузе, пра нешта сваё думае, дахаты не збіраецца. Пойдзе бабуля па Буронку і прывядзе ў двор, трохі адсцябаўшы яе ззаду па хвасце тонкім дубчыкам. Што рабіць з такой задуменнасцю каровінай, не ведае!
     Вось так яны і жылі. Толькі аднаго разу, незнарок, нарадзіла Буронка сыночка, Цяля. Добрае такое Цяля, але вельмі дапытлівае. Не стаіць на месцы, а ўсё бегае па двары, ва ўсе карыты і шчылінкі зазірае.
     – Ды вядзі ты яго на лужок, няхай там пабегае! – неяк прапанавала бабуля сваёй карове. – Толькі глядзі за ім. Каб малое чаго не нарабіла!
     Павяла Буронка сыночка на лужок. Сама траўку шчыпле, а дзіця побач гуляе.
     Але вось бяда! Дурная карова і тут не ўгледзела. Жвавы сынок узяў ды збег у лес, пакуль матуля кветачкі на лузе разглядвала.
     Спалохалася карова. Пабегла яго шукаць. Толькі як яна ні старалася, колькі ні клікала, цікаўнае Цяля адшукаць не змагла. Сцямнела. Прыйшлося Буронцы адной дахаты ісці.
     А дома – у слёзы і яна, і бабуля. Дзе цяпер іх малы, што з ім? У лесе ваўкі па начах ходзяць, сустрэнуць дзіця, што тады будзе!
     Толькі лес не без добрых звяроў. Убачылі зайцы сыночка каровы, калі той па лесе блукаў і маму клікаў. Прывялі яны яго на ўзлесак, а потым давялі да самай хаты.
     – Ідзі! Вунь твая хата! – сказаў старэйшы Заяц. – І глядзі, больш не збягай ад мамы ў лес. Ведай, там жывуць ваўкі. Яны вельмі страшныя і злыя!
     Прыбегла Цяля ў свой двор. А там бабуля з матуляй малога і сустрэлі...
     
     З таго часу Цяля стала асцярожнае і ўважлівае, слухае парады бабулі і, часам, задуменную маму-карову павучае.
     
      Гэтая казка на рускай мове
15.11.15