Пудзіла агароднае
На схіле ўзгорка, ля ракі, размясцілася вёска пад назвай Старыя грушы. І сапраўды, у яе садах расло шмат старых дрэў. Апрача таго ў вёсцы была і іншая асаблівасць – тут жылі толькі адны старыя. Але ў гародзе і садзе селяніну, якім бы ён старым ні быў, працаваць проста неабходна. Пражытак для сябе вырошчваць трэба. Без ежы не можа жыць чалавек. Вось і працавалі дзядулькі і бабулькі ў сваіх гародах: увесну саджалі бульбу ды гародніну, а ўвосень збіралі ўраджай.
У хатцы ля самага берага ракі жыў адзінокі дзядуля. Любіў ён глядзець з акна на раку. Па ёй калісьці сам не аднойчы праплываў на караблі. А было гэта ў той час, калі дзядуля яшчэ ў маладым узросце працаваў у рачным суднаходстве. За шмат гадоў ён даслужыўся да капітана. Колькі розных рэк і рачулак пабачыў на сваім вяку! А зараз у старога толькі і засталося ад былой радасці, што глядзець на родную раку, назіраць, як па ёй праплываюць іншыя караблі, а хвалі плёскаюцца аб бераг.Але стары капітан ніколі не маркоціўся. І цяпер ён не ляжаў з раніцы да ночы на канапе, а працаваў у сваім садзе і гародзе. Дзядуля лячыў дрэвы, увесну ўскопваў зямлю, саджаў бульбу і іншую гародніну, да восені даглядаў усё і расціў.
Толькі вось бяда! Панадзіліся птушкі на яго гарод. Ледзь адвернецца дзед ці праспіць, а гэтая нахабная птушыная чарада тут як тут. Сядзяць, здзёўбваюць з зямлі насенне і далікатныя зялёныя ўсходы. Ну, як з імі змагацца!
І тут дзед не схібіў. Прыдумаў на птушак управу. Узяў старыя граблі, паставіў іх тарчма на гародзе і прыбраў у сваю падношаную цяльняшку. Зверху патрапаную шапку і стары шалік павесіў, венік, у дадатак, прымацаваў. Атрымалася сапраўднае, дзіўнае і страшнае Пудзіла, не простае, а агароднае. Такімі пудзіламі здаўна людзі адганялі ад гародаў надакучлівых птушак.
Пасля таго птушкі зусім перасталі лётаць на дзедаў гарод. Вось толькі маракі, праплываючы міма, заглядваліся на незразумелы цуд у старой цяльняшцы, паказвалі на яго пальцамі і смяяліся ад душы.
Самому ж Пудзілу стаяць у гародзе днём і ўначы, адпужваць усіх непрыемна стала. Вакол такая прыгажосць – поле, рака, сады, птушачкі спяваюць. А яно хістаецца і боўтаецца на ветры, быццам страшыдла нейкае ці п'яніца! Ніхто і зразумець не жадае, што ў Пудзіла таксама душа ёсць. І яму хочацца зрабіць што-небудзь важнае і патрэбнае.
Вось і стала Пудзіла ад нуды імітаваць спеў птушак. Што нішто, а занятак, няхай і бесталковы. То засакоча як курыца, то засвішча як сініца, то крык рачной чайкі пераймае, а то і зусім зарыпае, як агародная брамка.
Пачуў мудры чорны Крумкач гэтыя "цудоўныя песні", прыляцеў на гарод, сеў насупраць Пудзіла, гутарку завёў. Як, маўляў, пажываеш тут, Пудзіла агароднае?
– Сумна мне і нязручна ад таго, што вакол усе на мяне глядзяць, баяцца альбо пасмейваюцца, – прызналася Пудзіла. – Для чаго я тут, не ведаю. І як птушка ўзляцець не магу, і кроку ступіць мне немагчыма.
– Кожнаму трэба рабіць сваю справу, – падумаўшы, адказаў Крумкач. – Цябе ж, Пудзіла, твой дзядуля паставіў тут дзеля таго, каб ты гарод вартавала, яго ўраджай зберагала. Разумееш? Дзядуля старэнькі, яму цяжка за ўсім усачыць, таму табе трэба яму дапамагаць!
Паляцеў Крумкач, а Пудзіла засталося. Паглядзела яно вакол сябе на градкі. Убачыла, як добра растуць і набіраюцца сілы дзедавы пасевы, і зразумела, нарэшце, у чым яго прызначэнне. Не стала яно больш дражніць птушак, бо няма патрэбы гэта рабіць. Вось толькі не пускаць іх у дзедаў гарод, палохаючы сваім страшэнным выглядам, Пудзіла дагэтуль любіць. Яно ведае, што тым самым дапамагае старэнькаму дзядулю зберагчы свой ураджай.
p.s. малюнак Запрагаява Дзяніса, 5 гадоў
Гэтая казка на рускай мове
9.11.15