Восеньскі падарунак маме (чытае Ліка Пташук)
Надышла залатая восень. У парку ля ракі, кружачыся і пырхаючы нібы залатыя матылькі, з дрэў ападала лісце. Яркае сонейка афарбавала яго ў жоўтыя, аранжавыя, шакаладныя колеры. Лісце падала і падала, пакрываючы зямлю мяккім шапаткім дываном. Вясёлы ветрык падлятаў да апалага лісточка, падхопліваў яго за вострыя кончыкі і выносіў да ракі. Ветрыку падабалася кідаць залацістае восеньскае лісце ў цёмную ваду ракі. Такім чынам ён упрыгожваў яе. І рацэ вельмі падабалася гэтае яркае ўпрыгажэнне. Яна плёскалася ля берага і штосьці ўдзячна шаптала ветрыку.
Патрапіўшы ў незнаёмае становішча, лісточкі спачатку палохаліся, але потым разумелі, што па рацэ можна сплысці далёка-далёка, туды, дзе яны яшчэ ніколі не былі. Плынь ракі падхоплівала восеньскае лісце, і яно сплывала ўдалячынь на цікавую экскурсію. Кляновыя, дубовыя, таполевыя лісточкі ператвараліся ў малюсенькія лодачкі, на якія з задавальненнем усаджваліся маленькія вандроўнікі: мошкі, жучкі, матылькі, пчолкі.Вось у такі чароўны, яркі і вясёлы восеньскі дзянёк у парк каля ракі прыйшлі дзеці разам са сваёй выхавальніцай Ганнай Іванаўнай. Гэта былі малышы з дзіцячага садка №1 (нумар адзін). Іх дзіцячы садок стаяў на высокім беразе ракі. Праз вокны садка дзеці заўсёды разглядалі парк. А сёння ў такі сонечны дзень восеньскі парк ім здаваўся незвычайна прыгожым!
Дзяўчынка Каця, паглядзеўшы ў акно, гучна абвясціла ўсім:
– А я ведаю, заўтра свята – Дзень Маці. Пра гэта мне казаў мой брат Паўлік. Ён ходзіць у школу і ўсё ведае. Я падумала: калі б мы пайшлі ў парк, дык можна было б сабраць для нашых мам прыгожы букет з залацістых лісточкаў.
– Малайчына, Кацюша. Ты ўсё вельмі добра прыдумала, – падтрымала дзяўчынку Ганна Іванаўна. – Дзеці! Пойдзем у парк па букеты для матуль? – прапанавала яна, гледзячы на малышоў.
– Так, пойдзем. Ура! Мы пойдзем у парк! – радасна адклікнуліся дзеці.
– Тады зараз жа ўсім апрануцца! – сказала выхавальніца.
Праз некаторы час малышы ўжо гулялі ў парку і атрымлівалі асалоду ад яго казачнай прыгажосці. Сонейка асвятляла алеі, а дзеці адшуквалі на зямлі самыя прыгожыя ярка-жоўтыя, барвовыя, шакаладныя лісточкі клёна, дуба, ясеня, бярозкі, а затым складалі з іх цудоўныя букеты для сваіх мам.
Маладыя галчаняты, седзячы на галінках дрэў, з цікавасцю назіралі за дзецьмі.
– І што гэта яны робяць? Навошта ім гэтае лісце? – пыталіся птушкі адна ў адной.
– Чаму навошта? – каркнула старая сівая Варона. – Заўтра яны падораць гэтыя восеньскія букеты сваім мамам на свята – Дзень Маці.
Галчаняты пераглянуліся. Напэўна, кожнае галчаня ў гэты момант падумала пра сваю маму-галку. Яе яно таксама жадала б павіншаваць, бо мама падарыла галчаняці жыццё!
Неўзабаве ў дзюбках галчанят ужо красаваліся яркія восеньскія лісточкі. Птушкі ўхітраліся падхапіць з зямлі не адзін, а адразу некалькі прыгожых лісточкаў, каб атрымаўся букет, падобны на тыя, што выносілі з парку дзеці для сваіх мам.
Старыя мудрыя клёны і таполі, бярозкі і рабіны, ясені і дубы з вышыні назіралі за тым, што адбывалася ў іх родным парку. Яны ціхенька шапацелі, паказваючы галінкамі на малышоў, якія ішлі па алеі з раскошнымі восеньскімі букетамі ў руках, і на галчанят, якія імчаліся ўдалячынь з ярка-жоўтымі лісточкамі ў дзюбках:
– Як добра, што Восень размалявала ўсю лістоту ў парку ў цудоўныя залацістыя колеры! А нашы госці змаглі сабраць з восеньскіх лісточкаў прыгожыя букеты, каб парадаваць імі сваіх мам у цудоўны святочны дзень!
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
28.08.15