Бабуля Мартышка і Новы год
У афрыканскіх джунглях* вельмі цёпла, і ніколі не выпадае снег. Тут растуць высокія, амаль да самага неба, пальмы, фікусы, бананавыя і кававыя дрэвы.
Вось у такіх густых лясных зарасніках, поруч высокай какосавай пальмы, стаяла маленькая хатка са сценамі з бамбука, з дахам з папараці, уся упрыгожаная далікатнымі кветкамі архідэі. І жыла ў гэтай хатцы бабуля Мартышка.Яе маленькі панадворак быў абгароджаны бамбукавым плотам, апавітым вечназялёнымі ліянамі*. У бабуліным двары кожны дзень збіралася шмат маленькіх мартышачак, яе ўнукаў і ўнучак. Маляняты прыходзілі ў госці да сваёй бабулі, каб паслухаць казкі. Колькі іх ведала бабуля, ніхто не мог злічыць. Ніхто нават не здагадваўся, як многа розных казачных гісторый змяшчалася ў старэнькай галаве бабулі Мартышкі! Апрача таго яе казкі заўсёды былі вельмі цікавыя.
Нават разумныя і важныя рознакаляровыя папугаі заслухоўваліся бабулінымі аповедамі, усеўшыся вакол хаткі на галінах высокіх дрэў. Часам па вечарах да хаткі паціху падляталі палахлівыя кажаны, яны таксама вельмі любілі слухаць казкі.
Маляня Жырафік з суседняй саваны* кожны дзень прыбягаў сюды. Ён знарок шпацыраваў побач з хаткай Мартышкі, спадзяючыся пачуць новую цікавую казку. Яго галава на доўгай шыйцы ўзнімалася вышэй бамбукавага плота, за які сарамлівы Жырафік стараўся не заходзіць. Яму і так усё было добра відаць і чуваць.
Да вечара Мартышчын двор напаўняўся малымі. Прыходзілі ружовае Сланяня разам з паласатай Зебраняці, рыжы Тыграня з жоўтым Ільвянём, нават маленькі зялёны Кракадзільчык прыпаўзаў. І тады бабуля Мартышка ўсаджвалася ў любімае крэсла-качалку, брала ў рукі вязанне і пачынала свой аповед. А ў двары адразу ўсё суціхала. Звераняты, разявіўшы раты і растапырыўшы вушкі, уважліва слухалі новую казку.
І вось аднойчы самая маленькая мартышачка Парашка, прыбегшы да бабулі раней за ўсіх, убачыла, як тая дастае з камоды нейкую незразумелую цацку і з пяшчотай глядзіць на яе, нібы малое дзіцё.
– Хто гэта? – спытала ўнучка.
– Медзведзяня Татошка! – адказала бабуля. – Шмат гадоў таму назад, калі я была такой жа маленькай, як ты цяпер, яго падарыў мне адзін дзядзька. Гэта быў вандроўнік. Ён распавёў, што такія мядзведзі, толькі сапраўдныя, вялікія, водзяцца ў паўночных лясах нашай планеты. Кожны год на Поўнач прыходзіць халодная зіма, выпадае многа снега, а зямлю скоўвае мароз. Вандроўнік казаў, што ўзімку ў тых месцах сустракаюць Новы год. Гэта такое свята, якое вельмі любяць маляняты. Да Новага года людзі ў гарадах і вёсках, нават звяры ў лесе прыбіраюць Ёлку, а Дзед Мароз дорыць дзецям жаданыя падарункі.
– А чаму мы ў джунглях не сустракаем Новы год? – спытала Парашка. – Можа, таму, што ў нас не бывае марозу і снега?
– Не ведаю, – бабуля паклала медзведзяня назад у сваю камоду і паглядзела на ўнучку. – Калі вы, мае дарагія ўнукі, захочаце, то і мы ўладкуем сабе такое свята. Вось толькі трэба даведацца, у які дзень і ў якую гадзіну сустракаюць Новы год.
– Мы захочам арганізаваць такое свята, вядома ж, захочам! Абавязкова захочам! – Парашка сцвярджальна заківала сваёй галоўкай.
Малая выскачыла з бабулінай хаткі і падбегла да зверанятаў, якія ўжо пазбіраліся ў двары, каб распавесці ім пра Новы год.
– А дзе ж мы возьмем Ёлку? Яна ж у нашым лесе не расце! – бабуля Мартышка развяла рукамі.
Але ў малянят-зверанят ужо загарэліся вочкі. Яны зашумелі, забегалі, заскакалі ад радасці.
– Мы прыбяром нашу какосавую Пальму! – сказала Парашка, паказваючы на высокае старое дрэва, якое расло ў двары.
– Так, так, так! Мы яе прыбяром! – крычалі ўсе. – У нас шмат яркіх кветак і бліскучых ліян. А яшчэ на галінкі можна павесіць жоўтыя бананы і цытрыны!
Неверагодна вясёлыя і радасныя галасы звяркоў узняліся высока ў неба. І іх пачула маленькая нябесная Зорачка. Яна спускалася ўніз, каб трохі адпачыць да ночы на верхавіне самай высокай пальмы.
Пачуўшы, што шум даносіцца з двара бабулі Мартышкі, Зорачка ўсё зразумела. І яна падумала: "Хутка Новы год. На Поўначы маляняты разам з бацькамі ўжо прыбралі навагоднія Ёлкі. А я дапамагу малянятам джунгляў і падару іх навагодняй Пальме бліскучы серабрысты дожджык са сваіх праменьчыкаў". Зорачка спусцілася ўніз і асвятліла Пальму. І ў тое ж імгненне дрэва заблішчэла, быццам прынцэса ў чароўнай казцы!
– Хтосьці падарыў нашай Пальме яркія агеньчыкі! – усклікнулі маляняты-звераняты.
– Вунь тая Зорачка іх падарыла, – растлумачыў малады Жыраф. Яму з вышыні такога вялікага росту было не цяжка ўсё разгледзець.
– Дзякуй, добрая Зорачка! – крыкнулі маляняты. – Скажы, ці хутка да нас у джунглі прыйдзе Новы год?
– Вельмі хутка, – адказала нябесная Зорка. – Ён будзе тут заўтра ў поўначы. Чакайце яго. Новы год хутка пралятае па небе. Паспрабуйце ўбачыць яго і загадаць свае запаветныя жаданні.
– Вось як! – усклікнула бабуля Мартышка. Яна ўважліва слухала Зорачку і ўсё зразумела. – Дзеці! Мы павінны падрыхтавацца да сустрэчы з Новым годам! Заўтра ўвечар пазбіраемся каля нашай Пальмы, будзем глядзець у неба і чакаць Новы год. Усім вам трэба прыдумаць свае запаветныя жаданні. Калі вы загадаеце іх у тое імгненне, калі па небе праляціць Новы год, то вашы жаданні абавязкова выканаюцца. Гэтае імгненне чароўнае!
– Ура! Мы ўбачым сапраўдны Новы год! – маляняты-звераняты бегалі і скакалі вакол навагодняй Пальмы, прыдумляючы запаветныя жаданні.
Зараз ім не трэба было прасіць бабулю Мартышку распавесці новую казку. Чароўная казка сама прыйшла да іх у госці. І гэта быў самы сапраўдны Цуд!
Нябесная Зорачка, перад адлётам на неба, папярэдзіла бабулю Мартышку:
– Калі заўтра ўвечар з усходняга боку неба вы ўбачыце яркае свячэнне, то ведайце, што вось-вось на небе з'явіцца Новы год у сваёй чароўнай калясніцы.
На наступны дзень, позна ўвечар, маляняты-звераняты сабраліся ў бабуліным двары сустракаць Новы год. Яны ўтаропілі свае вочкі ў неба. У поўнай цемры толькі па-навагодняму ўпрыгожаная Пальма свяцілася, быццам агеньчык, сярод неабсяжнага трапічнага лесу. Вядома ж, чараўнік, Новы год, не мог не заўважыць яркае святло сярод цёмнага лесу. Ён нават пачуў звонкія галасы малянят! Звераняты крычалі так гучна, што Новы год разабраў усе словы:
– Прывітанне, Новы год! Мы цябе чакалі і загадалі запаветныя жаданні. Яны споўняцца?
– Вядома, споўняцца! – Новы год адразу ж зразумеў, пра што просяць маляняты. Побач з ім у чароўнай калясніцы не было Дзядулі Мароза. Тут, у паўднёвым краі, вельмі цёпла. І Мароз, гэтак жа як і Снягурка, сюды не паляцяць. Але ж падарункі дзецям трэба падарыць абавязкова!
Новы год хутка прывязаў да парашута вялікі мяшок з падарункамі і адправіў яго ўніз, да малянятаў-зверанятаў. А чараўніцтва навагодняй ночы расклала іх вакол Пальмы ў бліскучыя скрыначкі так, каб кожнае маляня ўзяло менавіта свой падарунак. Там былі мячы, скакалкі і абручы, нават ровар атрымаў хтосьці з малянят. Кракадзільчыку дасталася гумовая шапачка і акуляры для плавання, а Жырафіку – сонцаахоўныя акуляры, бо яго вочкі вельмі стамляюцца ад сонечных прамянёў.
Але дзеці не адразу заўважылі свае падарункі. Яны глядзелі на неба і сачылі за тым, як Новы год у чароўнай калясніцы імкліва ляціць далей на Захад.
Знаёмая Зорачка назірала за малянятамі з неба. І тады ўсе пачулі яе голас:
– З Новым годам, сябры, жыхары афрыканскіх джунгляў! Шчасця і радасці вам у Новым годзе!
– Ура! З Новым годам! – крычалі маляняты.
Столькі чараўніцтва яшчэ ніколі не было ў іх жыцці. Яны абкружылі навагоднюю Пальму, разбіраючы падарункі. Цэлую ноч разам з малянятамі цешыліся прыходу Новага года іх бацькі, дарослыя зверы. Звераняты вадзілі карагоды вакол Пальмы, танчылі і спявалі.
А бабуля Мартышка, трохі стаміўшыся ад такой незвычайнай весялосці, сядзела ў любімым крэсле, назіраючы за ўсімі. Яна зноў дастала сваю старую цацку з камоды і, прыціснуўшы яе да сябе, цешылася, быццам маленькая дзяўчынка. Для яе гэтае карычневае медзведзянятка здавалася самым лепшым, самым чароўным падарункам!
p.s. * джунглі – трапічны вечназялёны лес, ліяна – павойныя расліны (павоі, вінаград, плюшч і г.д.), савана – зямля, дзе шмат травы і мала дрэў, яна падобная на стэп.
Гэтая казка на рускай мове
22.08.15