Тры сонейкі ў двары - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Тры сонейкі ў двары
Тры сонейкі ў двары
Арцёмка рэдка гуляў у двары свайго шматпавярховага дома. Усё лета ён правёў на моры, гасцяваў у цёткі, татавай сястры. Але неяк нечакана прыйшла восень. Прыехаўшы дахаты, хлопчык хутка акунуўся ў вучобу. Яго чакалі новыя падручнікі за пяты клас і сустрэча са школьнымі сябрамі і настаўнікамі. Арцёмку, гэтак жа, як і ўсім школьнікам, трэба было зноў уцягвацца ў вучобу. Цяпер на адпачынак у яго заставалася зусім мала часу.      Знудзіўшыся за лета па камп’ютэрных гульнях, Арцёмка ўвесь вольны ад вучобы час стаў праседжваць дома. Свае ўрокі хлопчык рыхтаваў самастойна і, дарэчы, даволі хутка. Таму мама не магла забараніць яму любімы занятак. А бабуля перажывала, гледзячы на ўнука, які прыліп да экрана манітора. "Дзіця і так худзенькае, а гэты нездаровы лад жыцця зусім падарве яго здароўе", – думала яна. Але як жа адарваць унука ад камп’ютэра?
     – Артемка, схадзіў бы ты на двор, пагуляў трошкі, – не раз раіла яна хлопчыку.
     – Не, бабуля! Мне там не з кім гуляць. І што я буду рабіць адзін у двары?
     Аднойчы бабуля цвёрда вырашыла, што трэба ёй самой вывесці ўнука на прагулку. І старая схітравала:
     – Ведаеш, я бачыла, як ў нашым двары свецяцца залатым святлом не адно, а аж тры сонцы. Хочаш, я табе іх пакажу?
     – Бабуля! У нас у двары цяпер няма сонца. На небе – хмары.
     – Вось і не. Пойдзем, ты іх пабачыш.
     Заінтрыгаваны, Арцёмка на гэты раз не змог адмовіцца і пайшоў з бабуляй на прагулку. А ў двары – восеньская прыгажосць! Пад вокнамі дома стаяць, зачароўваючы ўсіх пышным залатым убраннем, клён, ясень і каштан.
     – Паглядзі! Гэта першае сонейка, – бабуля паказала на клён. – Гэта – другое, – яна далікатна пагладзіла ствол ясеня, які рос побач з акном іх кватэры. – А гэта – трэцяе, – бабуля паглядзела на каштан.
     Толькі цяпер унук звярнуў увагу на дрэвы ў двары. І сапраўды, яны былі вельмі прыгожыя ў яркіх сонечных уборах.
     – Бабуля! І хто ж іх робіць такімі прыгожымі? – усміхнуўся Арцёмка, хітра зірнуўшы на бабулю.
     – Я думаю, гэта восеньскае сонейка стараецца. Яно размалёўвае лістоту на дрэвах ў асляпляльна жоўты колер, – адклікнулася бабуля.
     Вядома ж, і яна, і ўнук, разумелі, што гэта не так. Аднак, у жыцці шмат загадкавага. І на свеце могуць адбывацца самыя неверагодныя казачныя падзеі.
     Любуючыся восеньскай прыгажосцю прыроды, бабуля і ўнук нават не заўважылі, як неба праяснілася, і ўсё наўкол асвяцілі чароўныя сонечныя прамяні.
     – Бачыш, унучак, на небе з'явілася сонейка! Яно вырашыла павітаць цябе, – ласкава прамовіла бабуля.
     – Прывітанне! – усміхнуўся хлопчык.
     У яго раптам узняўся настрой. І гэта адбылося не дома за камп’ютэрам, а ад злучэння з прыродай! Арцёмка з цікаўнасцю разглядаў дрэвы, кусты, кветкі, якія раслі ля яго дома, затым зірнуў у неба.
     – Глядзі, бабуля! Вунь самалёт ляціць! – унук паказаў на белую пухнатую дарожку ў небе. А ведаеш, я нават змагу табе сказаць, куды ён ляціць!
     Хлопчык паглядзеў на свой тэлефон, штосьці там набраў і ўпэўнена сказаў:
     – Гэты самалёт ляціць з Мюнхена ў Пекін.
     Але бабуля нават не здзівілася такім неверагодным спазнанням унука. Яна ўжо даўно прывыкла да таго, што ён даведваўся пра ўсе навінкі камп’ютэрных тэхналогій раней за сваіх бацькоў.
     Аднак сам Арцёмка зразумеў, што камп’ютэр – гэта адно, а пра рэальнае жыццё нельга забываць. І не заўважаць такую цудоўную восеньскую прыгажосць прыроды, праходзіць міма яе, апусціўшы вочы альбо ўткнуўшыся ў тэлефон, проста неразумна.
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.08.15