Да дня радыё - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Да дня радыё
Да дня радыё
Сёння нашаму беларускаму радыё споўнілася восемдзесят пяць гадоў. Мама казала, як яшчэ маленькай басаногай дзяўчынкай бегала паглядзець на гэтае дзівоцтва ў выглядзе чорнай талеркі, якая вісела на слупе ў цэнтры вёскі, і паслухаць чалавечыя галасы, якія незразумела якім чынам выходзілі з яе.      Старая бабуля, седзячы на печы, казала маёй маленькай матулі пра тое, што ў будучыні ўся Зямля будзе ахоплена правадамі. Якімі гэтыя прадказанні былі незвычайнымі і казачнымі для жыхароў тагачаснай вёскі ў лапцях, з лучынай, калаўротам і плугам! Мая мама, якая нарадзілася ў беднай сялянскай сям'і, не магла нават здагадвацца пра тое, што яе чакае ў далейшым жыцці, і колькі новага цікавага ёй удасца ўбачыць, пражыўшы восемдзесят сем гадоў на белым свеце. Яна дажыла да наўтбукаў, касмічных станцый, мабільных тэлефонаў, аўтаматычных пральных машын і электрачайнікаў. А радыё прайшло праз усё яе жыццё, практычна амаль не памяняўшыся, і цешыла маму да канца жыцця сваімі цікавымі і пазнавальнымі перадачамі, песнямі і музыкай.
     І мяне яно цешыць з самага дзяцінства. Я памятаю, як мне падабалася слухаць ранішнія дзіцячыя радыёпастаноўкі, дзе гучалі выдатныя зачаравальныя галасы акцёраў беларускіх тэатраў. У той час я яшчэ не разумела, наколькі складаная праца акцёра тэатра. Памятаю музыку тых гадоў. А тады часта ўключалі песні ў выкананні Бернэса, Казлоўскага, Лемешава, Аляксандраўскай, Шульжэнка. Часта гэта былі песні ваенных гадоў.
     Радыё так шмат значыла ў той час, таму што было самым хуткім і даступным акном у жыццё ўсёй нашай вялікай краіны. І зараз, праз шмат гадоў, яно сагравае маю душу і дапамагае жыць. Дзякуй табе, наша Беларускае радыё!
     
     Гэты ўспамін на рускай мове
15.11.10