Казачныя цацкі дзіцячага садка (альбо Чорны Крумкач – Чараўнік!) (чытае Ліка Пташук)
Аднойчы ў двары дзіцячага садка, які знаходзіўся ў цэнтры вялікага горада, пасяліліся тры сябры: ярка-чырвоны Аўтамабіль, марскі Караблік і маленькі Церамок.
Усе яны былі драўляныя, калісьці зробленыя добрым чалавекам, можна сказаць, Чараўніком. Малышы адразу ж палюбілі казачных сяброў і па чарзе гулялі з імі ў розныя гульні. У іхніх гульнях хтосьці станавіўся капітанам казачнага Карабліка, хтосьці – вадзіцелем казачнага Аўтамабіля, а хтосьці – гаспадаром казачнага Церамка.І адбываўся цуд! Як толькі дзіця залазіла ў Церамок, у Аўтамабіль ці на Караблік, драўляная цацка ў адзін момант станавілася сапраўднай! Драўляны Караблік ператвараўся ў вялікі марскі Карабель, які плыў па велізарным сінім моры. Драўляны Аўтамабіль нейкім чынам таксама ператвараўся ў сапраўдны! Яго матор гудзеў, шыбы вокнаў блішчэлі, а ярка-чырвоны дах і дзверцы станавіліся падобнымі на люстэркі. І Церамок ажываў, хаця ён не ўмеў плаваць па морах і ездзіць па дарогах. У казачным Церамку станавілася вельмі цёпла і ўтульна, бо ў ім ў гэты момант знаходзіліся дзеці. Малышам было вельмі цікава гуляць у такім прыгожым чароўным Церамку!
Драўляныя цацкі палюбілі маленькіх дзяцей. Яны заўсёды з нецярпеннем чакалі, калі малышы выйдуць з дзвярэй дзіцячага садка ў двор, каб пагуляць у казачныя гульні.
Аднак хутка ўсё змянілася, бо надышло гарачае лета. Аднойчы да варот дзіцячага садка пад'ехаў вялікі аўтобус. Дзеці і выхавальніцы ўселіся на мяккія аўтобусныя сядзенні, і аўтобус павёз іх у лясны Дзіцячы дом адпачынаку.
З таго дня гарадскі дзіцячы садзік апусцеў. Стары дворнік прыходзіў, каб толькі паліць клумбы з кветкамі і падмесці дарожкі. На варотах садка з'явіўся вялікі замок. Ніхто не падыходзіў да драўляных цацак і не гуляў з імі ў казачныя гульні.
Сумна стала Церамку, Карабліку і Аўтамабілю.
– Я знудзіўся без гэтых няўрымслівых дзетак, – жаліўся Церамок. – Ніхто не выглядвае з майго акенца, ніхто не спявае песні, седзячы на маёй лавачцы. Ніхто не збягае па маіх прыступках уніз і не залазіць наверх. Я стаў пусты і няўтульны.
– І мне сумна, – казаў Караблік, і яго нос схіляўся ўніз. – Ніхто не плыве са мной па сінім моры.
– А я наогул, здаецца, саржавеў, таму што ніяк не магу завесціся, – паскрыпваў коламі Аўтамабіль. – Напэўна, мой матор трэба змазаць. Толькі цяпер гэта няма каму зрабіць.
– Чаго вы ўсе так расхваляваліся! – гучна крыкнуў хтосьці, седзячы наверсе высокай Ёлкі, якая расла пасярод дзетсадаўскага двара.
Перад Новым годам гэта Ёлка заўсёды ператваралася ў сапраўдную Прынцэсу у бліскучых гірляндах з рознакаляровых лямпачак і з перламутравай Зорачкай на верхавіне. А цяпер на ёй сядзела вялікая чорная птушка і з цікаўнасцю назірала за драўлянымі цацкамі.
– Чароўны чорны Крумкач! Адкуль ты даведаўся пра нас? – здзівіліся казачныя цацкі.
– Ад дзяцей. Я даведаўся пра вас ад дзяцей! – паўтарыў Крумкач. – Мой дом ў лесе, а там цяпер пасяліліся дзеці. Яны такія вясёлыя і гарэзлівыя! А мне хочацца дапамагчы ім стаць яшчэ больш шчаслівейшымі. Я ведаю, што дзеці нудзяцца без вас, сваіх драўляных сяброў! Я ж валодаю чароўным дарам, таму змагу дапамагчы дзеткам. Варта мне прамовіць тры магічныя словы, і вы апынецеся там, у лесе, разам з дзецьмі. Але ці захочаце вы патрапіць туды? – спытаў Крумкач у казачных сяброў.
– Захочам! Мы змаркоціліся без нашых малышоў! – узрадаваліся драўляныя цацкі.
– Калі так, тады прыгатуйцеся да сустрэчы! – крыкнуў чорны Крумкач і прамовіў тры чароўныя словы.
У той жа момант Аўтамабіль, Караблік і Церамок апынуліся ў цудоўным зялёным лесе, дзе спявалі птушкі, цвыркалі конікі, пырхалі матылькі, пахла ігліцай і лясной травой. Самае галоўнае, што побач з драўлянымі цацкамі смяяліся і крычалі ад радасці дзеці! Яны пазналі свае цацкі з двара гарадскога дзіцячага садка. Дзеці неверагодна здзівіліся, убачыўшы любімыя цацкі тут, у лесе. Падскокваючы ад радасці і пляскаючы ў ладкі, яны пабеглі насустрач сваім сябрам.
Усё лета ў лясным Дзіцячым доме адпачынку дзеці, выхавальнікі і казачныя цацкі жылі, нібыта гэта была адна дружная сям'я. Лета ў лесе яны правялі весела і цікава. Чорны Крумкач часта прылятаў да іх у госці. Ён любіў дзяцей. Яму было цікава паназіраць за імі, за іх вясёлымі гульнямі. Крумкач быў шчаслівы, што змог дапамагчы малышам. Аднак ён разумеў, што ўвосень стане холадна, і дзеці пакінуць лясны Дзіцячы дом адпачынку. Яны вернуцца ў свой гарадскі дзіцячы садзік. Туды ўслед за дзецьмі павінны будуць вярнуцца іх любімыя драўляныя цацкі - Церамок, Аўтамабіль і Караблік.
Крумкач ведаў, як гэта зрабіць, ён не забыў чароўныя словы. І калі дзеці паехалі дахаты, чароўная птушка прамовіла тры магічныя словы. У адно імгненне драўляныя цацкі апынуліся на сваім старым месцы ў двары дзіцячага садзіка!
А Крумкач застаўся адзін у лесе. Без вясёлых дзіцячых галасоў ён хутка засумаваў, таму і вырашыў наведаць малышоў у горадзе…
Прахалоднай восеньскай раніцай, прыбіраючы з дарожак залатое лісце ў двары дзіцячага садзіка, дворнік заўважыў ляснога Крумкача, які прымасціўся на галінцы каштана. Птушка з цікаўнасцю зазірала ў запаленыя вокны пакоя, дзе гулялі дзеці.
"Што ён там выглядвае? – разважаў дворнік. – Няўжо Крумкач любіць дзяцей?"
Дворнік не памыліўся. Чорны Крумкач ужо не мог жыць без малышоў. Ён стаў часта завітваць да іх у госці. Неўзабаве дзеці заўважылі свайго ляснога сябра.
"Трэба даведацца ад дзяцей, чым я яшчэ змагу дапамагчы ім, што змагу зрабіць дзеля іх, каб яны сталі шчаслівейшымі?" – меркаваў Крумкач, і ў яго чорных вачах з'яўляліся вясёлыя гарэзлівыя агеньчыкі...
А як вы думаеце, мае маленькія чытачы? Што яшчэ чорны Крумкач зможа зрабіць добрага і карыснага для дзяцей, ці дапамогуць яму ў гэтым магічныя словы?
p.s. На фота аўтара казкі двор дзіцячага садка №20 г. Мінска
Гэтая казка на рускай мове
12.08.15