
Журавель і Журавелька
Здарылася гэта даўно. Пасяліліся на вялікім беларускім балоце Ельня невысокія вечназялёныя хмызнячкі. І назвалі іх журавінамі. Увесну хмызнячкі зацвіталі. І тады ўсё балота размалёўвалася ў далікатны ружовы колер. А ўвосень на сцяблінках журавін спелі цёмна-чырвоныя ягадкі.
Кожны год увосень на балота ў Ельню прыляталі вялікія чароды шэрых жураўлёў. Іх прыцягвалі сакавітыя кіславатыя ягадкі, саспелыя на балотных кустах. Пагасцяваўшы нейкі час і паспытаўшы смачнага пачастунка, жураўлі адляталі. Вось толькі куды?Сціплыя балотныя кусцікі ніколі ні пра што не распытвалі залётных птушак. Таму жураўлі і не здагадваліся, што нізенькія вечназялёныя расліны, абсыпаныя смачнымі ягадкамі, пра нешта думаюць і нават умеюць гаварыць.
Аднойчы на невялікім востраве пасярод балота нарадзілася на белы свет маленькая, але вельмі дапытлівая сцяблінка. Гэта быў сынок балотных журавін. Дожджык абмываў яго лісцікі, а сонейка сагравала іх. Вялікі Валун, побач з якім нарадзіўся малы, шкадаваў і засцерагаў яго, засланяючы сабой ад непагоды.
Праз некалькі гадоў сцяблінка ператварылася ў прыгожы зялёны хмызнячок, а вясновай парой ён зацвёў. Яго ружовыя кветачкі былі на штосьці вельмі падобныя, вось толькі на што?
– Твае кветкі падобныя на малюсенькую галоўку і шыйку жураўля, – сказаў неяк сівы Валун. – Таму я буду зваць цябе Журавелькай.
– Як цікава! – здзівіўся дапытлівы хмызнячок.
– А ўвосень на тваіх сцяблінках з гэтых кветачак паспеюць ягады журавін.
– І тады я пазнаёмлюся з сапраўдным Жураўлём? – спытаў нецярплівы Журавелька.
– Так! Калі ты пачастуеш яго сваімі смачнымі ягадкамі.
– Вядома, пачастую! – пагадзіўся малы.
З таго самага часу Журавелька стаў чакаць восені...
"Я спытаю ў Жураўля, адкуль і куды ён ляціць", – прыдумляў хмызнячок. Яму, такому цікаўнаму, таксама вельмі хацелася куды-небудзь злятаць, павандраваць. Але, як гэта зрабіць, Журавелька не ведаў. І таму толькі марыў і фантазіраваў.
– Ты не зможаш нікуды злятаць, – бурчаў Валун. – Як і я, назаўжды застанешся тут, на гэтым месцы. Бо, ты – карэнны жыхар балота. Аднак, не журыся! Без сяброў, птушак, ніколі не застанешся. А гэтыя вандроўнікі шмат аб чым табе распавядуць.
Усё так і адбылося. Стары Валун не зманіў. Увосень на балота Ельня прыляцела незлічоная чарада вялікіх шэракрылых птушак. Гэта былі жураўлі. Адзін з жураўлёў адразу заўважыў маладзенькі хмызнячок, абсыпаны сакавітымі ягадкамі журавін. І, пакуль птушка з задавальненнем ела смачныя кіслыя ягадкі, смелы хмызнячок задаў Жураўлю сваё першае пытанне:
– Шаноўны Журавель! Скажы, калі ласка, адкуль вы прыляцелі?
Журавель здзіўлена паглядзеў на хмызнячок, які ўмее размаўляць, але адразу ж адказаў:
– Як адкуль? З поўначы Беларусі. Там мы правялі лета і падгадавалі птушанят.
– Як жа вы жывяце ў такім холадзе? – працягваў яго распытваць малы.
– Мы ж не ляцім у тундру, дзе вельмі холадна. Я з сям'ёй жыў на беразе Асвейскага возера, у чароце. Улетку там цёпла і вельмі ўтульна. Мы з жонкай кармілі птушанят жабамі і дробнай рыбінкай. А калі птушаняты падраслі, уся наша сям'я адправілася ў палёт. Па дарозе да вас, мы сустрэлі вялікую чараду жураўлёў і далучыліся да іх. У вас добра! – працягваў Журавель свой аповед. – Вялікае балота і шмат дробных азёр. А вашы кіслыя ягадкі – проста аб'ядзенне! На наступны год я з сям'ёй абавязкова спынюся тут.
– Мы будзем вельмі радыя! – Журавелька памахаў сваімі лісцікамі. – Прылятайце да нас абавязкова!
– Дзякуй за пачастунак! – Журавель узмахнуў крыламі і паляцеў. – Чакайце нас увесну! – курлыкнуў ён.
Услед за Жураўлём у неба ўзнялася велізарная чарада шэрых птушак. Яны выцягвалі доўгія ногі, а галаву накіроўвалі ў неба. Плаўна махаючы велікімі крыламі, птушкі ляцелі ў далячынь.
– Курлы-курлы... – разліваліся па небе галасы жураўлёў.
– У добры час! – крычалі ім услед Журавелька і сівы Валун...
– Мае кветкі падобныя на Жураўля, толькі маленькага, – разважала маляня. – Так цікава! Толькі ён – птушка, а я – расліна. Ой! Я забыўся ў яго спытаць, куды яны цяпер паляцелі! – засмуціўся Журавелька.
– Куды, куды! На поўдзень, вядома. Туды, дзе цёпла, – прарыпеў мудры Валун.
"А ў нас ужо халадае", – падумаў Журавелька.
З неба церусіў дробны дожджык, і нават вечназялёным лісцікам на сцяблінках хмызнячка было не вельмі ўтульна. Яны злёгку дрыжалі ад холаду.
– А ты – малайчына, гаварлівы, – пахваліў Журавельку Валун. – У наступны раз распытай у Жураўля пра Афрыку. Там яны праводзяць цэлую зіму. Праўда, гэта ў нас будзе зіма, а на поўдні, наадварот, лета. У Афрыцы птушкі не змерзнуць. Мы ж узімку будзем спаць пад снегам.
– Калі прыйдзе зіма, я не засну. Атулюся снегам, буду марыць пра вясну і чакаць Жураўля! – маленькі хмызнячок весела памахаў зялёнымі лісцікамі.
Стары Валун паглядзеў на Журавельку, але нічога не сказаў. Ён зразумеў, побач з ім жыве непапраўны летуценнік і фантазёр.
Гэтая казка на рускай мове
1.11.15