Белыя і чорныя лапкі (чытае Ліка Пташук)
У бабулі Соні з вёскі Залессе жыў кот Барсік. Спачатку гэта было маленькае рыжае зялёнавокае кацяня з доўгім пухнатым хвастом. Вельмі ласкавае і гуллівае. Барсік бегаў па хаце і імкнуўся схапіць сваёй беленькай лапкай муху. Ён думаў, што муха такая ж смачная, як бабулін сыр. Але бабуля Соня забараніла кацяняці чапаць брудных мух і падарыла яму для гульні ружовы шаўковы банцік на нітачцы.
Праз некаторы час з маленькага кацяняці вырас вялікі дарослы кот. Ён важна ступаў па падлозе мяккімі белымі лапкамі. Іх кот заўсёды старанна чысціў ад пылу і бруду, таксама як і сваю пухнатую поўсць. Барсік варушыў чорнымі вусамі і паціху варкатаў. Але гэты чысцёха ні за што не жадаў лавіць брудных мышэй, якія бегалі пад падлогай і прагрызлі ў куце пад печкай дзірку!Не! Бабуля Соня не лаяла за гэта коціка. Яна купляла на кірмашы свежае малачко і паіла ім свайго дарагога Барсіка. Вось толькі аднойчы яна сама моцна захварэла. Кто ж дапаможа старой?
− Барсік! Схадзіў бы ты на кірмаш за малачком, − папрасіла бабуля свайго ўлюбёнца.
Барсік адразу ж пагадзіўся, бо як жа не дапамагчы хворай бабулі? Аднак, калі ён ступіў за дзверы, то ўбачыў, што там з даху льюцца цэлыя ручаі дажджу! Стаіць кот на парозе і не вырашаецца ісці далей. Паглядзела на яго бабуля і ўсё зразумела. Яе Барсік баіцца намачыць свой рыжы кажушок!
− Вазьмі, мілы, у каморы парасонік! Пад ім ты не папрамакаеш, − параіла бабуля.
Узяў Барсік парасонік і пайшоў на кірмаш. Купіў малачка і трошкі смятанкі. Вярнуўся дахаты. А бабуля зноў просіць:
− Запалкі ў нас скончыліся. Схадзі, любы, праз дарогу да суседкі Надзі, папрасі запалак. Я распалю печ і згатую смачную кашу.
Не змог кот адмовіць сваёй гаспадыні і ў гэтай просьбе. Пайшоў ён на суседскі двор. А ў тым двары ля ганка певень стаіць. Хвост расправіў, галоўку з чырвоным грабеньчыкам амаль да зямлі апусціў, лапкамі ў брудзе калупаецца, штосьці там выглядае.
− Што гэта, Пеця, ты ў брудзе капаешся? − запытаўся Барсік у пеўня.
− Ды вось каменьчык знайшоў прыгожы. Дастану яго, адмыю ад бруду і ў сваю скарбонку аднясу. Ведаеш, якая ў мяне там прыгажосць! Калі хочаш, пакажу.
І певень павёў ката ў адрыну паказваць сваю калекцыю перламутравых камянёў. Паглядзеў Барсік на іх, і зялёныя вочкі ў яго загарэліся.
− Давай мяняцца! − кажа ён пеўню. − Я табе − шаўковы банцік на нітачцы, а ты мне − вось гэта! − Барсік паказаў на вялікі серабрысты каменьчык.
− Банцік? Ну, што ж, давай! − пакратаўшы лапкай свой грабеньчык, пагадзіўся Пеця.
Прынёс кот пеўню банцік, а каменьчык аднёс у сваю схованку пад печку. І толькі тады ўспомніў пра запалкі. Пабег ізноў праз дарогу на суседскі двор. А там Пеця стаіць, ганарліва грабеньчыкам памахвае і ружовы банцік на грудзях крылцам пагладжвае. Куры вакол яго ходзяць, банцік разглядаюць і кудахчуць. Вось, маўляў, які ў нас прыгожы гаспадар! На лаўцы поруч хаты бабуля Надзя сядзіць, каля яе ног кошка трэцца. Поўсць ў кошкі прыгожая беленькая, вочкі карыя, а лапкі чорныя.
"Якія ў яе лапкі брудныя!" − падумаў Барсік.
Прынесла бабуля кату запалкі, а ён і не спяшаецца дахаты, усё кошачкай суседскай любуецца. Прыгажуня! Вось толькі мурза!
− Чаму ты не вымыеш свае лапкі ад бруду? − спытаў ён кошку.
− Ды яны зусім не брудныя! − пагладзіла бабуля Надзя сваю кошачку. − Проста яе лапкі такога колеру. Мая Ласачка разумніца! Мне дапамагае, за парадкам у хаце сочыць і мышэй у хату не пускае.
Тут успомніў Барсік сваю бабулю. Непрыемна яму стала, што ён так затрымаўся на суседскім двары. Бабуля Соня ўжо даўно яго чакае з запалкамі, каб прыгатаваць ежу. Аднёс кот запалкі, а сам ізноў вярнуўся, каб на кошачку паглядзець.
Вось так і павялося ў Барсіка. Стаў ён часта на суседскі двор збягаць ад сваёй бабулі. А што з ім рабіць? Падабаецца кату суседская кошачка Ласачка. Паправіць ён свае вусы, прыгладзіць рыжую поўсць і бяжыць на спатканне да кошкі. А мышы з-пад падлогі паціху паглядаюць на яго і не пазнаюць свойго ката. І хвост у яго стаў пухнацей, і вусы даўжэй. Свой перламутравы каменьчык Барсік падарыў Ласачцы на дзень нараджэння. Яна ж паклала яго не пад печку, а ў сваю прыгожую сумачку і заўсёды носіць з сабой, як шчаслівы талісман.
p.s. на фота Аляксея Кудраўцава праца майстра А.І.Вінель з горада Нясвіжа.
Гэтая казка на рускай мове
25.10.15